Ці адбудуцца ў Расеі дэмакратычныя перамены, і што можа іх выклікаць? Ці высокая верагоднасьць народных пратэстаў? Ці праб’юцца апазыцыянэры ў Дзяржаўную думу на бліжэйшых выбарах? І якую палітыку ў стасунку да Беларусі ды іншых суседзяў хочуць праводзіць расейскія дэмакраты? На гэтыя тэмы ў Варшаве разважалі Ўладзімір Ашуркаў, Раман Голубеў і Павел Пучкоў – сябры каманды расейскага апазыцыйнага лідара Аляксея Навальнага. Яны прыехалі ў польскую сталіцу, каб прадставіць кнігу «Дыялёгі» аўтарства Аляксея Навальнага і Адама Міхніка – вядомага публіцыста, аднаго з лідараў польскай дэмакратычнай апазыцыі 80-х.
Ўладзімір Ашуркаў, Раман Голубеў і Павал Пучкоў – сябры незарэгістраванай у Расеі апазыцыйнай «Партии прогресса». Аднак большую вядомасьць Навальны ды яго людзі заваявалі не прапагандай лібэральных ідэяў, а барацьбой з карупцыяй. Хіба што самыя вядомыя іх ініцыятывы – гэта Фонд барацьбы з карупцыяй і праект «РОСЖКХ».
Карупцыяй і бяспраўем у Расеі абураныя мільёны людзей, аднак расейская апазыцыя ня мае масавай падтрымкі – прызнае выканаўчы дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Ўладзімір Ашуркаў.
Апазыцыя страціла падтрымку з-за рэпрэсіяў, адсутнасьці доступу да СМІ, а таксама тэлепрапаганды, якая распальвае нецярпімасьць і пераконвае людзей, што альтэрнатывы Пуціну няма. Сыстэма Пуціна падаецца каменнай, але насамрэч яна пахісьнецца ўжо ў бліжэйшую пару гадоў – лічыць Ўладзімір Ашуркаў.
Уладзімер Ашуркаў: Я не люблю казаць пра тэрміны, але існуючая сыстэма ня вельмі стабільная. Яна пачынае разбурацца на нашых вачах. У бліжэйшыя гады яна альбо разбурыцца, альбо вельмі моцна зьменіцца. Сёньняшнія мэтады кіраваньня краінай і эканомікай ствараюць вельмі многа незадаволеных. Іх колькасьць увесь час павялічваецца. Гэта датычыць малазабясьпечаных слаёў насельніцтва, якія губляюць працу, даходы якіх памяншаюцца. Гэта датычыць і прадпрымальнікаў, якім усё складаней весьці бізнэс на рынку, які падае. У дадатак яны на сабе адчуваюць залішняе дзяржаўнае рэгуляваньне й становяцца ахвярамі рэйдэрства сілавых структураў. Раней ці пазьней гэтая незадаволенасьць дасягне такога ўзроўню, калі яна прывядзе да палітычных пераменаў.
Хто стане рухавіком пратэстаў у Расеі? Гэта ня будуць рабочыя ці бюджэтнікі. Пратэст у Расеі можа арганізаваць толькі малы й сярэдні бізнэс – перакананы тульскі прадпрымальнік Раман Голубеў.
Раман Голубеў: Пэнсіянэры ніколі ня выйдуць на вуліцу. Паверце: у Расеі ня будзе бунту пэнсіянэраў. Той хто пакутуе найбольш – гэта сярэдні кляс. Гэта малы й сярэдні бізнэс. Буйны бізнэс падпарадкаваны ўладзе й пераплецены зь ёй. Ён ніколі ня будзе пратэставаць. Ня будуць пратэставаць і дзяржпрадпрыемствы, калі іх рабочым будуць плаціць менш. Калі ў монагарадах альбо гарадах, як Тула, дзе многа абаронных прадпрыемстваў, людзі пачнуць атрымліваць менш, яны будуць скардзіцца й патрабаваць памяняць ім дырэктара. Іх пратэст ня будзе скіраваны супраць улады. Таму палітычны пратэст магчымы толькі сярод сярэдняга клясу.
