Беларусь і Ўкраіна становяцца ўсё больш прыязнымі месцамі для замежных інвэстыцыяў, а ўрады гэтых краінаў актыўна наладжваюць сувязі з польскім бізнэсам. У гэтым гасьцей ІХ Эўрапейскага эканамічнага кангрэсу, якія нядаўна завяршыўся ў горадзе Катавіцэ, пераконвалі старшыя Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі і старшыня Польска-ўкраінскай гаспадарчай палаты Яцэк Пяхота. Што можа прывабіць польскі бізнэс ва Ўсходняй Эўропе? На гэтую тэму з Яцкам Пяхотам і Казімежам Здуноўскім размаўляў Аляксандар Папко.
Беларускае кіраўніцтва вельмі зацікаўлена ў прыходзе ў краіну польскіх інвэстараў і актывізуе кантакты з польскімі прадпрымальнікамі – паведаміў удзельнікам Эўрапейскага эканамічнага кангрэсу старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі (Kazimierz Zdunowski).
У апошні час сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх і польскіх прадпрыемстваў праходзяць штомесяц. Найбольшы ўзаемны інтарэс праяўляюць фірмы з галіны энэргетыкі, інфармацыйных тэхналёгіяў, лягістыкі й вытворчасьці харчаваньня – кажа Казімеж Здуноўскі.
Казімеж Здуноўскі
Казімеж Здуноўскі: У Беларусі створанае Нацыянальнае агенцтва інвэстыцыяў і прыватызацыі, якое ўзначальвае Натальля Нікандрава. Спадарыня Нікандрава высылае інфармацыю наконт праектаў, якія прапануюць беларускія прадпрыемствы. Мы інфармуем, хто з польскіх прадпрымальнікаў быў бы зацікаўлены ўдзельнічаць. Цікавы праект запрапанаваў Маларыцкі кансэрвававы камбінат. Ён вырабляе дзіцячае харчаваньне, і яму не хапае сыравіны. Я запрасіў прадстаўнікоў камбінату наведаць польскую фірму, зь якой можна наладзіць супрацоўніцтва. Іншы прыклад – прадпрыемствы з галіны энэргетыкі. Яна ў Беларусі мае добрую структуру кіраваньня, але тэхналёгіі ўжо састарэлі. Частка прадпрыемстваў зацікаўлена польскімі тэхналёгіямі – падстанцыямі й трансфарматарамі. Узамен за інвэстыцыі ды тэхналёгіі Беларусь хацела б разьлічвацца энэргіяй з будучай АЭС, а таксама экспартаваць энэргію праз Польшчу на Захад. Іншыя сфэры супрацоўніцтва – гэта малочная й мясная прамысловасьць.
Як паведаміў Казімеж Здуноўскі, Польская карпарацыя страхаваньня экспартных крэдытаў KUKE лічыць Беларусь надзейная краінай, дзе «ня спраўдзіліся ані доўгатэрміновыя, ані кароткатэрміновыя рызыкі».
Вялікія магчымасьці для польскіх прадпрыемстваў адчыняюцца на ўкраінскім рынку – паведаміў гасьцям кангрэсу старшыня Польска-ўкраінскай эканамічнай палаты Яцэк Пяхота (Jacek Piechota). Пасьля некалькіх гадоў крызысу ўкраінская эканоміка пачынае расьці, і разам з ёй расьце гандлёвы зварот паміж Польшчай і Ўкраінай.
У значнай ступені эканамічны рост – гэта вынік рэформаў, якія з цяжкасьцямі, але няўхільна праводзіць украінскі ўрад – кажа Яцэк Пяхота.
Яцэк Пяхота
Яцэк Пяхота: Былы віцэ-прэм’ер Польшчы эканаміст Лешак Бальцаровіч, які нядаўна завяршыў сваю працу ва Ўкраіне, пазытыўна ацаніў рэформы, якія там праводзяцца, і вынікі, якіх дасягнула ўкраінская эканоміка. Яны, дарэчы, бачныя й па гандлёвым звароце паміж нашымі краінамі. У мінулым годзе ён пачаў расьці. Канешне, нам яшчэ далёка да ўзроўню, якія існаваў да 2009 году, але рост відавочны. Украіна праходзіць працэс структурных зьменаў, якія нам цяжка нават уявіць. Зьмяняецца структура эканомікі, дзе дамінавалі старыя вялікія прамысловыя прадпрыемствы, а малога й сярэдняга бізнэсу практычна не існавала. Зьмяняецца структура зьнешняга гандлю. Яшчэ нядаўна 40% экспарту ішло ў Расею, цяпер шалі перахіляюцца на карысьць Эўрапейскага зьвязу.
Правядзеньню рэформаў і разьвівцью ўкраінскай эканомікі па-ранейшаму перашкаджаюць манаполіі, якія ўкраінскія алігархі старанна будавалі на працягу многіх гадоў. Вострай праблемай застаецца таксама карупцыя – прызнаецца Яцэк Пяхота. Аднак пазытыўныя перамены адбываюцца і ў гэтых сфэрах.
Яцэк Пяхота: Ва Ўкраіне пасьпяхова дзейнічае электронная сыстэма правядзеньня тэндэраў Prozorro, якой карыстаюцца шматлікія фірмы. За гэтую сыстэму Ўкраіна ў мінулым годзе атрымала міжнародны прыз. Зразумела, карупцыя застаецца, застаецца ўплыў алігархаў, але сытуацыя зьмяняецца вельмі хутка. Надзвычай удалы прыклад зьмяншэньня ўплыву алігархаў – гэта нацыяналізацыя самага вялікага банку Ўкраіны – Пріватбанку. Яна прайшла мірна, у выніку перамоваў з уладальнікам. Гэтая нацыяналізацыя ня выклікала панікі на рынку, ня выклікала крызысу. Эфэктыўна й мірна ўдалося пазбавіцца ад уплыву алігарха на істотную частку фінансавых апэрацыяў дзяржавы. Гэта прыкмета істотных пераменаў.
Разьняволіць эканоміку патрабуе сам кірунак разьвіцьця, якія абрала Украіна – тлумачыць Яцэк Пяхота. Умова аб асацыяцыі з Эўразьвязам акрэсьлівае рэформы, якія ўкраінскі ўрад павінен правесьці. Часткай Дамовы аб асацыяцыі зьяўляецца дамова аб вольным гандлі з Эўразьвязам. Яна здымае бар’еры для міжнароднага гандлю, разбураючы алігархічныя імпэрыі.
Павольней за ўсё рэформы ва Ўкраіне ідуць менавіта ў сфэры барацьбы з манаполіямі – зазначае экспэрт. Аднак пераадолець супраціў алігархаў дапамагае ўкраінская грамадзянская супольнасьць. «Гэта грамадзяне заблякавалі пастаўкі вугалю з тэрыторыяў, якія знаходзяцца пад кантролем расейскага агрэсара, а пастаўкі гэтыя адбываліся выключна ў інтарэсах аднаго з вядомых алігархаў», – нагадаў Яцэк Пяхота.
На думку экспэрта, украінскае грамадзтва становіцца адным з галоўных абаронцаў рынкавых рэформаў. «Гэта абсалютна новая для Ўкраіны сытуацыя, і прыхільнікаў пераменаў будзе становіцца ўсё больш», – прагназуе шэф Польска-ўкраінскай гаспадарчай палаты.
Аляксандар Папко