ЭЗ выдзяляе 183 млн эўра на польска-беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва. Сродкі паходзяць з Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020. Гэтая праграма рэалізуецца за сродкі Эўрапейскага Зьвязу. У чым яе сутнасьць, улічыўшы, што ні Ўкраіна, ні Беларусь не зьяўляюцца чальцамі Эўразьвязу?
Праграма транспамежнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна прадухіляе ўзьнікненьне новых падзелаў паміж Польшчай, Беларусьсю й Украінай. Мяжа павінна збліжаць і спалучаць, а не разьядноўваць, – адзначае Дырэктар дэпартамэнту па тэрытарыяльным супрацоўніцтве Міністэрства разьвіцьця Рафал Баліньскі.
Р.Баліньскі: Мэта праграмы – сумесна вырашаць падобныя праблемы, зьмяншаць розьніцы ва ўзроўні жыцьця жыхароў і разьвіваць супрацоўніцтва паміж мясцовым насельніцтвам. Бюджэт праграмы складае 183 млн эўра. Сродкі паходзяць з Эўрапейскага фонду рэгіянальнага разьвіцьця й Эўрапейскага інструмэнту суседзтва. Вынікамі скарыстаецца насельніцтва чатырох польскіх ваяводзтваў: Люблінскага, Падкарпацкага, Падляскага і ўсходняя частка Мазавецкага, чатыры беларускія рэгіёны (Берасьцейская, Гарадзенская і Менская вобласьці, а таксама Горад Менск як гэтак званыя блізкія абшары - рэд.), і шэсьць украінскіх.
Трансгранічныя праграмы адрозьніваюцца ад нацыянальных праграм, якія таксама рэалізуюцца пры фінансавай падтрымцы ЭЗ. Якія гэта адрозьненьні - тлумачыць Рафал Баліньскі.
Р.Баліньскі: Кандыдаты павінны дамовіцца аб супрацоўніцтве з партнэрам з-за мяжы, і павінны быць гатовыя надаць сабе ўзаемны крэдыт даверу. Партнэраў павінна быць як мінімум двое, у тым ліку, па меншай меры, адзін польскі і адзін зь Беларусі ці Ўкраіны. І яны паміж сабой вызначаюць падзел роляў і задач, а таксама дамаўляюцца, хто будзе несьці адказнасьць за каардынацыю ўсяго праекту.
Бэнэфіцыярам праграмы могуць быць мясцовыя органы ўлады, школы й іншыя дзяржаўныя ўстановы, напрыклад, ахова здароўя.
Прыклады выкарыстаньня эўрапейскіх фондаў ужо ёсьць, напрыклад, ва Ўкраіне ў Львове працуе асацыяцыя «Зялёны крыж», якая займаецца экалёгіяй і турызмам для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, пра што кажа старшыня «Зялёнага крыжа» Аляксандар Валашынскі.
А.Валашынскі: Частка абсталяваньня набываецца ў рамках праграмы Польшча-Беларусь-Украіна. З украінскага боку закуплена абсталяваньне для актыўнага адпачынку. Гэта лодкі і байдаркі для паходаў па рэках. Мы таксама набылі два аўтобусы для асоб з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі. Цяпер мы можам праехаць праз мяжу на ўласным транспарце. Гэта зусім іншы ўзровень нашай арганізацыі і супрацоўніцтва, таму што мы маем магчымасьць ня толькі прывезьці людзей з абмежаванымі магчымасьцямі ў Польшчу, але мы таксама можам зрабіць шмат курсаў ва Ўкраіне. Напрыклад, мы правялі курсы для 120 уладальнікаў цэнтраў агратурызму для прыманьня інвалідаў. Акрамя таго, у курсах прынялі ўдзел каля 100 чалавек з музэйных устаноў з усёй Усходняй Украіны й цяпер яны ведаюць, як адаптаваць абслугоўваньне ў музэі для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.
Пра супацоўніцтва Польшчы і Беларусі ў рамках транспамежнай праграмы расказвае Рафал Баліньскі зь Міністэрства разьвіцьця.
Р.Баліньскі: Мне запамятаўся праект у галіне аховы здароўя, які ажыцьцяўляў Беластоцкі цэнтар анкалёгіі імя Марыі Складоўскай-Кюры разам з Гарадзенскай клінічнай бальніцай. Партнэры інвэставалі ў спэцыялізаванае абсталяваньне для выяўленьня магчымых анкалягічных захворваньняў. Грошы з праграмы дапамаглі ў разьвіцьці супрацоўніцтва па гістапаталягічнай дыягностыцы рака малочнай залозы і рака тоўстай кішкі. Бэнэфіцыяры правялі інфармацыйную кампанію сярод жыхароў, заахвочваючы іх больш часта абсьледавацца, і гэта дапамагло пачаць адпаведнае лячэньне пацыентаў з дыягназам рака.
Сувалкі таксама атрымалі карысьць ад Праграмы прыгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна ў папярэднія гады. Атрымалася пабудаваць спорт-залу, стадыён, шматфункцыянальную пляцоўку. У сваю чаргу па беларускім баку мяжы ў Ашмянах быў перабудаваны стадыён. Цяпер польскія дзеці наведваюць беларускія Ашмяны, прымаюць удзел у спартыўных спаборніцтвах. Таксама беларускія дзеці запрашаюцца на спартовыя імпрэзы па-суседзку ў Сувалкі. Таму Сувалкі вырашылі падаваць заяву на новую праграму ЭЗ на гады 2014-2020. Гміна рыхтуе заяву разам са сваім старым партнэрам, бо супрацоўніцтва з Ашмянамі яны вельмі хваляць.
Аб плянах расказвае Тадэвуш Холка (Tadeusz Chołko), войт гміны Сувалкі.
Т.Холка: Мы будзем падаваць заяву ў рамках культурнай спадчыны. Мы плянуем разбудаваць і пашыраць дзейнасьць дому культуры і вясковыя сьвятліцы, а таксама будзем падаваць праект на ахову навакольнага асяродзьдзя з улікам нашага Вігерскага нацыянальнага запаведніка. Мы хацелі б, каб наш праект прайшоў і скарыстацца гэтым фінансаваньнем. Грошы патрэбныя і нам, і беларусам.
Прыём заяваў будзе працягвацца да 31 сьнежня, - паведаміла Міністэрства разьвіцьця. Да падзелу на гэтым этапе больш за 80 мільёнаў эўра, у прыватнасьці на праекты, якія ўключаюць рэканструкцыю й працу гістарычных будынкаў, стварэньне сыстэмы турыстычнай інфармацыі. Таксама магчымае фінансаваньне аховы навакольнага асяродзьдзя. Прыярытэтным зьяўляецца павышэньне бясьпекі і якасьці існуючых транспартных сувязяў і разьвіцьцё экалягічна бясьпечных транспартных сыстэм. У фінансаваньні могуць таксама прымаць удзел праекты, якія спрыяюць павелічэньню патэнцыялу мяжы і паскараюць афармленьне на пунктах перасячэньня мяжы.
Эўразьвязаўскія сродкі Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна у гадах 2014-2020 прызначаюцца таксама на падтрымку праектаў прафіляктыкі экалягічных катастроф, стыхійных бедзтваў, надзвычайных сытуацый ды на сумесную барацьбу з арганізаванай злачыннасьцю.
яс/ПР1