Ужо ў будучую нядзелю ў Расеі адбудуцца выбары ў Дзяржаўную думу. У выбарах удзельнічаюць апазыцыйныя «Партия народной свободы», «Яблоко» й «Партия роста». Расейскія чыноўнікі выкарыстоўваюць «адміністрацыйны рэсурс», апазыцыянэры маюць вельмі абмежаваны доступ да СМІ, аднак Расея занадта вялікая, каб улады поўнасьцю кантралявалі ход выбараў – мяркуе сябра каманды Навальнага гісторык Павел Пучкоў. Некалькі апанэнтаў Пуціна сапраўды могуць патрапіць у парлямэнт – мяркуе апазыцыянэр.
Павал Пучкоў: Можа адбыцца ўсё, што заўгодна. У рэшце рэшт, ніхто на мінулых выбарах не чакаў, што «Единая Россия» набярэ менш за 50%, што спосабы, якімі гэтыя працэнты набіраліся, выклічуць масавыя пратэсты. Тым ня менш, гэта адбылося. Можа быць, нешта адбудзецца і ў гэты раз.
Як «людзі Навальнага» глядзяць на зьнешнюю палітыку? Беларускія СМІ падазраюць Аляксея Навальнага ды яго прыхільнікаў у імпэрскіх поглядах. Ўладзімер Ашуркаў аказаўся, аднак, далёкі ад імпэрскасьці. На думку бліжэйшага паплечніка Навальнага, новая дэмакратычная Расея павінна будаваць з Беларусьсю прагматычныя стасункі. Ашуркаў спадзяецца, што гэтыя стасункі будуць саюзьніцкія.
Уладзімер Ашуркаў: Аўтарытарны характар рэжымаў у Беларусі й Расеі прыводзіць да таго, што адносіны паміж нашымі краінамі скажаюцца. У іх уключаюцца палітычныя й эканамічныя інтарэсы, якія не ідуць на карысьць нашым народам. Я перакананы, што калі дэмакратычныя перамены адбудуцца і ў Расеі, і ў Беларусі, то для нашых краінаў будзе натуральным быць саюзьнікамі і супрацоўнічаць па ўсіх накірунках.
Расейскія дэмакраты ня будуць перашкаджаць, кал і Беларусь, як і Ўкраіна, вырашыць інтэгравацца з Эўрапейскім Зьвязам. Сама Расея павінна абраць эўрапейскі шлях разьвіцьця – перакананы Ўладзімер Ашуркаў.
Уладзімер Ашуркаў: Я лічу, што Расея зьяўляецца часткай эўрапейскай цывілізацыі – і гістарычна, і культурна, і з рэлігійнага пункту гледжаньня. Таму для Расеі натуральна імкнуцца ў Эўропу. А што такое Эўропа? Гэта ня нейкія палітычныя ці вайсковыя саюзы. Гэта перадусім эўрапейскія каштоўнасьці: рэпрэзэнтатыўная палітычная сыстэма, свабодныя выбары, незалежная судовая сыстэма, свабодныя сродкі масавай інфармацыі й свабодная грамадзянская супольнасьць. Для Расеі, безумоўна, будзе добра, калі беларускі народ зробіць выбар у гэтым накірунку. Я думаю, і расейскі народ у бліжэйшай будучыні зробіць такі жа выбар.
Расейскія апазыцыянэры не чакаюць, што ўлада магічным чынам упадзе ў іх рукі. Больш за тое, яны лічаць, што пасьля адыходу Пуціна большасьць яго чыноўнікаў захавае свае пасады. Задача людзей Навальнага, як і іншых расійскіх дэмакратаў – пашыраць уплывы ў грамадзтве, каб мець больш важкі голас пры «круглым стале», за якім будзе вырашацца лёс пасьляпуцінскай Расеі. Хто бы ні прыйшоў на замену Пуціну, ён будзе вымушаны нашмат больш прыслухоўвацца да голасу розных групаў грамадзтва – падкрэсьліў Уладзімер Ашуркаў.
Аляксандр Папко