Logo Polskiego Radia
Print

Студэнты ў Расеі апынуліся пад наглядам

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 25.10.2016 14:59
Група экспэртаў шукае ў расейскіх ВНУ „ачагоў” каляровых рэвалюцыяў.
Photo:Russian New University (RosNOU) /flickr.com/Commercial use allowed

Сярод выкладчыкаў і студэнтаў у Расеі расьце супраціў у дачыненьні да цяперашняй улады. Па гэтай прычыне, спэцыяльная група экспэртаў вандруе ад унівэрсытэта да ўнівэрсытэта з адмысловымі лекцыямі па „прадухіленьні каляровых рэвалюцый”. Экспэрты вывучаюць „патэнцыял студэнцкага пратэсту” й паведамляюць пра гэта „канкрэтным, спэцыялізаваным структурам”.

„Прафэсары й іншыя выкладчыкі цалкам не саромеюцца й праводзяць разбуральную, антыдзяржаўную прапаганду”, - сказаў кіраўнік групы Мікіта Данюк падчас канфэрэнцыі прарэктараў па справах навучаньня ў Маскве.

„Шчыра кажучы, Данюк невядомы ў асяродзьдзі расейскіх сацыёлягаў”, - кажа іранічна ў інтэрвію газэце „Rzeczpospolita” намесьнік кіраўніка маскоўскага „Левада-Цэнтр” Аляксей Гражданін.

Паводле сацыёляга, не існуе ніякіх дадзеных аб радыкалізацыі студэнтаў. Тым ня менш, „можна чакаць, што маладыя людзі рэагуюць на сёньняшнюю рэчаіснасьць вастрэй і больш радыкальна, і сярод іх сапраўды менш прыхільнікаў прэзыдэнта”.

Паводле газэты „Коммерсант”, экспэрты, якія наведваюць расейскія ВНУ, гэта супрацоўнікі Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і прагнозаў Расейскага ўнівэрсытэту дружбы народаў у Маскве. Да распаду Савецкага Саюза ў гэтай ВНУ навучаліся актывісты камуністычных партый краін Трэцяга сьвету, адтуль і цесныя сувязі вучэльні са спэцслужбамі.

Сочка за ВНУ ў Расеі працягваецца зь лютага 2015 году. Раней Крэмль сутыкнуўся са значным супрацівам у дачыненьні да сваёй палітыкі ў асяродзьдзі навукоўцаў. Самы вядомы прыклад - гэта прафэсар Андрэй Зубаў, які параўнаў анэксію Крыму да фашысцкага аншлюсу Аўстрыі ў 1938 годзе. За гэта вясной 2014 году навуковец быў выкінуты з прэстыжнага Дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін у Маскве, нагадвае выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт