Logo Polskiego Radia
Print

Атаман Балаховіч: расеец, паляк, беларус? Герой ці злачынца? (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 14.12.2016 19:34
  • Атаман Балаховіч расеец, паляк, беларус Герой ці злачынца.mp3
Чыім героем лічыць легендарнага атамана? – папулярны польскі часопіс Historia Do Rzeczy зрабіў Балаховіча галоўнай постацьцю свайго нумара.
Станіслаў Булак-Балаховіч на службе ў эстонскай арміі. 1919 г.Станіслаў Булак-Балаховіч на службе ў эстонскай арміі. 1919 г.www.esm.ee/wikimedia commons/public domain

«Ён заўсёды дзейнічаў на тылах ворага, заўсёды атакаваў зьнянацку, наносіў бальшавікам велізарныя страты і браў велізарныя трафэі. Генэрал Балаховіч быў знакавай постацьцю польска-бальшавіцкай вайны», – так пра Станіслава Булак-Балаховіча піша галоўны рэдактар часопіса Historia Do Rzeczy Пётр Зыховіч. Часопіс зрабіў ліхога атамана галоўнай постацьцю свайго сьнежаньскага нумара. Цікавасьць да Балаховіча й яго атраду расьце як у Польшчы, так і на радзіме атамана – у Беларусі. Аднак яго постаць выклікае спрэчкі гісторыкаў і публіцыстаў. У імя чаго змагаўся Балаховіч? Ці справядліва яго абвінавачваюць у злачынствах? І ўвогуле, ці быў Балаховіч беларусам? На гэтыя тэмы мы размаўляем з гісторыкам Ігарам Мельнікавым.

Нумар
Нумар часопісу Historia Do Rzeczy, прысьвечаны генэралу Балаховічу. Сьнежань 2016


Народжаны на Браслаўшчыне Станіслаў Булак-Балаховіч ня быў кадравым афіцэрам. Перад пачаткам Першай сусьветнай ён вёў сьціплае жыцьцё адміністратара маёнтку ў Дзісьненскім павеце. Як толькі ўспыхнула сусьветная вайна, 31-гадовы Балаховіч добраахвотнікам запісаўся ва ўланскі полк, дзе й раскрыў свой вайсковы талент. Ён аказаўся геніем партызанскай вайны: праводзіў сваіх людзей па тылах ворага, пераразаў шляхі зносінаў, сеяў паніку ў шэрагах непрыяцеля, а за гэта атрымліваў павышэньні і ўзнагароды.

Імклівую вайсковую кар’еру перарваў бальшавіцкі пераварот у Расеі. Атаман Балаховіч на кароткі час стаў падначаленым чырвоных камандзіраў, але неўзабаве дэзэртаваў з Чырвонай арміі са сваімі людзьмі й пачаў бязьлітасную вайну супраць бальшавікоў. Спачатку балахоўцы ваявалі ў арміях Эстоніі й Латвіі, а калі тыя заключылі з Саветамі мір, то Балаховіч з 700 паплечнікамі прабіўся праз фронт у Польшчу.

Генэрал
Генэрал Булак-Балаховіч (зьлева) размаўляе з камандуючым эстонскай арміяй Ёханэсам Лайданэрам.

Найбольш удалай акцыяй Балаховіча падчас польска-савецкай вайны быў рэйд на Пінск 27 верасьня 1920 году. За лічаныя хвіліны Балаховіч і яго людзі занялі горад, узяўшы ў палон некалькі тысячаў чырвонаармейцаў, дзесяткі гарматаў, цягнікі, вайсковую касу, склады боепрыпасаў і нават палкавы аркестар, які Балаховіч прыняў на сваю службу.

Яшчэ падчас службы ў царскай арміі дывэрсійны атрад Балаховіча быў шматнацыянальным. Этнічная мазаіка стала яшчэ больш стракатай, калі атаман пачаў барацьбу з бальшавікамі. Да Балаховіча ішлі сарвігаловы з усіх канцоў былой імпэрыі. Пад камандаваньнем «бацькі» служылі швэды, фіны, немцы, расейцы, палякі, украінцы, татары, калмыкі, каўкаскія джыгіты, габрэі й беларусы.

Як піша гісторык Пётр Зыховіч, эмблемай Расейскай добраахвотніцкай народнай арміі Балаховіча быў двухгаловы расейскі арол, спалучаны з чэрапам і касьцямі. Каманды ў атрадзе аддаваліся па-расейску, а мундзіры былі падобныя да чаркесак расейскіх казакоў.

Штаб
Штаб групы Булак-Балаховіча. Берасьце, 1920 г.

«Большая частка жаўнераў Балаховіча паняцьця ня мела, што існуе нешта такое, як Беларусь», – піша Зыховіч. Дык ці лічыў Балаховіч сябе беларусам? На думку польскага гісторыка, назваць Балаховіча беларусам цяжка – так сама цяжка, як назваць яго палякам ці расейцам.

Пра сваю нацыянальнасьць Балаховіч асабліва не задумваўся – лічыць беларускі гісторык Ігар Мельнікаў. Нацыянальная самаідэнтыфікацыя для яго была толькі інструмэнтам. Ён лёгка мяняў яе, каб ваяваць супраць бальшавікоў.

Ігар Мельнікаў: Гэта быў чалавек, які ўмеў ваяваць, любіў ваяваць і любіў змагацца супраць бальшавізму. Але ці ён на 100% змагаўся за беларускую дзяржаву? Асабіста, я як гісторык і дасьледчык беларуска-польскіх дачыненьняў, вельмі ў гэтым сумняюся, хоць безумоўна, барацьба Балаховіча – гэта значная старонка беларускай гісторыі.

Беларусы сталі складаць вялікую частку атраду Балаховіча менавіта ў той час, калі ён пачаў ваяваць у шэрагах польскай арміі – кажа Ігар Мельнікаў. Брат атамана Язэп Балаховіч, які таксама ваяваў у атрадзе, раіў Станіславу акрэсьліць вайсковае фармаваньне як беларускае. Аднак ужо ў жніўні 1920 году Станіслаў Булак-Балаховіч заключыў пагадненьне з расейскім рэвалюцыянэрам Барысам Савінкавым. Разам яны хацелі рэалізаваць амбітную мэту – выбіць бальшавікоў са Смаленска й Масквы.

У сярэдзіне кастрычніка 1920 году Польшча падпісала з Савецкай Расеяй перамір’е й абавязалася выдаліць са сваёй тэрыторыі ўсе няпольскія часткі. У такой сытуацыі Балаховіч быў вымушаны дзейнічаць самастойна. У лістападзе разам з Савінкавым ён ударыў на Палесьсе, заняў Рэчыцу, Мазыр і амаль дайшоў да Гомеля. Жадаючы падняць беларусаў на вайну супраць бальшавікоў, Балаховч прысягнуў на вернасьць Беларускай Народнай Рэспубліцы і аб’явіў сябе галавой беларускай дзяржавы. Аднак ужо празь месяц яго армія была разьбітая.

Крыж
Крыж адважных - такую ўзнагароду ўручаў сваім байцам Станіслаў Булак-Балаховіч. Фота: часопіс Historia Do Rzeczy

Калі паранены генэрал Балаховіч вярнуўся ў Польшчу, польскія ўлады, не жадаючы псаваць адносіны з Масквой, не прынялі яго ў польскую армію і нават афіцыйна не прызналі яго генэральскага званьня. Адзіным суцяшэньнем для атамана й яго людзей стала тое, што іх, у адрозьненьне ад Сямёна Пятлюры й Барыса Савінкава, не дэпартавалі з Польшчы.

Станіслаў Булак-Балаховіч і яго людзі славіліся ня толькі сваёй адвагай, але й бязьлітаснасьцю. Вораг не шкадаваў дывэрсантаў, і яны не шкадавалі ворага. Галоўнай цёмнай плямай на біяграфіі балахоўцаў зьяўляюцца габрэйскія пагромы. Рабаваньнем і забойствамі безабароннага габрэйскага насельніцтва «праславіліся» ўсе белыя арміі, войскі Сямёна Пятлюры і нават конная армія Будзённага. Балахоўцы ня сталі выключэньнем, гэты ганебны факт у іх баявой гісторыі быў – пацьвярджае Ігар Мельнікаў.

Ігар Мельнікаў: Злачынствы сапраўды былі, яны зафіксаваныя ў польскіх і савецкіх дакумэнтах. Аднак на той час такіх злачынстваў хапала з усіх бакоў. Вайна ўвогуле была вельмі крывавая. Варта прыгадаць, што бальшавікі, якія захоплівалі ў палон польскіх афіцэраў, мучылі і забівалі іх самым жудасным спосабам.

Каб прадухіліць разбой падначаленых і заваяваць прыхільнасьць габрэйскага насельніцтва, генэрал Балаховіч стварыў спэцыяльны габрэйскі атрад на чале з паручнікам Цэйтліным. Аднак дапамог ён мала. Сапраўды, тыя габрэйскія мястэчкі, у якіх стаяў атрад Цэйтліна, партызаны Балаховіча не чапалі, але ў іншых напады працягваліся.

Пасьля заключэньня Рыскага міру Станіслаў Булак-Балаховіч атрымаў лясную канцэсію ў Белавескай пушчы. На свой дрэваапрацоўчы завод ён уладкаваў сотні сваіх былых жаўнераў. У 1939 годзе генэрал зноў стварыў конны атрад, на чале якога ўдзельнічаў у абароне Варшавы. 10 траўня 1940 атамана Балаховіча ў Варшаве застрэлілі агенты гестапа.

С.
С. Булак-Балаховіч з сям'ёй. У вайсковай форме справа і зьлева стаяць сыны генэрала Генрых і Мэдард. Фота з сямейнага архіву, апублікаванае часопісам Historia Do Rzeczy

Вобраз Балаховіча вяртаецца на старонкі польскіх кніг і ў беларускую масавую культуру. Яго партрэты друкуюць на кашулях, беларускія рок-гурты складаюць пра яго песьні. Ці варта беларусам далучаць да свайго нацыянальнага пантэону бясстрашнага, аднак пераменлівага, авантурнага й жорсткага «чалавека вайны», які сваёй галоўнай мэтай зрабіў барацьбу супраць камуністаў, а не пабудову Беларусі?

«Балаховіча трэба памятаць, і трэба памятаць яго войска. Гэта адна са старонак вайсковай гісторыі Беларусі. Аднак героямі варта рабіць тых, хто змагаўся менавіта за Беларусь. А гэтага беларускага акцэнту больш у слуцкіх паўстанцаў», – падсумоўвае гісторык Ігар Мельнікаў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт