Вялікае Княства Літоўскае вяртаецца ў гістарычную памяць беларусаў. Яшчэ дзесяць гадоў таму ў падручніках дамінавалі погляды людзей, якія не ўспрымалі беларусаў як асобны народ, а ВКЛ лічылі «чужой дзяржавай». Цяпер жа падручнікі апісваюць Вялікае Княства як дзяржаву, якая разьвівала беларускую культуру, а на вуліцах беларускіх гарадоў ставяць помнікі вялікім князям. Што падштурхнула Менск пераглядзець гістарычную палітыку? Чаму з ініцыятывай ушанаваць князёў і канцлераў выступаюць мясцовыя чыноўнікі? На гэтыя тэмы мы размаўляем зь вядомымі беларускімі гісторыкамі Генадзем Сагановічам і Алесем Смаленчуком, якія прынялі ўдзел у XIII Варшаўскай усходнеэўрапейскай канфэрэнцыі.
Пасьля прыходу да ўлады Аляксандар Лукашэнка й яго каманда радыкальна зьмянілі беларускую гістарычную палітыку. Эпоху ВКЛ, якую ў першыя гады незалежнасьці называлі «залатым векам беларускай дзяржаўнасьці», пачалі паказваць як пэрыяд, калі беларускія землі былі «штучна адарваныя ад расейскага народу». У падручнікі й дзяржаўныя СМІ вярнуліся савецкія тэзісы пра Вялікае Княства як дзяржаву «летувіскіх фэадалаў», якія прыгняталі «праваслаўных беларускіх сялянаў». Распаўсюджваў гэтыя тэзісы настаўнік гісторыі Аляксандра Лукашэнкі Якаў Трашчанок, які не лічыў беларусаў асобным народам.
Аднак падручнікі Трашчанка не апанавалі беларускіх школаў, а каля 10 гадоў таму ў гістарычнай палітыцы адбыліся значныя зьмены. Пра Вялікае Княства Літоўскае пачалі казаць як пра дзяржаву, якая разьвівала беларускую культуру ды зрабіла магчымай сёньняшнюю беларускую дзяржаўнасьць. Фэномен «рэабілітацыі ВКЛ» заўважыў кандыдат гістарычных навук Генадзь Сагановіч.
Генадзь Сагановіч
Г. Сагановіч: Зьмены гэтыя пачаліся яшчэ ў часы Трашчанка, які быў галоўным ініцыятарам «рэвізіі» гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Недзе ў 2009 годзе Міністэрства адукацыі пачало маргіналізаваць адыёзныя падручнікі. Іх перасталі даваць у рэкамэндацыях. Рэкамэндацыі Міністэрства адукацыі адыгрываюць вельмі важную ролю, бо беларуская сыстэма вельмі цэнтралізаваная. І ў гэтых рэкамэндацыях ад 2008 году не было ніякіх Трашчанкоў. Ім на зьмену прыйшлі кампрамісныя падручнікі, а гадоў 5-6 таму вярнулася нармальная беларусацэнтрычная інтэрпрэтацыя гісторыі.
Даўжэй за ўсё ў нэгатыўным сьвятле эпоху Вялікага Княства апісваў часопіс «Беларуская думка» – афіцыйнае выданьне Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Аднак пасьля таго, як «русский мир» агнём і мячом пачаў абʼядноўваць Уладзімер Пуцін, нават «Беларуская думка» зьмяніла тон сваіх артыкулаў – заўважае Генадзь Сагановіч.
Г. Сагановіч: Пасьля таго, што адбылося ва Ўкраіне, я заўважыў зьмену акцэнтаў нават на старонках «Беларускай думкі». Антызаходнія акцэнты зьніклі, постаці з эпохі Вялікага Княства Літоўскага сталі ацэньвацца пазытыўна.
Асабліва цікава назіраць за зьменамі ў гістарычнай палітыцы, выражанай у помніках. Упершыню з 80-х гадоў у Беларусі пачалі ставіць манумэнты дзеячам даўняга мінулага.
Г. Сагановіч: У савецкія часы помнікі ў Беларусі маглі ставіць толькі асобам з гісторыі культуры, а не з дзяржаўна-палітычнай гісторыі. Пры Лукашэнку, наўмысна ці не, такія помнікі пачалі ставіць. У 2007 годзе быў пастаўлены помнік Усяславу Чарадзею, потым – Льву Сапегу, два гады таму ў Віцебску быў пастаўлены помнік князю Альгерду. Рыхтуюцца помнікі Міндоўгу й Гедыміну. А тое, што ў Віцебску адразу пасьля помніка Альгерду быў пастаўлены помнік Аляксандру Неўскаму, сьведчыць, што Аляксандар Лукашэнка ў сёньняшніх умовах ня можа парушыць палітычны балянс і сапсаваць адносіны з Расеяй.
Цікава, што ініцыятыва паставіць помнік Льву Сапегу ў Слоніме, Гедыміну – у Лідзе і Міндоўгу – у Наваградку належала да мясцовых чыноўнікаў і была падтрыманая мясцовымі жыхарамі. Чаму мясцовыя чыноўнікі пачынаюць цікавіцца гісторыяй свайго гораду? Адказ просты – ім хочацца «людзьмі звацца», кажа Генадзь Сагановіч.
Г. Сагановіч: Зьяўленьне патрыятызму ў лякальных элітаў – вельмі натуральная зьява. Яны павінныя шукаць прыклады зь мінулага, якія б сталі падставай для гонару – каб адчуваць сябе людзьмі. Мінулае – гэта тое, што можа дапамагчы як асобе, так і супольнасьці зразумець сваю індывідуальнасьць, знайсьці падставы для гонару, усьвядоміць сябе як нешта ўнікальнае й адметнае.
Прычыны зьмены гістарычнай палітыкі відавочныя – гэта страх перад Расеяй, якая ўспрымае постсавецкія рэспублікі з расейскамоўным насельніцтвам як гістарычную памылку, якую варта выправіць. Аднак ці не не пачнуць перапісваць падручнікі зноў, калі Менск перастане ўспрымаць расейскі нацыяналізм як галоўную пагрозу? На гэтае пытаньне Генадзь Сагановіч адказаць ня можа.
Г. Сагановіч: Беларусь застаецца аўтарытарнай краінай. Таму гістарычная палітыка моцна залежыць ад думак і рашэньняў Алдяксандра Лукашэнкі й чыноўнікаў, якія на яго глядзяць і баяцца. У гістарычнай палітыцы назіраецца пазытыўная тэндэнцыя, але ці будзе яна дамінаваць у бліжэйшай будучыні – гэтага я спрагназаваць не магу. Усё залежыць ад палітычнай сытуацыі.
Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук ставіцца да тэзаў Генадзя Сагановіча крытычна. Калі гісторыя Сярэднявечча вызваляецца ад савецкіх ідэалягічных штампаў, то яны па-ранейшаму дамінуюць у гісторыі ХІХ і ХХ стагодзьдзяў. З унівэрсытэтаў, асабліва абласных, па-ранейшаму звальняюць «неляяльных» дасьледчыкаў. «Істотных пераменаў у гістарычнай палітыцы я ня бачу», – сьцьвярджае Алесь Смалянчук.
Алесь Смалянчук
А. Смалянчук: Я наогул ня бачу пазытыўных зьменаў. Для мяне галоўнае ў гістарычнай палітыцы – гэта пазыцыя й месца самога гісторыка. Свабоды дасьледаваньня ў Беларусі няма й ня будзе, пакуль гэты рэжым будзе дзейнічаць. Кантроль над гісторыкамі застаецца, толькі ступень кантролю розная. Магчыма, ён меншы над гісторыкамі Сярэднявечча. Над гісторыкамі ХІХ-ХХ стагодзьдзя кантроль поўны. Самае страшнае, што гісторыкі вельмі часта ўключаюць рэжым самацэнзуры. Людзі самі наступаюць сабе на горла й забіваюць сябе як дасьледчыкі.
Пры гэтым на будучыню беларусаў як народу Алесь Смалянчук глядзіць з «асьцярожным аптымізмам». Магчыма, беларусы ня стануць нацыяй з такой моцнай гістарычнай памяцьцю і апантанасьцю сваёй гісторыяй, як палякі ці летувісы, аднак яны становяцца адзінай палітычнай супольнасьцю – адзначае гісторык.
«На можа быць «пашпартнай» нацыі. Месца для гісторыі памяці, мовы, культуры заўсёды было й будзе. Тое, што беларусы становяцца нацыяй і гэты працэс ідзе – гэта безумоўны факт», – падкрэсьлісае Алесь Смалянчук.
Генадзь Сагановіч выступае з дакладам "Спадчына Вялікага Княства Літоўскага ў афіцыйнай палітыцы памяці ў Беларусі" на Варшаўскай усходнеэўрапейскай канфэрэнцыі.
Аляксандар Папко