Logo Polskiego Radia
Print

Варшавяне высылаюць паштоўкі паўстанцам

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 06.08.2016 15:06
  • паштоўкі паўстанцам.mp3
Жнівень і верасень – гэта месяцы, калі штогод узгадваецца Варшаўскае паўстаньне.

Адной з сёлетніх форм ушанаваньня памяці паўстанцаў стала акцыя «Герой ЁН – уключы гісторыю». У яе рамках можна падрыхтаваць паштоўку й выслаць яе паўстанцу.

Ініцыятарка праекту «Герой Ён» Агнешка Лэсюк падкрэсьлівае, што такім чынам кожны можа ўшанаваць яшчэ жывых паўстанцаў так, як кожны гэта адчувае, сваімі ўласнымі словамі.

А. Лэсюк: Акцыя падрыхтаваная для ўсіх, для людзей усіх узростаў. Кожны, хто захоча выслаць паштоўку паўстанцу, можа напісаць нешта прыватнае, ад шчырага сэрца. Можна таксама пакінуць свой адрас. Уваходзячы на старонку bochateron.pl, можна знайсьці інфармацыю пра канкрэтных паўстанцаў, іх здымкі й кароткую біяграфію. І там можна выбраць асобу, да якой можна напісаць ліст.

Праект «Герой Ён» зьяўляецца працягам акцыі «Паштоўка для паўстанца», у якой малыя пацыенты шпіталяў пісалі падзякі героям з 1944 году. Уладзіслаў Расіньскі, які будучы маладым хлопцам змагаўся ў паўстаньні, атрымаў некалькі паштовак. Ён сказаў, што для яго было вельмі важна, што маладыя людзі пра яго памятаюць.

У. Расіньскі: Па-першае, я быў вельмі ўзрушаны. Гэта таксама было важна, паколькі я зусім самотны, у мяне няма нікога. Я сам гатую, прыбіраю, бо ня маю ніякай сямʼі. Усе альбо памерлі, альбо загінулі. Некаторыя абараняючы Варшаву ў 1939 годзе, ці пазьней у паўстаньні.

Патранаж над акцыяй узяло Польскае радыё. Віцэ-старшныня радыё Ежы Класіньскі кажа, што кіраўніцтва Польскага радыё надае вялікую ўвагу гістарычнай памяці.

Е. Класіньскі: Асаблівым чынам мы імкнёмся паказваць лёсы людзей, якія мелі значны ўплыў на польскую гісторыю, змагаліся за незалежнасьць. Паўстанцы Варшавы адыгралі ключавую ролю ў гісторыі Польшчы, у кшталтаваньні сьвядомасьці палякаў. Таму мы ганарымся тым, што можам прымаць удзел у гэтай акцыі.

На інтэрнэт-старонцы www.bohateron.pl знаходзяцца здымкі й кароткія біяграфіі асоб, якім можна напісаць ліст. Такую паштоўку за нас можа выслаць Музэй Варшаўскага паўстаньня, які супрацоўнічае з арганізатарамі акцыі.

Паштоўкі цягам жніўня даступныя ў некаторых паштовых аддзяленьнях, у Музэі Варшаўскага паўстаньня, іх таксама раздаюць падчас канцэртаў летняй трасы Польскага радыё «Лета з радыёпрыёмнікам». Сымбалічную паштоўку можна таксама выслаць па інтэрнэце. Яе раздрукуюць і перададуць канкрэтнай асобе.

Акцыя будзе працягвацца да 2 кастрычніка. Гэта дзень завяршэньня Варшаўскага паўстаньня.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт