Logo Polskiego Radia
Print

Польшча – адзіная краіна ў ЭЗ, дзе няма спэцыялізацыі па лячэньню болю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.11.2016 10:36
Моцны хранічны боль – гэта ўжо не сымптом хваробы, а самастойнае захворваньне, якое неабходна лячыць.
foto:pixabay.com

Кожны чацьвёрты паляк пакутуе ад хранічнага болю. Некаторым баліць так, што яны млеюць ад болю. У краіне няма спэцыялістаў, якія маглі б лячыць боль – піша «Newsweek Polska».

Палякі пакутуюць ад болю часьцей, чым іншыя жыхары Эўропы. Там на боль скардзіцца ў сярэднім 19 чалавек на 100, у Польшчы – 27 на 100. Кожны год каля 200 тыс. палякаў захворвае ракавай пухлінай. З іх больш за палову адчувае моцны боль. Кожнаму трэцяму баліць так моцна, што ён думае пра самагубства. Баліць так моцна, што немагчыма есьці і спаць.

У мінулым годзе Хэльсінская фундацыя правоў чалавека ў чарговы раз зьвярнула ўвагу польскаму міністру аховы здароўя, што пацыенты маюць абмежаваны доступ да эфэктыўнага лячэньня болю. Лекары, нават анколягі, вельмі неахвотна выпісваюць пацыентам наркатычныя абязбольваючыя. У сваю чаргу палякі – рэкардысты ў спажываньні лякарстваў без рэцэпту, між іншым парацэтамолу. Таблеткі можна купіць усюды – на заправачных станцыях, у крамах, шапіках. І рэдка людзі ведаюць, наколькі яны могуць быць небясьпечныя. У выніку здараюцца сьмерці ад унутранага кровацячэньня, а таксама пашкоджаньні нырак, печані, інфаркты, інсульты.

Моцны хранічны боль – гэта ўжо не сымптом хваробы, а самастойнае захворваньне, якое неабходна лячыць. Польшча – адзіная краіна ў Эўрапейскім Зьвязе, дзе няма спэцыялізацыі ў галіне лячэньня болю.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт