Logo Polskiego Radia
Print

Джыхад – гэта бунт пакаленьняў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 16.04.2016 12:41
СМІ сталі інструмэнтам прапаганды джыхаду, перасьцерагае францускі палітоляг Аліўе Руа.
Alexas_Fotos/pixabay.com

„Я разумею, што людзі баяцца. Але не магу пагадзіцца на тое, што СМІ сталі інструмэнтам прапаганды джыхаду. Менавіта дзякуючы ім тэрарысты лічацца супэрмэнамі глябальнага зьнішчэньня, а не няздарамі, якія з-за ўласнай фрустрацыі й паразы выбралі насільле”, - кажа ў размове з тыднёвікам „Newsweek” францускі палітоляг і спэцыяліст па ісламе Аліўе Руа (фр. Olivier Roy).

Паводле яго, хоць тэракты ў Парыжы й Брусэлі – гэта сур’ёзны ўдар, то яны паказалі таксама, што іх магчымасьці значна меншыя, чым меркавалася. „Жорсткі джыхад – гэта чарговы від антысыстэмнага бунту. Калі ты сёньня хочаш быць „супраць”, то што табе застаецца? Экалёгія й левыя погляды ўжо нікога не цікавяць. Толькі дзякуючы джыхаду ты трапіш на першыя палосы газэтаў і зробіш уражаньне на дзяўчыне як калісьці Чэ Гевара”, - лічыць палітоляг. Ён пераконвае, што джыхад – гэта не ісламская рэвалюцыя ў Эўропе, паколькі тэрарысты - маргіналы ня толькі ў грамадзтве, але таксама і ў ісламе.

„Іслам - гэта выключна інструмэнт, дзякуючы якому яны праяўляюць свой радыкалізм, паколькі да тэрактаў яны абсалютна не цікавіліся рэлігіяй”, - кажа Аліўе Руа. Джыхад карыстаецца папулярнасьцю на „далёкіх ускраінах” мусульманскага сьвету. „З Бэльгіі паходзіць у сто разы больш тэрарыстаў чым з Эгіпту”, - нагадае палітоляг у размове з тыднёвікам „Newsweek”. Ён таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў Эўропе адсутнічае станоўчы ўзор эўрапейца-мусульманіна. „Мы павінны стварыць умовы для разьвіцьця ісламу ў Эўропе. Выцясьняючы іслам з грамадзкай прасторы мы даем джыхадыстам манаполію на іслам у Эўропе”, - перасьцерагае францускі палітоляг.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт