Тыднёвік POLITYKA апісвае праблемы жыцьця ў расейскай Сыбіры. Расейскія ўлады спрабуюць ажывіць рэгіён, бо баяцца яго страціць. Яны абяцаюць асаднікам па гектару зямлі.
У Сыбіры жыве толькі 18,5 млн чалавек. З пачатку 90-х гадоў лічба жыхароў зьменшылася на больш за 4 млн. Людзі ўцякаюць у вялікія гарады эўрапейскай часткі РФ. Нараджаецца менш дзяцей.
Улады спрабуюць гэта памяняць. З 1 лютага зямлю на расейскім Далёкім Усходзе можна атрымаць бясплатна. Кожны грамадзянін можа стаць уладальнікам 1 гектара. Калі пераедзе цэлая сям’я, то разам атрымаецца вялікая гаспадарка. Трэба толькі пасяліцца на стала ня менш чым 10 км ад горада з 50-тысячным насельніцтвам і 20 км ад большых, 300-тысячных гарадоў. Зямлю можна нават выбраць, яна звольненая з падатку, пасьля пяці гадоў добрай працы можна будзе падпісаць акт уласнасьці. Паведамляецца, што ўжо 20 млн расейцаў заявілі, што зацікаўленыя прапановай.
Паводле статыстыкі, кожны дзень на працу ў Сыбір прыяжджае 50 тысяч чалавек. Прыяжджаюць кітайцы, працуюць там, дзе расейцы працаваць ня хочуць.
У Забайкальскім краі, блізу кітайская мяжы, улады падпісалі дамову з кітайскай карпарацыяй, перадаючы ёй у карыстаньне 115 тысяч гектараў зямлі за сымбалічную аплату. Расейцы паабяцалі наступныя 85 тысяч гектараў, калі кітайцы выканаюць абяцаньні, будуць добра выкарыстоўваць зямлю, на рынак будуць трапляць садавіна і агародніна, мяса.
Кітайцы абяцаюць інвэстыцыі ў сотні мільёнаў даляраў. Тым часам мясцовыя расейцы баяцца «кітаізацыі». Яны нават скіравалі пэтыцыю да прэзыдэнта, каб ён стрымаў кітайскі апэтыт, паколькі рашэньні прымаліся без кансультацый, а нават інфармаваньня.
Кітайцы ў Сыбіры займаюцца сельскай гаспадаркай, у парніках вырошчваюць усё, што толькі магчыма. Некаторыя жэняцца з расейкамі. Але таксама жэняцца паміж сабой, нараджаюць дзяцей. У кітайскіх банках яны бяруць крэдыты, інвэстуюць, працаўладкоўваюць землякоў.
У Іркуцку «таямніцай полішынэля» зьяўляецца факт, што дзевяць з дзесяці вывезеных з тайгі фур з дрэвам паходзіць з чорнай, нелегальнай вырубкі. Кітайцы здымаюць агромністыя абшары тайгі, у якой крадуць драўніну. Пасьля вывозяць яе за мяжу, падкупаючы расейскіх чыноўнікаў.
ав