Logo Polskiego Radia
Print

"Экстрадыцыя С. Міхніка была б гістарычнай справядлівасьцю"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.08.2016 16:11
  • michnik.mp3
Стэфан Міхнік, крывавы судзьдзя сталінскіх часоў, у Швэцыі працаваў спакойным бібліятэкарам.
Стэфан МіхнікСтэфан Міхнікcommons.wikimedia.org

Далёка ня ўсе злачынствы сталінскіх часоў у Польшчы былі расьсьледаваныя, а іх аўтары пакараныя. Дагэтуль не ўдаецца дабіцца экстрадыцыі са Швэцыі сталінскага крывавага судзьдзі Стэфана Міхніка, які выдаваў сьмяротныя прысуды на «ворагаў народа». Нягледзячы на тое, што Інстытут нацыянальнай памяці займаецца справай з 1999 года, Міхніку да гэтага часу ўдаецца пазьбягаць адказнасьці за свае ўчынкі.

Экстрадыцыя Стэфана Міхніка была адным зь першых абяцаньняў прафэсара Вітальда Кулешы, кіраўніка сьледчага аддзелу Інстытуту нацыянальнай памяці. Аднак толькі ў 2010 годзе Ваенны гарнізонны суд у Варшаве, па рэкамэндацыі ІНП, выдаў ордэр на арышт былога судзьдзі, але швэдзкі суд адмовіў у выдачы Міхніка, паколькі, згодна швэдзкім законам, ужо мінуў тэрмін даўніны, калі было магчымае пакараньне за дадзеныя злачынствы. Тым ня менш, ці існуе яшчэ магчымасьць пакараньня сталінскага ката? На гэтае пытаньне адказвае публіцыст Тадэуш Плужаньскі, аўтар шматлікіх кніг пра нераскрытыя злачынствы камуністычных часоў.

Т. Плужаньскі: Будзем спадзявацца, што пакараньне гэтага злачынцы будзе магчымым. Мяне вельмі цешыць абяцаньне новага старшыні Інстытуту нацыянальнай памяці Яраслава Шарэка, што гэтая ўстанова зробіць адпаведныя крокі дзеля выдачы Міхніка, які зьяўляецца грамадзянінам Швэцыі. Нагадаем, што ён выдаваў сьмяротныя прысуду супраць польскіх герояў, патрыётаў, «выклятых жаўнераў», як мы іх сёньня называем. Ён асуджаў на сьмерць тых, хто змагаўся з савецкай акупацыяй Польшчы. Нельга забываць, што Стэфан Міхнік – зводны брат галоўнага рэдактара выданьня «Gazeta Wyborcza» Адама Міхніка. Гэтае выданьне ў вялікай ступені фармуе грамадзкую думку ў Польшчы. Таму ня дзіўна, што газэта не зацікаўлена паведамляць пра яго злачынствы і каб за гэтыя злачынствы аўтары былі пакараныя.

Стэфан Міхнік выдаў як мінімум 9 сьмяротных прысудаў супраць асоб, якія змагаліся з савецкай уладай. Частка з іх была выкананая, хаця да гэтага часу няма поўнай інфармацыі пра яго ахвяр. Чаму за некалькі дзесяткаў гадоў свабоднай польскай дзяржавы не ўдалося дабіцца экстрадыцыі былога судзьдзі са Швэцыі?

Т. Плужаньскі: Польская дзяржава рабіла крокі дзеля таго, каб элемэнтарная справядлівасьць перамагла. Аднак яны былі няўдалыя. Да таго часу, пакуль не было Інстытуту нацыянальнай памяці, гэтыя стараньні былі немагчымыя, а калі ўстанова была створаная, бюракратычныя працэдуры цягнуліся гадамі, і таксама падыход розных старшыняў быў розны, ня ўсе галоўнай задачай ставілі пакараньне сталінскіх злачынцаў. А калі ўрэшце быў адпраўлены запыт аб экстрадыцыі, то са Швэцыі прыйшоў адказ, што закончыўся ўжо тэрмін даўніны злачынстваў. У Швэцыі ён быў спакойным бібліятэкарам, не рабіў нічога дрэннага. Тым ня менш, ад рашучасьці польскіх устаноў залежыць, ці на гэты раз запыт будзе разгледжаны пазытыўна. Цяпер ёсьць палітычная воля з польскага боку, таму, як мне здаецца, экстрадыцыя будзе магчымай.

Нагадаем, што дзейнасьць Стэфана Міхніка ў Польшчы была адназначна названая злачынствам камуністычных часоў. Ён поўнасьцю разумеў, што робіць і якая адказнасьць можа яго чакаць. Усе асобы, якія атрымалі ад яго прысуды, былі рэабілітаваныя ў пазьнейшым тэрміне, у тым ліку некаторыя пасьмяротна.

Т. Плужаньскі: Так, справа выглядае элемэнтарнай. Гісторыкі ўжо асудзілі Стэфана Міхніка, але важна таксама, каб афіцыйныя органы яго асудзілі, назвалі злачынцам, у якога на руках кроў нявінных людзей. Гэта будзе з аднаго боку перасьцярога, а з іншага боку ўрок для будучых пакаленьняў. Калі б мы не каралі сталінскіх злачынцаў, то праз нейкі час магло б аказацца, што ў Польшчы не было камунізму, не было судзьдзяў, пракурораў, якія працавалі ў гэтай злачыннай махіне. Дарэчы, Міхнік быў ня толькі судзьдзёй, быў таксама тайным супрацоўнікам вайсковых службаў, які данасіў на сваіх калег у войску.

Пакараньне Стэфана Міхніка нельга назваць антысэмітызмам (ён па паходжаньні габрэй), ці палітычнай помстай, – кажа суразмоўца Польскага радыё публіцыст Тадэуш Плужаньскі. Гэта будзе элемэнтарная гістарычная справядлівасьць.

Размаўляла Галіна Оста/пер. Натальлі Грышкевіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт