Logo Polskiego Radia
Print

Нараджэнец Гомеля Марэк Эдэльман - кіраўнік паўстаньня ў варшаўскім гета

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 21.04.2017 20:47
  • Edelman.mp3
Ён усё сваё жыцьцё змагаўся зь неталерантнасьцю, нецярпімасьцю, расізмам ды ксэнафобіяй.
Марэк Эдэльман (пачатак 2000-х гадоў)Марэк Эдэльман (пачатак 2000-х гадоў)youtube.com/screen

Два дні таму адзначалася 74-я гадавіна пачатку паўстаньня ў Варшаўскім гета. 19 красавіка 1943 года члены Габрэйскага воінскага зьвязу й Габрэйскай баявой арганізацыі аказалі супраціў гітлераўцам, якія ўвайшлі на тэрыторыю гета, каб пачаць працэс яго ліквідацыі. Апошнім кіраўніком паўстаньня быў Марэк Эдэльман. Сёньня нагадаем постаць гэтага гераічнага чалавека.

Паўстаньне ў Варшаўскім гета было апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпеньня. Жыхары гета разумелі, што яны ідуць на сьмерць, і пастанавілі ў апошняй хвіліне аказаць супраціў. Як узгадваў ужо ў мірны час Марэк Эдэльман, лепш было памерці са зброяй у руках, чым у лягеры сьмерці. У яго, дарэчы, не было выбару: ён ня мог не ўзначаліць паўстаньня, паколькі кіраўнік збройнага чыну Мардэхай Анелевіч зьдзейсьніў самагубства. Байцамі былі ў асноўным маладыя людзі, як правіла, бяз семʼяў і без надзеі выжыць: ім было крыху больш за 20 гадоў.

Марэк Эдэльман нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў 1919 годзе ў беларускім Гомелі, хоць іншыя крыніцы называюць 1922 год, а месца нараджэньня Варшаву. Бацькі будучага паўстанца былі заангажаваныя ў грамадзкае й палітычнае жыцьцё даваеннай Польшчы, сымпатызавалі левым сілам. У 1934 годзе памерла маці Марэка, што прымусіла яго пайсьці на працу. У другой палове 1930-х гадоў Эдэльман далучаецца да маладзёвых сацыялістычных арганізацый.

Пасьля паразы паўстаньня яму ўдаецца пакінуць гета па каналізацыйных каналах. Але гэта не канец яго баявога шляху: у 1944 годзе ён далучаецца да байцоў Варшаўскага паўстаньня.
Пасьля вайны Марэк Эдэльман не пакінуў Польшчу: пераехаў у горад Лодзь, дзе і пражыў амаль усё жыцьцё.

На пытаньне, чаму ён не пакінуў Польшчу пасьля вайны, ён сказаў: «Гэта мая краіна, тут пахаваныя мой народ». Ён таксама ня выехаў пасьля антысэміцкіх ганеньняў у 1968 годзе, нават пасьля таго, як з краіны зьехала яго жонка з двума дзецьмі. Эдэльман лічыў, што ані адна ўлада ня мае права яму ўказваць, дзе яму жыць. Нягледзячы на тое, што Эдэльман быў габрэем, ён быў антысіяністам, і лічыў, што Ізраіль – нежыцьцяздольная дзяржава.

У 1951 годзе Марэк Эдэльман закончыў Лодзінскую мэдычную акадэмію, быў спэцыялістам у галіне кардыялёгіі й інтэнсіўнай тэрапіі. Выкладаў у сваёй «Альма матэр», а таксама ў Лодзінскай вайсковай мэдычнай акадэміі. Больш за 30 гадоў ён быў лекарам у гарадзкім шпіталі імя Мікалая Пірагова, яго вельмі вельмі цанілі й любілі пацыенты.

У сваіх успамінах часта вяртаўся да вайны, а ў яго выказваньня нярэдка зьяўлялася тэма сьмерці й прагі жыцьця. Са сьмерцю ён сутыкаўся таксама падчас працы лекарам. Вось што пра яе ён казаў Польскаму тэлебачаньню ў адным з інтэрвію.

М.Эдэльман: Людзі хочуць жыць: яшчэ раз убачыць унучку, зірнуць на сонца; хочуць, каб у іх нічога не балела, каб ім было камфортна – людзі ня хочуць паміраць. Запытайцеся ў пацыента, які ляжыць у аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі, ці хоча ведаць пра тое, што праз гадзіну памрэ? Я ніколі не сустрэў чалавека, які б хацеў пра гэта ведаць. Ён хоча ведаць, што праз гадзіну будзе жыць! І што праз гадзіну да яго прыйдзе ўнучка й дасьць лыжачку гарбаты. І таму ня варта ў чалавека адбіраць надзею! Ня трэба яму казаць, што ён ужо ніколі ня ўбачыць унучку, ня ўбачыць сонца. Ніхто ня хоча паміраць...

У 1970-х гадах Марэк Эдэльман заангажаваўся ў антыкамуністычную апазыцыйную дзейнасьць. Гэта быў чалавек, які ня быў абыякавым на несправядлівасьць і людзкую крыўду.

Пасьля падзеньня Польскай Народнай Рэспублікі, у тым ліку будучы на пэнсіі, Марэк Эдэльман працягваў прымаць удзел у грамадзкім жыцьці. Ён выступаў і асуджаў кожныя праявы неталерантнасьці, нецярпімасьці, расізму ды ксэнафобіі. Можна сказаць, што ён быў сумленьнем ня толькі горада Лодзь, але й цэлай Польшчы.

У 1998 годзе прэзыдэнт Аляксандр Квасьнеўскі ўзнагародзіў яго Ордэнам Белага Арла – вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы. У 2008 годзе Эдэльман атрымаў Ордэн Ганаровага легіёна – вышэйшую ўзнагароду Францыі.

Памёр Марэк Эдэльман 2 кастрычніка 2009 года. Два апошнія гады да сьмерці вядомы паўстанец і лекар жыў у Варшаве.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт