Logo Polskiego Radia
Print

З тоўстых дзяцей вырастаюць як правіла тоўстыя дарослыя

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.06.2017 16:08
Як не дапусьціць да празьмерных кіляграмаў у дзяцей, і як заахвоціць іх здорава харчавацца.
фото: pixabay.com

Здавалася б, што мы жывем у часы, калі вельмі проста сачыць за фігурай і правільнай вагай. Рынак папануе нам вялізную колькасьць фітнэс-клюбаў, дыетычных страў, спартыўных заняткаў. Аднак статыстыкі паказваюць, што далёка ня ўсе жадаюць карыстацца гэтым дабрадзействам. Каля 30% польскіх васьмігадовых дзяцей мае празьмерную вагу, а сярод дарослых сытуацыя яшчэ горшая – 60% мужчын і амаль палова жанчын павінны пахудзець.

Відаць, веды ў нас толькі тэарэтычныя, людзям не хапае сілы волі і рашучасьці, каб уводзіць іх у практыку. Сапраўды, існуе мода на прыгожае цела і фігуру, але толькі нешматлікія адзінкі маюць сілу волі, каб ісьці ў нагу з гэтай модай. Найгоршае тое, што самыя малодшыя – дзеці – харчуюцца дрэнна, а бацькі часта ня маюць сілы і жаданьня, каб змагацца з гэтай праблемай.

Нядаўна мы казалі, якім чынам найлепш узяцца за пахудзеньне, як гэта рабіць. А сёньня паразважаем, як агулам не дапусьціць да празьмерных кіляграмаў у дзяцей, і як заахвоціць іх здорава харчавацца.

Кажуць, што худоба папулярная цяпер усюды, але толькі не ў дзіцячым пакоі. Бацькі вельмі ня любяць, калі іх дзіця худое, асабліва старэйшае пакаленьне імкнецца да таго, каб дзеці былі поўненькімі і выглядалі «здорава» – з румянымі, пухленькімі шчочкамі, ручкамі і ножкамі. А лекары кажуць, што з большасьці тоўстых дзяцей вырастаюць тоўстыя дарослыя. Бацькі павінны больш клапаціцца, каб не дапусьціць да атлусьценьня ў дзяцей, – гаворыць дыетоляг Малгажата Крукоўска.

М. Крукоўска: Няма клопату пра тое, каб гэтай праблемы не было, патрэбныя адпаведныя прафіляктычныя дзеяньні. Трэба сказаць, што часьцей за ўсё гэта віна бацькоў. Дзіця паступае так, як ягоныя бацькі. Калі ў доме няма прывычкі есьці садавіну, не выходзіць раніцай бяз сьнеданьня, няма правіла рэгулярнага харчаваньня, то дзіця само да гэтага ня дойдзе. Вельмі дрэнна, што бацькі ня бачаць сувязі паміж тым, што дзеці дрэнна харчуюцца, мала рухаюцца, і празьмернай вагай. Бацькі самі сябе супакойваюць – маўляў, вырасьце, то пахудзее, праблема зьнікне пасьля пераходнага ўзросту і г.д. А статыстыка паказвае, што каля 80% тоўстых дзяцей будзе тоўстымі дарослымі.

Многія дарослыя робяць памылку, калі кажуць: зьеш абед, тады атрымаеш салодкае, або супакойваюць дзіця цукеркай ці ледзяшом. Салодкія рэчы не павінны быць таксама ўзнагародай за добрыя паводзіны або адзнакі ў школе.

М. Крукоўска: Ласункі заўсёды былі і будуць. Толькі трэба навучыць дзіця, што салодкае бывае на стале не штодзённа, што гэта не ўзнагарода, каб цукеркі не былі для дзіцяці чымсьці вельмі важным. Можна ўвесьці правіла, што салодкае дзеці атрымліваюць толькі ў выходныя. Калі яны прывыкнуць, што ласункі ня трэба есьці кожны дзень, то гэтая прывычка павінна ім застацца ў дарослым жыцьці. А самае важнае – навучыць дзіця, што салодкае не зьяўляецца галоўнай стравай. Нельга, напрыклад, даваць ласункі на другое сьнеданьне ў школу. Інакш дзеці прывыкнуць, што замест бутэрброда, асабліва з цёмнага хлеба, можна зьесьці салодкую булку або батончык.

Калі лекар вырашыць, што дзіця павінна скінуць крыху кіляграмаў, то зьмены ў стылі харчаваньня павінна ўвесьці ўся сям’я. Ня можа быць так, што дзіця атрымлівае дыетычныя стравы, а бацькі ці брат, сястра ядуць што хочуць. Дарэчы, у выпадку дзяцей нельга казаць пра клясычную дыету, – адзначае дыетоляг.

М. Крукоўска: Дзецям нельга ўводзіць вельмі нізкакалярыйных дыет, харчаваньне павінна быць рацыянальным. Гэта па-першае, а па-другое, калі дзіця павінна пахудзець, то ўся сям’я ўводзіць зьмены ў сваім харчаваньні. І чым хутчэй, тым лепш, каб дрэнныя навыкі не сталі прывычкай, якую цяжка зьмяніць. Канешне, худзець можна ў кожным узросьце, у мяне нават была нядаўна пацыентка, якой 80 гадоў, і яна хоча пахудзець. Тым ня менш, калі хтосьці 50 гадоў харчуецца дрэнна, то цяжка гэта зьмяніць. Так што чым раней мы заўважым, што гэтая праблема існуе, і што дзіця павінна крыху пахудзець, тым лепш.

Статыстыка паказвае, што асобы мужчынскага полу – як дарослыя, так і дзеці, часьцей пакутуюць ад атлусьценьня. Мужчыны агулам менш зьвяртаюць увагу на тое, што яны ядуць. Але, што цікава, мужчынам прасьцей пахудзець. Гэта вынік як іншай фізіялёгіі іх арганізму, так і падыходу да дыеты, якой яны трымаюцца больш старанна, чым жанчыны.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт