Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўская бітва вызначыла лёс ня толькі палякаў, але й беларусаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.08.2016 17:13
  • Варшаўская бітва вызначыла лёс ня толькі палякаў, але й беларусаў.mp3
«Перамога Польшчы над бальшавікамі ў 1920-м ня толькі прывяла да Рыскага міру, але й паспрыяла станаўленьню беларускай нацыі», – гісторык.
Карціна "Цуд на Вісьле", прысьвечаная перамозе ў Варшаўскай бітве. Мастак Ежы Косак, 1930 г.Карціна "Цуд на Вісьле", прысьвечаная перамозе ў Варшаўскай бітве. Мастак Ежы Косак, 1930 г.

Варшаўская бітва 1920 году лічыцца адной з лёсавызначальных датаў польскай і агульнаэўрапейскай гісторыі. 15 ліпеня – дзень, калі войскі пад камандаваньнем Юзафа Пілсудскага перамаглі армію Міхаіла Тухачэўскага – адзначаецца як сьвята Войска Польскага. Польшча адстаяла сваю незалежнасьць, а Эўропа была ўратаваная ад камуністычнай дыктатуры. Варшаўская бітва кардынальным чынам паўплывала й на лёс Беларусі. Перамога Польшчы над Чырвонай арміяй ня толькі прывяла да трагічнага Рыскага міру, але й паспрыяла станаўленьню беларускай нацыі. Пра значэньне Варшаўскай бітвы для гісторыі Беларусі расказваюць беларускія дасьледчыкі.

«Праз труп белай Польшчы ляжыць шлях да сусьветнага пажару. На штыхах панясем шчасьце й мір працоўнаму чалавецтву. На Захад!» – такі загад 2 ліпеня 1920 году выдаў камандуючы войскамі заходняга фронту Міхаіл Тухачэўскі. 100-тысячная армія краіны Саветаў ударыла ў накірунку Варшавы.

Ужо 23 ліпеня ў Смаленску быў сфармаваны камуністычны ўрад Польшчы на чале з Юліянам Мархлеўскім і Феліксам Дзяржынскім, які быў гатовы ператварыць Польшчу ў адну з савецкіх рэспублік. Але Тухачэўскі ставіў перад сабой значна больш амбітныя мэты – панесьці пажар сусьветнай рэвалюцыі ў Нямеччыну.

Лідары
Лідары бальшавікоў спадзяваліся, што паход Чырвонай арміі выкліча рэвалюцыю ва ўсёй Эўропе. Савецкі плякат 1920 г. Крыніца: wikimedia commons

Войскі Савецкай Расеі імкліва прасоўваліся на Захад. 11 ліпеня Чырвоная армія заняла Менск, 1 жніўня – Берасьце, а ўжо праз тыдзень войскі бальшавікоў стаялі ў дзесятку кілямэтраў ад польскай сталіцы.

12 жніўня пачалася Варшаўская бітва. У перамогу Польшчы верылі нямногія з замежных назіральнікаў. Аднак, дзякуючы сьмеламу манэўру, войскам пад камандаваньне Юзафа Пілсудскага й Эдварда Рыдза-Сьміглага ўдалося прарваць фронт і акружыць армію Тухачэўскага. 15 жніўня войскі Савецкай Расеі пачалі імкліва адступаць.

Варшаўская бітва стала лёсавызначальнай для Эўропы. Яна ўратавала кантынэнт ад камуністычнай дыктатуры – кажа гісторык Юры Грыбоўскі.

Ю. Грыбоўскі: І Ленін, і Троцкі, і іншыя правадыры бальшавікоў былі перакананыя, што аслабленая вялікай вайной Эўропа будзе падатлівая на іх лёзунгі. Перадумовы да гэтага былі. Мы ведаем, што ў Нямеччыне, Вугоршчыне, Славаччыне былі групы, якія спачувалі бальшавікам. Былі нават тыя, хто падымалі паўстаньні, беручы зь іх прыклад. Калі б наступ бальшавікоў быў удалы – то ўвесь рэгіён спасьцігнуў бы лёс Савецкай Расеі.

На
На абарону Варшавы паднялася і інтэлігенцыя, і рабочыя. На здымку: дабравольцы Войска Польскага 1920 г. Крыніца: wikimedia commons


Падчас Варшаўскай бітвы вырашаўся таксама і беларускі лёс. У Польшчы прыхільнікі стварэньня «адзінай і непадзельнай» дзяржавы спрачаліся з прыхільнікамі стварэньня фэдэрацыі, якая б уключала Ўкраіну й Беларусь. Сымпатыі «бацькоў» беларускай нацыі былі таксама падзеленыя – кажа гісторык Ігар Мельнікаў

І. Мельнікаў: Падчас Варшаўскай бітвы ў сталіцы Польшчы знаходзілася кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі. Рознагалосьсі ў ім былі вельмі цікавыя. Тарашкевіч падтрымліваў бальшавікоў і лічыў, што будучыню Беларусі вызначыць Ленін і яго паплечнікі. А Вацлаў Іваноўскі вельмі баяўся, што бальшавікі захопяць Эўропу. Гэта вельмі добра паказвае, чаго беларусы чакалі ад гэтай бітвы.

У выніку Варшаўскай бітвы і некалькіх пасьпяховых вайсковых апэрацыяў Польшча перамагла савецкую дзяржаву. 18 сакавіка 1921 году ў Рызе быў падпісаны мір. У выніку яго мяжа паміж дзьвюмя краінамі на два дзесяцігодзьдзі пралягла празь землі, населеныя беларусамі. Рыскі мір лічыцца трагедыяй беларускага народу. Аднак без «рыскага падзелу» не было б і беларускай дзяржаўнасьці – нечакана зазначае гісторык Андрэй Вашкевіч.

Беларуская
Беларуская карыкатура 1921 г. Крыніца: wikimedia commons

А. Вашкевіч: За Беларусь усе 20-я 30-я гады ішла барацьба: палітычная, культурная, ідэалягічная, вайсковая. А калі б Беларусь цалкам апынулася ў складзе Савецкай Расеі, то не факт, што асобная беларуская дзяржаўнасьць была б патрэбная бальшавікам.

Камуністы стварылі БССР і пачалі беларусізацыю з мэтай заваяваць сымпатыі беларусаў, якія жылі на тэрыторыі тагачаснай Польшчы. Калі б уся Беларусь апынулася ў межах савецкай дзяржавы, то Масква б ня мела патрэбы ў разьвіцьці беларускай культуры. Беларусь культурна ды адміністрацыйна магла б стаць адным з рэгіёнаў Расеі – мяркуе гісторык.

Змаганьне паміж Польшчай і Савецкай Расеяй за сэрцы й розумы беларусаў пайшло на карысьць беларускай справе – лічыць Андрэй Вашкевіч.

А. Вашкевіч: Дасьледуючы баявыя дзеяньні генэрала Балаховіча ў ліпені 1920 году, я знайшоў улёткі, надрукаваныя на беларускай мове як палякамі, так і Чырвонай арміяй. Улёткі палякаў былі надрукаваныя лацінкай, а ўлёткі камандаваньня Заходняга фронту – кірыліцай. Беларусаў спрабавалі перацягнуць на свой бок, і гэта беларусам пайшло на карысьць.

Беларусізацыя:
Беларусізацыя: Менскі вакзал, 1920-я гады. Крыніца: budzma.by


У Варшаўскай бітве, як і ва ўсёй Польска-савецкай вайне, прымалі ўдзел шмат ураджэнцаў беларускай зямлі – прычым па абодвух баках. З польскага боку ў ёй удзельнічалі курсанты сяржанцкіх школаў, разьмешчаных у Варшаве. Служылі беларусы ў і Літоўска-Беларускіх дывізіях Войска Польскага – расказвае Юры Грыбўскі.

Ю Грыбоўскі: Чырвоная армія папаўнялася жаўнерамі фактычна на хаду. Праводзілася мабілізацыя, і беларускія сяляне, часта прымусова, забіраліся ў войска. У кантэксьце ўдзелу беларусаў у Польска-савецкай вайне часта ўзгадваюцца Першая й Другая Літоўска-Беларускія дывізіі. Некаторыя дасьледчыкі залічваюць гэтыя фармаваньні да чыста беларускіх паводле нацыянальнага складу. У рэчаіснасьці гэтыя злучэньні складаліся з жыхароў гістарычнай Літвы й гістарычнай Беларусі. У іх складзе, безумоўна, былі й беларусы, але гэта былі шматнацыянальныя фармаваньні, у якіх пераважалі польскія жаўнеры.

Удзел у Варшаўскай бітве прымаў і атрад Станіслава Булак-Балаховіча, у якім было нямала беларусаў – дадае Ігар Мельнікаў.

І. Мельнікаў: Значную частку атраду Станіслава Булак-Балаховіча складалі этнічныя беларусы. Гэты атрад паўплываў на перамогу Войска Польскага падчас наступленьня пад Радзымінам. Гэтае наступленьне расьсекла фронт бальшавікоў і прывяло да вызваленьня Мінска Мазавецкага. Досьвед дывэрсійных дзеяньняў частак генэрала Булак-Балаховіча быў эфэктыўна выкарыстаны палякамі.

Генэрал
Генэрал Булак-Балаховіч з падначаленымі. 14 сакавіка 1920 г. Крыніца: wikimedia commons


Пасьля заканчэньня Польска-савецкай вайны беларускім нацыянальным элітам прыйшлося рабіць нялёгкі выбар – зазначае Ігар Мельнікаў. Тыя нацыянальныя лідары, якія вярнуліся ў Менск, паверыўшы, што бальшавікі створаць сапраўдную беларускую дзяржаўнасьць, сталі ахвярамі масавага тэрору 1930-х гадоў. Тыя ж, хто засталіся ў Польшчы, не дачакаліся ад польскіх уладаў нацыянальнай аўтаноміі.

«Лёс Беларусі, на жаль, вызначалі без нас. Урокі мінулага павінныя навучыць нас, што сваю ўласную дзяржаўнасьць трэба адстойваць, а сваю гісторыю неабходна ведаць», – падсумоўвае Ігар Мельнікаў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт