У мінулыя 7 дзён беларускі ўрад заявіў пра рэанімацыю праекта па стварэньні сумесных холдынгаў з расейскімі карпарацыямі, кіраўнік Беларусі падпісаў указ пра стварэньне беларускага «вялікага брата», а сваю пасаду пакінуў чарговы чыноўнік-прыхільнік рынкавых рэформаў і прыцягненьня заходніх інвэстыцыяў. Ці беларускія ўлады адмаўляюцца ад ідэі разьняволіць гаспадарку, а крызыс спадзяюцца перамагчы пры дапамозе «закручваньня гаек» і фінансаў з Масквы? За кім будзе назіраць цэнтралізаваная сыстэма відэаманіторынгу? Гэтыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко і экспэрт Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.
Менскі завод колавых цягачоў расейцам цікавы, МАЗ – не
Менск вяртаецца да трох інтэграцыйных праектаў у галіне нафтахіміі ды машынабудаваньня, якія абмяркоўваліся з Расеяй у 2011-2014 гадах. Пра гэта 24 траўня паведаміў віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка. Якія вынікі будзе мець уключэньне МАЗа, МЗКЦ ці «Нафтана» ў расейскія бізнэс-структуры? Чым скончацца цяперашнія перамовы?
Рыгор Астапеня: Шчыра кажучы, цяжка параўноўваць магчымыя вынікі ўсіх трох праектаў. Напрыклад, у «Нафтана», а перадусім у МЗКЦ усё выглядае даволі добра. Яны маюць запатрабаваныя ў Расіі тавары ды і ў прынцыпе нармалёва працуюць з расейскімі кліентамі. А ў выпадку МАЗа справа выглядае сумна. Ён няўхільна губляе сваю долю на расейскім рынку, бо шмат каму мы там сталі непатрэбныя, проста прайгралі канкурэнцыю. І які тады сэнс расейцам некуды інтэграваць МАЗ? Здаецца, што ніякага.
«Вялікі брат» будзе сачыць за ўсімі – і за іншадумцамі таксама
25 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ пра стварэньне цэнтралізаванай сыстэмы відэаназіраньня за грамадзкай бясьпекай. За кім яна будзе назіраць? Ці можа быць выкарыстаная, каб перасьледаваць удзельнікаў палітычных ці сацыяльных пратэстаў?
Рыгор Астапеня: Назіраць яна будзе за ўсімі. У прынцыпе, гэтая ідэя не ўзялася з ніадкуль, бо ў многіх заходніх сталіцах існуюць падобныя сыстэмы відэаназіраньня. Аднак, іх істотна адрозьнівае ад Беларусі тое, што ў гэтых краінах ёсьць дэмакратычны кантроль за ворганамі, якія кіруюць працай такіх сыстэмаў. Гэта зьмяншае магчымасьці злоўжываньня. У нас жа такога кантролю няма. Таму даволі лягічна, што сыстэма відэаназіраньня паслужыць перасьледу ўдзельнікаў пратэстаў. І гэта не з’яўляецца нечым дзіўным, зважаючы, што рэжым успрымае шмат каго з апазыцыянэраў «адмарозкамі» ці «пятай калёнай».
Рэфарматарам тут ня месца
29 траўня ў адстаўку «па асабістых прычынах» сышла дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвэстыцыяў і прыватызацыі Натальля Нікандрава. Сваю пасаду пакінула чарговая знакавая асоба, якая лічылася моцным прыхільнікам рынкавых рэформаў. Год таму ў адстаўку сышоў дарадца Лукашэнкі Кірыл Руды. Ці з адстаўкай Нікандравай урад перастане змагацца за замежныя інвэстыцыі ды пачне «закручваць гайкі» ў эканоміцы?
Рыгор Астапеня: Праблема ў тым, што беларускі ўрад, па вялікім рахунку, ніколі й не змагаўся за замежныя інвэстыцыі. То бок, нейкія дамоўленасьці з тымі ці іншымі інвэстарамі былі й будуць. Але няма сыстэмнай працы па стварэньні ўмоваў для бізнэсу й гарантаваньню вяршэнства закону ў эканоміцы. Я думаю, што сыход спадарыні Нікандравай зьяўляецца наступствам гэтай праблемы. Усім людзям, якія маюць рэфарматарскія погляды ўнутры сыстэмы, цяжка сябе рэалізаваць, калі само слова «рэформы» пакуль успрымаецца кіраўніком краіны ледзьве не як лаянка.
Шэнгенскі мур хутка стане ніжэйшым
Біямэтрычныя пашпарты беларусам пачнуць выдаваць ужо праз паўтара года. Гэта дазволіць грамадзянам хутчэй праходзіць кантроль на мяжы, а таксама адчыніць дзьверы да спрашчэньня візавага рэжыму з Эўразьвязам. Пра гэта 30 траўня заявіў начальнік дэпартамэнту па грамадзянстве й міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун. Ён лічыць, што перамовы аб зьніжэньні коштаў шэнгенскіх візаў будуць завершаныя да канца гэтага году. З 1 студзеня 2019 году беларусы нарэшце будуць плаціць за Шэнген не 60, а 35 эўра і змогуць часьцей падарожнічаць на Захад?
Рыгор Астапеня: Я думаю, што гэта вельмі праўдападобна. Па-першае, бакі ўжо даволі доўга і досыць адказна вядуць перамовы, таму наўрад ці сёньня ці заўтра ўзьнікнуць нейкія бюракратычныя бар’еры, якія не дазволяць спрасьціць беларусам падарожжы ў краіны Шэнгену. Па-другое, нават калі паміж Беларусьсю й Захадам узьнікне нейкі палітычны канфлікт, то, у прынцыпе, бакі змогуць працягнуць працэс візавай лібэралізацыі, не зважаючы на яго. Эўразьвяз успрымае спрашчэньне візавых працэдураў як інструмэнт падтрымкі беларускага грамадзтва, а для беларускіх уладаў візавае пытаньне зьяўляецца малапалітызаванай формай кантактаў. Нават сёньняшняе пацяпленьне ў стасунках з Эўразьвязам, калі вы памятаеце, пачалося ў 2013 годзе акурат з таго, што міністар Макей заявіў пра пачатак перамоваў па спрашчэньні візавых працэдураў.
Размаўляў Аляксандар Папко