Сёньня польскі ўрад прыняў пляны польскай замежнай палітыкі на 2017 год. Дакумэнт стане асноваю прамовы міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага перад Сэймам. Expose міністра заплянаванае на пачатак году. Дакумэнт мае канфідэнцыяльны характар.
У ранейшых выказваньнях аб плянах на 2017 год прадстаўнікі МЗС зьвярталі ўвагу на тое, што Польшча будзе надалей рабіць захады для атрыманьня часовага сяброўства ў Радзе бясьпекі ААН у 2018-2019 гадах. Варшава таксама плянуе прасоўваць ідэю структурных зьмен пасьля брэксіту. Польскія ўлады таксама хочуць разьвіваць Усходняе партнэрства, то бок супрацу з шасьцю краінамі былога СССР.
Будзе павялічаная сетка дыпляматычных установаў. У гэтым годзе МЗС плянуе адчыніць амбасады ў Танзаніі, Панаме і на Філіпінах, а таксама консульствы ў Бэлфасьце і Хʼюстане.
Віцэ-міністар замежных спраў Конрад Шыманьскі казаў у Польскім радыё 24, што польскі бок павінен разумець ролю як Лёндану, так і Вашынгтону, як Бэрліну, так і Парыжу. Ён падкрэсьліў, што ўсе гэтыя сталіцы адыгрываюць істотную ролю ў бясьпецы Захаду, а дзьве апошнія – Эўразьвязу, у якім будуць адбывацца важныя зьмены.
К. Шыманьскі: Польская замежная палітыка павінна зьвяртаць увагу на ўсе напрамкі. Яна павінна разумець вагу ўсіх гэтых сталіц, паколькі ўсе яны адыгрываюць важную ролю ў бясьпецы цэлага Захаду, ня толькі Эўропы. Бэрлін і Парыж адыгрываюць асаблівую ролю ў бясьпецы Эўропы, якая перажывае і будзе перажываць істотныя зьмены, а таксама значныя крызысы. Таму сэнсам добрай замежнай палітыкі зьяўляецца зьвяртаньне ўвагі на ўсіх.
Кіраўнік польскай дыпляматыі ня раз казаў, што Польшча дапасоўваецца да розных партнэраў, клапоцячыся пра свае інтарэсы, а Польшча мае розныя інтарэсы ў розных пытаньнях. Конрад Шыманьскі гаворыць, што гэта ідэальнае вырашэньне.
К. Шыманьскі: Калі ёсьць такая магчымасьць, то сэнсам палітычнага дыялёгу і замежнай палітыкі зьяўляецца пошук інтарэсу для ўсіх бакоў. Гэта не заўсёды магчыма, паколькі часамі інтарэсы бакоў разыходзяцца. Мы не ўцякаем ад такіх сытуацый. Калі паяўляецца канфлікт інтарэсаў, то з гэтым таксама трэба жыць. На маю думку, сумленным зьяўляецца размова пра такія інтарэсы, пра іх трэба адкрыта гаварыць. Мы ўсё ж шукаем такія вырашэньні, каб усе адчувалі сябе добра, як у Эўропе, так і шырэй у заходнім сьвеце.
Міністар замежных спраў Польшчы ня раз падкрэсьліваў, што Польшча мае больш амбітныя мэты – каб Эўразьвяз разьвіваўся ў іншым напрамку, каб краіна не была толькі пэрыфэрыяй Заходняй Эўропы, каб не была толькі тэрыторыяй транзыту з Усходу на Захад. «Нас цікавіць тое, каб нашая Эўропа была спалучаная з поўначы на поўдзень, з поўдня на поўнач», – гаварыў Вітальд Вашчыкоўскі.
На думку Конрада Шыманьскага, сяброўскія краіны ЭЗ, у тым ліку Польшча, павінны адчуваць сваю адказнасьць за Эўразьвяз. Польшча хоча адчуваць сябе ў ЭЗ вельмі камфортна, таму польскі ўрад адкрыта гаворыць пра свае спадзяваньні.
З выказваньняў палітыкаў вынікае, што адным з прыярытэтаў польскай замежнай палітыкі будзе супраца з краінамі Ўсходняга партнэрства. Конрад Шыманьскі кажа, што Польшча асаблівым чынам хоча супрацоўнічаць з Беларусьсю і дадае, што спыненьне фінансаваньня «Белсату» ня стала цаною паляпшэньня адносін.
К. Шыманьскі: Я магу сказаць адно: справа «Белсату» ня мае палітычнага характару, а мае бюджэтны характар. Магчымая трансьляцыя TVP Polonia вельмі важная для палякаў, якія жывуць у Беларусі. У сваю чаргу «Белсат» атрымлівае іншую ролю. Праблема будучыні тэлеканалу «Белсат» зьявілася не ў выніку якіх-колечы палітычных меркаваньняў, а ў выніку праблем зь бюджэтам. Апошнія афіцыйныя візыты польскіх уладаў у Беларусь ня маюць нічога супольнага з закрыцьцём «Белсату». Польшча, як і большасьць Эўразьвязу, зацікаўленая адкрытай супрацай з Беларусьсю, паколькі ўсходняя палітыка ЭЗ сёньня знаходзіцца ў сур’ёзным крызысе. Неабходна знайсьці адпаведную форму супрацы для ўсіх краін Усходняга партнэрства, ці для ўсходняй часткі палітыкі суседзтва. Гаворка таксама пра такія краіны, як Беларусь, якія былі нэўтральныя ці нават пасіўныя ў адносінах з Эўропай. Польшча зацікаўленая ў тым, каб знайсьці форму супрацы з Беларусьсю, але цаною не зьяўляюцца такія праекты як тэлевізія «Белсат».
«Эўразьвяз шматразова непатрэбна вагаўся, ці адкрыцца на супрацу з Захадам, – кажа віцэ-міністар замежных спраў. – Калі такія краіны як Украіна ці Грузія гадамі праяўляюць жаданьне супрацоўнічаць, то Эўразьвяз не павінен чакаць», – мяркуе Конрад Шыманьскі.
ав