Эва Бласік: Фільм "Смаленск" паказвае праўду пра катастрофу
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
09.09.2016 11:53
У пятніцу на экраны польскіх кінатэатраў уваходзіць карціна, прысьвечаная авіякатастрофе 10 красавіка 2010 года.
Эва Бласік (з левага боку) з акторкай Альдонай Струзік, якая грае яе ў фільмеPAP/wPolityce
У пятніцу на экраны польскіх кінатэатраў уваходзіць фільм рэжысёра Антоні Краузэ «Смаленск». У ім расказваецца пра авіякатастрофу прэзыдэнцкага самалёта Ту-154М, які разьбіўся пад Смаленскам у Расеі 10 красавіка 2010 года. Загінулі 96 чалавек, высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі, у тым ліку прэзыдэнт Лех Качыньскі з жонкаю.
СМІ па-рознаму ацэньваюць мастацкую вартасьць кінастужкі, але падкрэсьліваецца толе, што яна добра паказвае, як расейскія спэцслужбы маніпулявалі журналістамі, навязваючы ім адну вэрсію падзей – вінаватыя толькі пілёты.
З нагоды прэм’ернага паказу фільму, выданьне wPolityce публікуе інтэрвію з удавой генэрала Анджэя Бласіка Эвай. (Нагадаем, яе муж, галоўнакамандуючы польскімі паветранымі сіламі, загінуў у Смаленску. Пасьля здарэньня яго абвінавачвалі ў прэсінгу на пілётаў, каб яны прызямляліся, нягледзячы ні на што. Былі таксама паведамленьні з расейскага боку, што ў крыві генэрала быў алькаголь – нг).
Перад паказам Эва Бласік прымала ўдзел разам з прэзыдэнтам Анджэем Дудам у адкрыцьці помніка свайму мужу ў ваеннай базе. Гэта сымбалічны канец змаганьня за добрае імя Анджэя Бласіка. «Многія вайскоўцы кажуць мне, што цяпер яны адчуваюць сябе на многа лепш, паколькі раней ім было прыкра, што генэрала вінавацілі ў катастрофе. Яны ведаюць, колькі ён зрабіў для арміі, і што быў зусім іншым чалавекам, чым прадстаўляюць у некаторых СМІ», – адзначае суразмоўца выданьня.
Рэжысёр паказаў другі бок катастрофы, праўду пра тое, як пакутавалі блізкія ахвяр. З самага пачатку стужка асноўваецца на праўдзе, на фактах, – гаворыць Бласік. І дадае, што цяпер палякі могуць убачыць, як яна змагалася за тое, каб вярнуць мужу гонар. Яна вельмі цешыцца, што патранаж над фільмам узяў на сябе прэзыдэнт Анджэй Дуда, што ён быў на прэм’ерным паказе. Варта было б, каб вайскоўцы ўбачылі гэты фільм. Калі хтосьці глядзеў камэрцыйную станцыю TVN пасьля крушэньня самалёту, то ён ня ведае праўды, – адзначае Эва Бласік.
У фільме ёсьць эмацыйная сцэна, калі сустракаюцца ахвяры Катыні і Смаленска. Гэта афіцэры, забітыя тут звыш 70 гадоў таму і тыя, хто загінуў у гадавіну іх сьмерці. Гэта дазваляе спадзявацца, што іх ахвяра не была непатрэбнай. Фільм «Смаленск» – моцны доказ таго, што праўда пераможа, – гаворыць Эва Бласік.
wPolityce.pl/нг