Logo Polskiego Radia
Print

Праект сетак бальніц пагоршыць сытуацыю герыятрычных аддзяленьняў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.02.2017 14:54
Паводле статыстычных дадзеных, лячэньне на герыятрыі таньнейшае і больш эфэктыўнае.
www.pixabay.com

Польскае грамадзтва імкліва старэе, а магчымасьці лячэньня пажылых людзей не пашыраюцца. Гаворка ідзе пра герыятрыю – навуку пра лячэньне і ўтрыманьне добрага стану здароўя старых людзей. У сярэднім па Эўропе прыходзяцца 2 шпітальныя герыятрычныя ложкі на 10 тыс. жыхароў, старэйшых за 65 гадоў, а ў Польшчы – толькі 0,2 ложка – піша «Gazeta Wyborcza». Найбольш герыятраў працуе ў Сілезіі, а ў Варшаве да нядаўняга часу адзіны герыятар ня мог знайсьці працы.

Пасьля рэалізацыі праекту разьвіцьця сетак бальніц герыятрыя будзе ў яшчэ горшай сытуацыі. У законапраекце згадваюцца дзесяткі спэцыяльнасьцяў, якія дадуць магчымасьць шпіталям увайсьці ў сетку, але герыятрыі сярод іх няма. І таму большасьць шпіталяў не атрымае грошай на герыятрычныя аддзяленьні. У выніку такія аддзяленьні будуць закрывацца. Гэта яшчэ больш пагоршыць апеку над пажылымі людзьмі, якая і цяпер вельмі слабая. Гэта зьяўляецца адной з прычынаў таго, што спадзяваная працягласьць жыцьця ў Польшчы на чатыры гады меншая, чым у сярэднім па Эўрапейскім Зьвязе.

Старэйшыя асобы хварэюць інакш, чым маладыя. Так, як дзіцяці патрэбны пэдыятар, так пажылому чалавеку патрэбны герыятар. А цяпер пажылыя трапляюць у аддзяленьні ўнутраных хвароб, дзе няма, напрыклад, дапамогі псыхоляга (герыятрычныя аддзяленьні заўсёды прапануюць кансультацыю псыхоляга). А кожны трэці пажылы чалавек пакутуе на дэпрэсію. Паводле статыстычных дадзеных, лячэньне на герыятрыі таньнейшае і больш эфэктыўнае, сярод пацыентаў герыятрычных аддзяленьняў памірае цягам году 6% пацыентаў, а сярод пацыентаў тэрапэўтычных аддзяленьняў у тым жа ўзросьце – 11%.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт