Logo Polskiego Radia
Print

76 гадоў таму пачаўся апошні этап дэпартацыі ў СССР з польскіх земляў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.05.2017 13:44
Гісторыкі падлічылі, што агулам дэпартацыя закранула як мінімум 800 тыс. чалавек.
Дошка ў памяць аб дэпартаваных у Сыбір (знаходзіцца ва Ўроцлаве)Дошка ў памяць аб дэпартаваных у Сыбір (знаходзіцца ва Ўроцлаве)Wikipedia/Poznaniak1975

76 гадоў таму, ноччу з 21 на 22 траўня 1941 году, пачаўся чацьвёрты этап дэпартацыі польскіх грамадзян у Савецкі Саюз. Гэта была апошняя ссылка палякаў на ўсход у часы Другой сусьветнай вайны. З тэрыторыі Рэчы Паспалітай было вывезена каля 30 тыс. чалавек. Ссыльных вывозілі ў Алтайскі і Краснадарскі край, Казахскую ССР, Навасібірскую вобласьць.

Кім былі ссыльныя? У асноўным інтэлігенцыя, а таксама сем’і чыгуначных работнікаў, сваякі людзей, арыштаваных НКУС у пэрыяд другога году акупацыі. У 1940-41 гг. савецкія ўлады правялі чатыры вялікія акцыі перасяленьня жыхароў усходняй часткі Польшчы. Па дадзеных НКУС, агулам было саслана 320 тыс. асоб. У сваю чаргу гісторыкі падлічылі, што дэпартацыя закранула як мінімум 800 тыс. чалавек.

Пад канец 50-ых гадоў генэрал Уладзіслаў Андэрс заклікаў правесьці сьледзтва, што сталася з сотнямі тысяч палякаў, дэпартаваных падчас вайны.

У. Андэрс: З паўтарамільённай масы людзей, вывезеных з Польшчы ў СССР, мы ведаем толькі пра невялікую частку тых, каму ўдалося выехаць за межы Савецкага Саюзу. У такім выпадку дзе астатнія, калі нам цяпер кажуць, што большасьць вярнулася? Ці такім чынам Масква намерана пасярэднім чынам пацьвердзіць, што сотні тысяч загінулі ад рукі саветаў?

Многія ссыльныя не вярнуліся на Радзіму, яны загінулі ад жорсткіх маразоў, голаду, ад непасільнай працы. Станіслаў Блажэвец з Ольштына ўспамінаў, што яго бацькі былі сялянамі, у іх была ўласная гаспадарка пад Вільняй. Пасьля ссылкі ў Сыбір ім прыходзілася выконваць розныя працы.

С. Блажэвец: Мы ехалі амаль месяц у вагонах для быдла. Нас прывезьлі ў лягер у Сыбіры. У гэты лягер прыязджалі гэтак званыя купцы й выбіралі сабе працаўнікоў. Калі былі маладыя, здаровыя й дужыя, то бралі іх працаваць у шахту, а слабейшых бралі ў калгас.

Аўтарка ініцыятывы заснаваньня Зьвязу сыбіракоў у польскай мясцовасьці Піла Гэлена Барташэўска згадвае, што ёй было 12 гадоў, калі яе сям’я была сасланая ў Сыбір.

Г. Барташэўска: Навасыбірская вобласьць. Мы былі ў лягеры. НКУС нас пільнавала днём і ноччу. З працы вярталіся вечарам, паколькі працавалі ў тайзе. Калі маліліся нанач, ахоўнікі зьдзекаваліся: «Паедзеце ў Магілёўскую губэрню. Там скончыцца ваша жыцьцё». Цяжка нават апісаць, як цяжка было жыць. Мы вярнуліся дадому праз 6 гадоў, у красавіку ’46 году.

Людзі, якія перажылі пекла дэпартацый, да канца жыцьця ўспаміналі тыя страшныя падзеі. Ян Бэліна са Зьвязу сыбіракоў адзначае, што ніякія словы ня ў стане апісаць іх роспачы і трагічных падзей.

Я. Бэліна: Было каля 40 дзяцей. Амаль усе памерлі, вельмі мала засталося ў жывых. Была дызэнтэрыя, дзеці шукалі ежу, елі што папала. Мой малы брат выжыў. Я працаваў, пасьвіў коней, лавіў рыбу. За злоўленую рыбу калгасьнікі мне часам нешта давалі. І так выжыў хлопец.

Сярод асоб, дэпартаваных у Сыбір з даваенных польскіх земляў, палякі складалі прыкладна 60%. На другім месцы былі габрэі. Саслана шмат беларусаў ды ўкраінцаў, а таксама некалькі тысяч немцаў, летувісаў і расейцаў. Ссылка адбывалася згодна распараджэньню Савета народных камісараў СССР і палітбюро пра высяленьне гэтак званых пасяленцаў.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт