Logo Polskiego Radia
Print

Ня ўсім палякам галава баліць аднолькава

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.01.2017 18:01
Галаўны боль - гэта частая прычына шпіталізацыі, асабліва на поўдні Польшчы.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле статыстычных дадзеных, моцны галаўны боль, які заканчваецца шпіталізацыяй, найчасьцей мучыць больш за 40-гадовых жыхарак поўдня Польшчы. У найменшай ступені ад яго пакутуюць жыхары польскага ўзьбярэжжа.

На працягу году больш за 35 тысяч пацыентаў трапляе ў бальніцу з-за галаўнога болю. Паводле Міністэрства аховы здароўя, гэта каля 10% усіх шпіталізацый, зьвязаных з 30 асноўнымі захворваньнямі палякаў, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.

Аказваецца, што галаўны боль - гэта перш за ўсё праблема чатырох ваяводзтваў, распаложаных ад паўднёвага ўсходу па паўночны захад краіны, то бок ад Падкарпацьця па Вялікапольшчу. У сваю чаргу ўвесь заходні пояс – ад Ніжняй Сылезіі па Ўзьбярэжжа - можа пахваліцца найменшай колькасьцю пацыентаў, якія лячыліся з-за галаўнога болю.

Экспэрты зьвяртаюць увагу на адрозьненьні паміж паасобнымі ваяводзтвамі, якія парадаксальна не залежаць ані ад умоваў надвор'я, ані ад забруджваньня паветра. Адмыслоўцы называюць розныя фактары, якія могуць уплываць на гэткую сытуацыю.

Паводле кансультанта ў галіне нэўралёгіі прафэсара Багуслава Парадоўскага (Bogusław Paradowski), адна з прычын можа зводзіцца да стаўленьня лекараў і кантракту з Нацыянальным фондам здароўя, які за лячэньне „болю галавы” цалкам нядрэнна плаціць. Паводле дадзеных, за некалькі дзён шпіталізацыі хворага з такім дыягназам шпіталь можа атрымаць ад фонду амаль 1,5 тысячы злотых.

Колькасьць шпіталізацыі зьвязаная таксама з малай эфэктыўнасьцю службы здароўя. На шпіталізацыю пацыенты чакаюць да некалькіх дзён, а на кансультацыю лекара нэўроляга ў паліклініцы - нават некалькі месяцаў. Апрача таго, у шпіталі амаль кожны гэткі трэці пацыент праходзіць магнітарэзанансную тамаграфію.

Экспэрты зьвяртаюць увагу таксама на іншы фактар - у заходніх ваяводзтвах Польшчы насельніцтва значна маладзейшае, чым, напрыклад, у Падкарпацкім ці Лодзіньскіх ваяводзтвах.

З другога боку, паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, ад мігрэні пакутуе 11% папуляцыі, то бок у Польшчы - каля 4 мільёнаў. Многія зь іх не шукаюць дапамогі ў лекара, а лечацца самі.

Са студзеня па лістапад 2016 году палякі выдаткавалі агулам на абязбольваючыя сродкі больш за 1 мільярд злотых. Апрача таго, з-за галаўнога болю толькі ў першым квартале мінулага году палякі прабывалі на бюлетэні ажно 200 тысяч дзён, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт