Logo Polskiego Radia
Print

Уцекачы не прыедуць у Польшчы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.05.2016 15:24
Працэс перасяленьня бежанцаў з Грэцыі й Італіі анулявалі не па віне Польшчы.
Photo:PAP/EPA/ALEXANDROS BELTES

Першая група бежанцаў зь лягераў у Грэцыі й Італіі павінна была прыехаць у Польшчу на пачатку сакавіка. Як паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”, працэс перасяленьня бежанцаў скончыўся паразай - заявы на перасяленьне ў Польшчу былі ануляваныя.

Спачатаку ў Польшчу павінны былі прыехаць 100 бежанцаў - 65 з лягера ў Грэцыі й 35 у Італіі. Гэта былі людзі з Сырыі, Іраку, Емэна й Эрытрэі. Наступныя групы імігрантаў (каля 150 чалавек) павінны былі прыбываць у краіну кожныя тры-чатыры месяцы.

Нагадаем, папярэдні ўрад у верасьні мінулага году пагадзіўся прыняць каля 6,5 тысячы бежанцаў. Было вырашана, што польскі бок сам будзе правяраць, ці гэта бясьпечныя асобы. Падрыхтоўка да іх прыняцьця пачалася ў сьнежні, аднак, як паведамляе газэта, яна скончылася паразай.

Прэс-сакратар Упраўленьня па справах іншаземцаў Якуб Дудзяк (поль. Jakub Dudziak) тлумачыць, што „працэс перасяленьня з тэрыторыі Італіі быў ануляваны, у асноўным па просьбе італьянскага боку. Прычынай стала адсутнасьць супрацоўніцтва зь італьянцамі, якія не забясьпечылі палякам доступу да заяўнікаў. Тым часам працэдура праверкі прадугледжвала, між іншым, непасрэдны кантакт зь бежанцамі.

У выпадку Грэцыі працэс перасяленьня таксама ня быў завершаны, паколькі Польшча не атрымала поўнай інфармацыі аб кожным з кандыдатаў.

Якуб Дудзяк сказаў, што ў пятніцу, 6 траўня, грэкі паведамілі польскаму боку, што ўсе заявы ўцекачоў, якія меліся прыехаць у Польшчу, былі ануляваныя.

На мінулым тыдні Эўракамісія прадставіла праект рэформы палітыкі прызнаваньня прытулку ў ЭЗ. Прапановы прадугледжваюць, між іншым, увядзеньне пастаяннай сыстэмы разьмеркаваньня бежанцаў паміж краінамі супольнасьці ў выпадку ўзьнікненьня міграцыйнага крызысу. Краіны, якія ня хочуць прымаць уцекачоў, маглі б адкупіцца ад гэтага абавязку.

„Пастаянны мэханізм разьмеркаваньня бежанцаў паміж дзяржавамі ЭЗ - гэта кепскі мэханізм, які прычыніцца да ўзьнікненьня непатрэбных супярэчнасьцяў паміж сяброўскімі краінамі”, - сказаў прэс-сакратар польскага ўраду Рафал Бахэнэк (поль. Rafał Bochenek), паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт