69 гадоў таму, 28 траўня 1947 году, пачалася акцыя „Вісла”, то бок перасяленьне ўкраінскага насельніцтва з тэрыторый паўднёва-ўсходняй Польшчы (на ўсход ад горада Жэшаў і Люблін).
Акцыя доўжылася больш за тры месяцы й закончылася перасяленьнем каля 140 тысяч украінцаў і лэмкаў на захад і поўнач краіны, то бок на тэрыторыі, далучаныя да Польшчы пасьля Другой сусьветнай вайны.
Гэтыя дзеяньні давялі да частковай дэпапуляцыі такіх рэгіёнаў, як: Расточа (поль. Roztocze), ваколіцы гораду Пшэмысьль(поль. Pogórze Przemyskie), горы Бешчады (поль. Bieszczady) й Нізкія Бэскіды (поль. Beskid Niski), а таксама да зьнішчэньня культурнай спадчыны гэтых рэгіёнаў. У выніку зьніклі некалькі дзесяткаў вёсак, а пераселеным жыхарам было забаронена вяртацца ў свае хаты.
Хоць акцыя „Вісла” была накіраваная супраць украінскіх партызанаў, то ў яе выніку пацярпелі ў асноўным грамадзянскія асобы, большасьць якіх ня мела ніякіх сувязяў з Украінскай паўстанчай арміяй (УПА).
Выселеныя ўкраінцы й іх нашчадкі да гэтай пары ўспамінаюць гэтыя трагічныя падзеі.
Украінцы: Яны нас выгналі й канец. Паставіліся горш, чым да сабакі. Цягам дзьвюх гадзінаў загадалі сабрацца, але што з сабой пасьпееш забраць. Я гэтага не магу дараваць. Духам я надалей там – у сваёй роднай старонцы.
Украінцы: Мне было 16 гадоў, як нас выгналі, пагражаючы зброяй. Сям'ю раскінулі па ўсяе Польшчы – адных на поўнач, іншых - на захад, трэціх - на поўдзень.
Украінцы: Гэта вельмі трагічны вопыт пакаленьня нашых бацькоў. Я ня памятаю нават аднаго абеду ў нядзелю, каб мая мама не згадала нейкім чынам пра акцыю „Вісла”. Гэтыя ўспаміны заўсёды прысутныя.
Да гэтага часу акцыя „Вісла” ацэньваецца гісторыкамі па-рознаму. Адныя кажуць, што ейнай мэтай было зьнішчэньне Ўкраінскай паўстанчай арміі й Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Іншыя падкрэсьліваюць, што яна закранула многіх нявінных людзей, напрыклад, зьмешаныя польска-ўкраінскія сем'і.
Гісторык і старшыня Асацыяцыі ўкраінцаў у Польшчы Пётр Тыма (поль. Piotr Tyma) лічыць, што камуністычныя ўлады прымянілі ў дачыненьні да ўкраінцаў калектыўную адказнасьць.
Пётр Тыма: Рэпрэсіі закранулі ўсіх, нягледзячы на ўзровень ляяльнасьці да польскай дзяржавы, узровень дзейнасьці ў падпольлі, узровень нацыянальнай сьвядомасьці. Напрыклад, акцыя была праведзена таксама на тэрыторыях, дзе ўкраінская партызанка ня дзейнічала. Улады пераконвалі, што акцыя накіраваная супраць украінскіх партызанаў, але яна ахапіла ўсіх, таксама прыхільнікаў камуністычных уладаў.
У сваю чаргу прафэсар Чэслаў Партач (поль. Czesław Partacz) пераконваў у 2007 годзе, што перасяленьні ўкраінцаў варта разглядаць у кантэксьце тагачасных палітычных умоваў.
Чэслаў Партач: Зразумела, гэта можна было зрабіць інакш, але трэба памятаць, што гэта быў 1947 год – пэрыяд пасьляваеннай бяды й вялізнага балагану ў краіне. Шмат людзей перамяшчалася па Польшчы. Людзі вярталіся з Сыбіры, вярталіся з Захаду. Апрача таго камуністычная ўлада, дадзеная Польшчы пад пагрозай штыхоў, не была легітымная, як у юрыдычным аспэкце, так і калі гаворка ідзе пра падтрымку ў грамадзтве. Таму часта ўлады дзейнічалі навобмацак. Такія былі часы й такія мэтады.
Сэнат Рэспублікі Польшча ў 1990 годзе асудзіў акцыю „Вісла”. У 2007 годзе ў Варшаве тагачасныя польскі і ўкраінскі прэзыдэнты - Лех Качыньскі й Віктар Юшчанка - у сумеснай заяве сьцьвердзілі, што акцыя „Вісла” супярэчыла асноўным правам чалавека.
У сваю чаргу прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка сказаў у Львове, што вінаватым у гэтых падзеях зьяўляецца таталітарны камуністычны рэжым. Ён падкрэсьліваў, што трагічная гісторыя не павінна сапсаваць адносінаў паміж Варшавай і Кіевам.
Віктар Юшчанка: Мінулае не павінна вечна скоўваць нашыя душы. Прабачэньне - гэта прыкмета вялікіх народаў. Глыбокае, брацкае пагадненьне зьяўляецца адзіным шляхам да сумеснага жыцьця, якое сёньня будуюць украінцы й палякі.
У рамках акцыі „Вісла” ўкраінцаў перасялялі падразьдзяленьні Войска польскага й аддзелы Міністэрства грамадзкай бясьпекі, у тым ліку Корпусу ўнутранай бясьпекі, міліцыі і Ўстановы па рэпатрыяцыі.
На працягу ўсёй акцыі 3-4 тысячы чалавек былі разьмешчаныя ў цэнтральным працоўным лягеры ў мясцовасьці Явожна (поль. Jaworzno). Таксама арыштаваныя былі каля 1,5 тысячы членаў УПА й АУН.
Афіцыйна акцыя „Вісла” закончылася ў 1947 годзе, але перасяленьні працягваліся яшчэ да красавіка 1950 году. Яны завяршыліся ўзнагароджаньнем жаўнераў, найбольш заслужаных у барацьбе з украінскімі партызанамі.
аз