Белавеская пушча зьяўляецца помнікам прыроды сусьветнага маштабу. У Польшчы і ў Беларусі для захаваньня пушчы створаны Нацыянальныя паркі.
Зь нядаўняга часу польскі Белавескі нацыянальны парк пачаў ладзіць цікавыя адукацыйныя акцыі. З найбольш папулярных можна згадаць “Ноч соваў” ці “Ноч ваўкоў”, пра якія мы распавядалі ў нашым эфіры. Гэтыя сустрэчы маюць адкрыты характар, іх мэта наблізіць людзям прыроду, заахвоціць іх самім клапаціцца пра навакольнае асяродзьдзе.
Пра гэты адукацыйны кампанэнт дзейнасьці Белавескага нацыянальнага парка ў Польшчы мы размаўлялі з дырэктаркай парка Алімпіяй Пабян.
Алімпія Пабян: Варта рабіць акцыі адукацыйнага пляну, крыху турыстычныя і прыродазнаўчыя, каб набліжаць людзям прыроду, гатункі жывёл. Зразумела, што воўк – гэта такая “гучная” жывёла, якая асацыюецца з нечым страшным: “чырвоная шапачка” і т.п. Мы б хацелі зьмяніць дадзенае стаўленьне, у першую чаргу паказваючы прафэсійна, якая існуе залежнасьць, наколькі важны гэты гатунак для прыроды для біяразнастайнасьці. Такая нашая галоўная ідэя. Кожная наша адукацыйная сустрэча, якую мы ладзім, дзеля таго каб вучыць людзей, тлумачыць ім ды заахвочваць іх далучацца да дзейнасьці на карысьць аховы прыроды ды навакольнага асяродзьдзя.
“Ноч ваўкоў” - не адзіная адукацыйная акцыя ў Белавескім нацыянальным парку сёлета. Аматараў прыроды чакае “Ноч соваў”, “Дапамажы гадам” ды іншыя. У такім выпадку ці будзе “Ноч зуброў”, бо адным з найбольш вядомым сымбаляў Белавескай пушчы зьяўляецца зубр?
Алімпія Пабян: Напэўна будзе акцыя пра зуброў, але таксама мы хочам распавесьці пра іншыя арганізмы, якія часта ня бачна. Напрыклад, тыя, хто жыве пад карой дрэваў. Таксама мы хочам пайсьці ў бок флёры. Мы хочам ладзіць цыклічныя акцыя, якія мелі б агульнадаступны характар, вучылі людзей пра розныя элемэнты экасыстэмы, пра розныя кампанэнты біяразнастайнасьці. Спадзяюся, што гэта таксама выкліча зацікаўленасьць з боку людзей. Як бачым, запатрабаванасьць ёсьць.
Белавескі нацыянальны парк робіць свае акцыі ня толькі на агульнанацыянальным узроўні, але й лякальным – да мясцовых жыхароў - кажа дырэктарка.
Алімпія Пабян: Для нас вельмі важна рэалізоўваць ініцыятывы, скіраваныя да жыхароў тутэйшых гмін з рэгіёну Белавескай пушчы. Для мясцовых жыхароў мы ладзім адукацыйныя шпацыры ў лес пад назваў “Пазнаёмся з паркам”. Для нас гэта вельмі важная група, бо яны маюць найбольшы ўплыў на тое, што тут адбываецца. Белавескі нацыянальны парк у сваёй працы накіраваны на тое, каб прыцягваць жыхароў ды разам зь імі працаваць на карысьць прыроды.
Белавеская пушча ляжыць на мяжы Польшчы й Беларусі. Як выглядаюць адносіны паміж беларускім ды польскім Нацыянальнымі паркамі. Ці ёсьць сумесныя акцыі?
Алімпія Пабян: У першую чаргу мы зьяўляемся адзіным вялікім аб’ектам Сусьветнай спадчыны ААН, Юнэска. Мы разам, польскі ды беларускі бок, ствараем рознага тыпу акцыі, прынамсі спрабуем выходзіць з ініцыятывай большых і меншых праектаў, як турыстычных так і навуковых. Напрыклад, цяпер мы падрыхтавалі сумесны праект да праграмы Польшча-Беларусь-Украіна, які будзе мець мешаны характар: папулярна навуковы. Абодва бакі клапоцяцца пра тое, каб папулярызаваць пушчу, прыроду, але й каб яе захоўваць. Менавіта дзеля гэтага й быў створаны наш Нацыянальны парк вакол лесу, які тут захаваўся.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч