Logo Polskiego Radia
Print

Польшча ідзе на вайну з “бэнзавозамі”

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.10.2016 16:54
  • вайна з бэнзавозамі.mp3
Урад рыхтуе новы пакет мер, каб скараціць пастаўкі нелегальнага паліва ў Польшчу.
Robert Couse-Baker/flickr.com

Асноўным ворагам чыноўнікі называюць памежных гандляроў ды кіроўцаў фур. Экспэрты зазначаюць, што маштаб паставак такога паліва ня варты столькіх высілкаў.

“Бэнзавозамі” называюць у народзе гандляроў паліва, якія возяць зь Беларусі ды Ўкраіны бэнзін у Польшчу, зарабляючы на розьніцы цэн.

Паводле падлікаў Польскай арганізацыі нафтавай прамысловасьці ды гандлю, чорны рынак бэнзіну ў Польшчы складае 7-8% ад агульнага, а дызэля ўсе 10%. Страты бюджэту лічацца ў мільярдах злотых (называюцца лічбы ад 3,5 да 4 мільярдаў гадавых страт).

Цяперашні ўрад вырашыў даць бой паліўным махлярам. Міністэрства фінансаў Польшчы падрыхтавала гэтак званы “транспартны пакет”, які ўводзіць дадатковыя меры кантролю за ўвозам тавараў у Польшчу і скіраваны на скарачэньне нелегальнага ўвозу паліва фірмамі, кіроўцамі фур ды памежнымі перавозьнікамі. Дадзены закон пачне дзейнічаць з новага году, распавёў галоўны інспэктар падатковага кантролю Веслаў Ясіньскі.

Веслаў Ясіньскі: На базе дадзенага закона, мы зьбіраемся стварыць сыстэму маніторынгу паставак тавараў, які будзе ўключаць рэгістар імпартаваных тавараў, а таксама сыстэму мабільнай камунікацыі. Транспартныя фірмы будуць праходзіць рэгістрацыю на смартфонах. Закон вызначае абшар рэгістрацыі. Закон прадугледжвае штрафы для кіроўцаў, якія парушаюць закон, на суму нават да 460% кошту тавару.

Далейшыя дэталі ўрад пакуль не раскрывае. Паведамляецца толькі, што гэта частка шырэйшага пляну па барацьбе з чорным рынкам у Польшчы. Гэтыя меры выклікаюць стрыманы аптымізм экспэртаў. Кошт паліва ў Польшчы залежыць у асноўным ад падаткаў, а дробныя перавозьнікі паліва зь Беларусі на рынак не ўплываюць, кажа паліўны аналітык Анджэй Шчэсьняк.

Анджэй Шчэсьняк: У Польшчы ўведзены новыя жорсткія правілы па гандлі палівам, якія малым прадпрыемствам не асіліць. Улады імкнуцца ў першую чаргу абмежаваць прывоз беларускага паліва празь Летуву. Прымежны гандаль, кантрабанда паліва сёньня моцна скарацілася. Прыватны прывоз немагчыма заблякаваць пры такой розьніцы цэн. Гэта ня мае ўплыву на эканоміку краіны, адчувальна бадай жа толькі ў памежных гмінах, дзе беларускае таннае паліва прыцягвае, але гэта не вялікі маштаб.

Гэта ўдарыць па бяднейшых групах насельніцтва, а эфэктыўнасьць невысокая, кажа беларускі эканаміст, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. Звычайныя “бэнзавозы” зарабляюць на літрах, нашмат больш паліва зь Беларусі ідзе па шэрых схемах па лініі ўладаў.

Яраслаў Раманчук: У Беларусі толькі нядаўна дазволены вываз паліва, таму гэта ня той маштаб сёньня. У першую чаргу гэтым палівам карысталіся бяднейшыя жыхары памежных польскіх рэгіёнаў. Кантроль трэба ўзмацніць за шэрымі схемамі паставак паліва зь Беларусі ў Эўропу. Паводле маіх падлікаў, каля 8 мільёнаў тон перапрацаванай расейскай нафты выходзіць зь Беларусі на Захад па шэрых схемах.

Транспартны і паліўны пакет моцна ня спыняць памежнага гандлю палівам. Пакуль будзе захоўвацца вялізарная розьніца ў цэнах паміж Польшчай і Беларусьсю ды Ўкраінай, памежны гандаль захаваецца. Тым больш, што ў бяднейшых усходніх рэгіёнах Польшчы попыт на таннае паліва з Усходу стабільна высокі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт