Logo Polskiego Radia
Print

«Бессаромная прагнасьць нажыцца»

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.04.2016 13:21
Чэхія, Балгарыя і Румынія адмовіліся ад паўночнакарэйскіх рабочых, а Польшча - не.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Жыхары Чэхіі прымусілі свой урад забараніць працаўладкоўваць рабочых з камуністычнай Карэі. Тое ж самае зрабілі Балгарыя і Румынія. А ў Польшчы працуе ўсё больш грамадзян Паўночнай Карэі – у гэтым годзе каля 800 – піша «Gazeta Wyborcza». Напрыклад, некалькі дзесяткаў працуе на будоўлі жылых дамоў у Вілянаве – адным з раёнаў Варшавы, дзе дамы будуе фірма Atal (падрадчык – прадпрыемства JP Construct). Карэйцы не жадаюць размаўляць з прадстаўнікамі СМІ, таксама польскія супрацоўнікі адмаўляюцца даваць камэнтары.

Паўночныя карэйцы працуюць цалкам легальна. Польскі прадпрымальнік зьвяртаецца ў амбасаду Польшчы ў Паўночнай Карэі, якая шукае будаўнічых з адпаведнай кваліфікацыяй. Для Пхеньяну гэта адна з магчымасьцяў атрымаць цэнную валюту, паколькі супрацоўнікі, якія працуюць за мяжой, львіную долю сваіх заробкаў аддаюць рэжыму.

«Бессаромная прагнасьць нажыцца» – так камэнтуе працу карэйцаў у Польшчы праваабаронца Адам Козел. Арганізацыя, якая вядзе маніторынг правоў чалавека ў Паўночнай Карэі, паведамляе, што супрацоўнікі атрымліваюць «чыстымі» 310 злотых (каля 80 даляраў ЗША). Для жыхароў Паўночнай Карэі гэта нямала, паколькі там людзі жывуць за 10-30 злотых у месяц на чалавека. Таму супрацоўнікі, якія выехалі на працу за мяжу, не бунтуюцца – яны ўтрымліваюць сваякоў, якія засталіся на месцы. А пратэставаць ёсьць супраць чаго, хаця б супраць даўжыні працоўнага дня, які складае нават 12 гадзін. Летам, калі сонца садзіцца пазьней, карэйцы працуюць на будоўлях нават да 22-ай гадзіны. Акрамя таго, абавязковая частка дня – порцыя камуністычнай прапаганды.

Дзякуючы супрацоўнікам за мяжой рэжым Кім Джонг Уна атрымлівае кожны год каля 200-300 млн. даляраў прыбытку. Гэта важна, калі краіна сама нічога не вырабляе, а ААН уводзіць санкцыі супраць камуністычнай дзяржавы.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт