Ці Маркс быў марксістам? Такое на першы погляд кур’ёзнае пытаньне задае тыднёвік «Polityka». Няма важнейшай іконы левых сілаў, чым Карл Маркс. Праблема аднак у тым, што ён пагарджаў левымі сіламі, а лёс рабочых быў для яго абыякавы.
Непаразуменьні, зьвязаныя з Марксам, узяліся з таго, што палова яго важнейшых прац была апублікаваная толькі ў 30-ыя гады, праз паўстагодзьдзя пасьля ягонай сьмерці. А тады для сьвету важнейшае было тое, што ад ягонага імя рабіў Сталін, а ня тое, што меркаваў сам Маркс. Толькі ў 60-ыя гады ідэямі стваральніка марксізму заняліся сур’ёзна дасьледчыкі. Аднак, акрамя жменькі навукоўцаў, нікога ўжо ідэі Маркса не цікавілі.
Што адкрыта ў новых кнігах? Філёзафа. Аказалася, што Маркс прыйшоў да камунізму шляхам філязафічнай абстракцыі. Ён вырашаў праблемы, якія пакінуў пасьля сябе іншы філёзаф Гегель, змагаўся з ідэяй канца гісторыі, разважаў, як гэты канец павінен выглядаць і хто да яго можа давесьці. Маркс ніяк не рэагаваў на жорсткую эксплёатацыю рабочых. Ён стаў камуністам, хаця ня бачыў уласнымі вачыма сапраўдных рабочых масаў. Пражываў у Нямеччыне, якая ў тыя часы была слабай у эканамічным пляне дзяржавай. Пра рабочых, якія працуюць на фабрыцы, ён прачытаў у кнізе, прысьвечанай францускаму камунізму. З ёй даведаўся, што ў Францыі паявіліся беднякі, якіх да гэтага часу не было ў гісторыі чалавецтва.
У пэрыяд 1 траўня – Сьвята працы, традыцыйна зьвязанага зь левымі сіламі, выданьне «Dziennik Gazeta Prawna» разважае на тэму сытуацыі левых у Польшчы. Яны моцна страцілі свае пазыцыі, уціснутыя паміж дзьвюх магутных сапернікаў. З аднаго боку лібэралы, якія абяцалі, што калі левыя пойдуць з імі разам, то стануць сучаснымі ды эўрапейскімі. А з другога боку ёсьць брутальныя правыя, якія не зьбіраюцца дзяліцца зь левымі сваімі ўплывамі.
Аўтар артыкулу піша пра самую галоўную праграму кіруючай партыі «Права і справядлівасьць» – 500+ (500 злотых месячнай дапамогі на другое і наступнае дзіця ў сям’і, а на першае пры нізкіх даходах). Праграма аказалася посьпехам, і нават у эканамічным пляне яна не ўплывае дрэнна на стан дзяржавы. Левыя павінны пахваліць ПіС за гэта, але чамусьці ў асяродзьдзі левых сілаў такія праграмы выклікаюць злосьць і раздражненьне. Левыя нагадваюць дзіця, якое плача, паколькі хтосьці гуляецца яго цацкамі. Пара ўжо дасьпець і пачаць гаварыць уласным голасам. Левыя патрэбныя, хаця б дзеля таго, каб указваць на памылкі дзьвюх магутных палітычных лягераў, а ў далейшай пэрспэктыве збудаваць рэальную альтэрнатыву адносна сваіх сапернікаў.
Polityka/Dziennik Gazeta Prawna/нг