Logo Polskiego Radia
Print

Б. Шыдла: Эўразона цяпер у крызысе, няма сэнсу ў яе ўступаць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.05.2017 13:50
Польшча не гатовая прыняць эўра, гэта было б некарысна для польскай эканомікі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Выданьне «Rzeczpospolita» друкуе вялікае інтэрвію з прэм’ер-міністрам польскага ўраду Бэатай Шыдла. У гутарцы закранаюцца самыя розныя тэмы, між іншым магчымы ўваход Польшчы ў зону адзінай эўрапейскай валюты эўра. На думку кіраўніка Рады міністраў, Польшча не гатовая прыняць эўра, гэта было б некарысна для польскай эканомікі. Падчас далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу краіна ўзяла на сябе абавязацельства калісьці ўвайсьці ў эўразону. Аднак нідзе не было запісана, калі гэта павінна адбыцца.

У часы папярэдняга ўраду гэтай тэматыкай займаўся ўпаўнаважаны па справе эўразоны. Кіруючая цяпер краінай партыя (ПіС) гэтую пасаду зьліквідавала. «Эўразона знаходзіцца ў глыбокім крызысе, – кажа Шыдла. Няма патрэбы ўваходзіць у структуру, калі яна перажывае сур’ёзныя праблемы».

Польская эканоміка разьвіваецца хуткімі тэмпамі, але замежныя інвэстары крыху пабойваюцца палітычнай нестабільнасьці – адзначае журналіст. Шыдла адказвае, што прыклад кампаніі Whirlpool, якая пераносіць сваю фабрыку з Францыі ў Польшчу, паказвае, што інвэстары не баяцца ўкладваць капітал у Польшчы. Дарэчы, Польшча цяпер – адно зь нешматлікіх месцаў у Эўропе, дзе грамадзяне могуць адчуваць сябе бясьпечна. Гаворка ідзе як пра бясьпеку ў фізычным пляне, так і палітычную, стабільнасьць ураду. На сьвеце адбываюцца акцыі чорнага піяру супраць польскага ўраду. Маўляў, у Польшчы парушаюцца прынцыпы дэмакратычнай прававой дзяржавы, але гэта толькі прапаганда, – пераконвае Бэата Шыдла.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт