Logo Polskiego Radia
Print

Што стала з «найлепшымі вучнямі» Ўсходняга партнэрства?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.03.2016 01:19
  • Што стала з «найлепшымі вучнямі» Ўсходняга партнэрства.mp3
Пра посьпехі й праблемы Украіны ды Малдовы расказваюць Мустафа Наем і Марцін Зіг.
 commons.wikimedia.org/UTR NEWS/CC BY-SA 3.0

Крыху больш за два гады таму Украіну й Малдову называлі лідарамі Ўсходняга партнэрства. Дзьве краіны першыя падпісалі дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам, заключылі дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму, абавязаліся ўвесьці стандарты ЭЗ ў вытворчасьці і ўзаемна адчыніць рынкі. Сёньня Ўкраіне не дае спакою вайна ў Данбасе ды эканамічны крызыс, у Малдове не сьціхае палітычны канфлікт. У якім кірунку ідуць дзьве дзяржавы? Ці могуць яны зноў стаць «найлепшымі вучнямі ў клясе» Ўсходняга партнэрства? На гэтыя тэмы мы размаўляем з экспэртамі з Кіева і Кішынёва, якія прынялі ўдзел у нядаўнім Тбіліскім форуме лідараў трансфармацыі.

Грамадзяне Малдовы атрымалі магчымасьць езьдзіць у Эўрапейскі зьвяз бязь візаў яшчэ ў ліпені 2014 году. У верасьні таго ж году Эўразьвяз адчыніў свой рынак для малдаўскіх прадуктаў. Аптымісты спадзяваліся, што Малдова неўзабаве ператворыцца ў краіну з дынамічнай эканомікай і эўрапейскай прававой дзяржавай. Аднак вясной 2015 году ў краіне разгарэўся палітычны крызыс. З трох малдаўскіх банкаў пры дапамозе махінацыяў быў скрадзены больш за мільярд эўра. Афэра не магла быць праведзеная без пратэкцыі найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Супраць ураду, які раней заяўляў пра сваю адданасьць эўрапейскім каштоўнасьцям, выбухнулі масавыя пратэсты.

Цяпер палітыкі Малдовы й Эўразьвязу задаюцца пытаньнем, як вярнуць вярнуць веру людзей у дэмакратыю, Эўропу, як вярнуць давер грамадзтва да дыскрэдытаваных дзяржаўных установаў.Пра гэта нам расказвае дырэктар Інстытуту Эўрапейскай палітыкі й рэформаў у Кішынёве Марцін Зіг.

Уладам Малдовы заняцца перадусім барацьбой з карупцыяй – лічыць экспэрт.

/

М. Зіг: Галоўная праблема – гэта судовая рэформа. Суды павінныя быць празрыстыя й непадкупныя. Трэба вярнуць давер грамадзянаў да сыстэмы правасудзьдзя. І ня толі правасудзьдзя – трэба вярнуць давер да ўсёй палітычнай сыстэмы, да ўсіх дзяржаўных установаў. Думаю, без дапамогі й кантролю Эўразьвязу тут не абысьціся. Таксама застаецца зрабіць шмат, каб усе палажэньні Дамова аб асацыяцыі з Эўразьвязам увайшлі ў жыцьцё. Аднак самае галоўнае – каб махлярства ў банкаўскай сыстэме было расьсьледавана і ўсе вінаватыя прыцягнутыя да адказнасьці.

Ці можа Эўразьвяз прымусіць малдаўскі ўрад расьсьледаваць «аграбленьне веку» і ачысьціцца ад карупцыі? «Адзіным крытэрыем для супрацоўніцтва павінна быць правядзеньне рэформаў. І калі ўрад не праводзіць рэформаў, ЭЗ не павінен падтрымліваць яго толькі з-за страху перад датэрміновымі выбарамі і прыходам да ўлад прарасейскіх сілаў», – перакананы Марцін Зіг.

У апошнія два гады галоўнай крыніцай трывожных навінаў у Эўропе была Ўкраіна. Вайна ў Данбасе далёкая ад завяршэньня, Крым па-ранейшаму анэксаваны Расеяй, у краіне не спыняецца фракцыйная барацьба. Стала агульнапрынятым казаць, што Ўкраіна ў чарговы раз губляе шанец аднавіцца. Аднак усе забываюць, што рэформы ідуць – падкрэсьлівае дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны і вядомы журналіст Мустафа Наем.

Больш празрыстай стала сыстэма дзяржаўных закупак дзяржаўных закупак. Зьмяняецца энэргетычны сэктар, у якім праварочваліся мільярдныя карупцыйныя схемы. Бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам – таксама пытаньне бліжэйшага часу. Кірунак пераменаў правільны, хаця зьмены адбываюцца не так хутка, як хацелася б, кажа Мустафа Наем.

/

М. Наем: У нас зьявілася моцная грамадзянская супольнасьць, якая цісьне на ўлады. Яны ўжо ня могуць зачыняць вочы на пэўныя рэчы й казаць, што нічога дрэннага не адбываецца. Я маю на ўвазе і крадзеж, і захоп алігархамі эканамічнай сфэры, і спробы праз дэпутатаў уплываць на ўладу. Аднак прадстаўнікі старых уладных элітаў усё яшчэ ня могуць спаліць масты. Яны працягваюць дзейнічаць па-старому. І гэта вельмі моцна трывожыць, таму што такія сыстэмныя паталягічныя зьявы могуць прывесьці да сацыяльных выбухаў.

Усе постсавецкія краіны павінныя памятаць, што рэформы праводзяцца не дзеля таго, каб зрабіць уражаньне на заходніх палітыкаў і атрымаць ад Захаду грошы, а каб палепшыць жыцьцё ўласных грамадзянаў. Таму патрабаваць ад ураду змагацца з манаполіямі й карупцыйнымі схемамі – задача ўкраінцаў а не Эўразьвязу – падкрэсьлівае дэпутат.

М. Наем: Я не лічу, што Эўропа павінная нешта рабіць для нас. Мы ўсё павінныя рабіць дзеля сябе, а не на экспарт, альбо каб дагадзіць зьнешнім сілам. Зьнешнія сілы могуць дапамагаць украінцам будаваць дзяржаву і набліжацца да эўрапейскіх стандартаў. Эўрапейскі зьвяз павінен вельмі жорстка кантраляваць усю дапамогу, якую ён аказвае. Таксама Эўразьвяз можа пазытыўна паўплываць на рэформы ва Ўкраіне, праяўляючы сваю пазыцыю і выказваючы сваю ацэнку дзеяньням уладаў Украіны.

Ці можа Кіеў вярнуцца да алігархічнай эканомікі, з-за якой краіна траціла мільярды, але мела прынамсі мір і спакой? Ці можа ўкраінскі ўрад прымірыцца з Крамлём пераарыентавацца на Расію? Гэта немагчыма – перакананы Мустафа Наем.

М. Наем: Немагчыма пераступіць праз усе сьмерці, праз вайну, якая адбылася. А самае галоўнае – немагчыма павярнуць назад сьвядомасьць людзей, прымусіць іх трываць тое, што яны цярпелі да гэтага. Відавочна, што мы выйграем. Пытаньне ў тым, зь якімі стратамі й наколькі хутка.

Такім чынам, нават самым актыўным удзельнікам Усходняга партнэрства застаецца прайсьці доўгі шлях, каб стаць эканамічна разьвітымі прававымі дзяржавамі. Грамадзяне як Малдовы, так і Украіны жадаюць жыць па-новаму, але ўладам цяжка адмовіцца ад старых мэтадаў кіраваньня і карупцыйных крыніцаў даходаў.

Беларусь жа на сёньня засталася адзінай краінай Усходняга партнэрства, дзе няма тэрытарыяльных канфліктаў. Некаторыя аналітыкі паўжартам ці паўсур’ёзна кажуць, што цяпер «найлепшым вучнем» Усходняга партнэрства стала Беларусь.

Беларусь цяжка назваць рэгіянальным лідэрам, бо краіна пагружаецца ў крызыс. Шлях, якія яна прайшла за апошнія дваццаць гадоў таксама нельга назваць пасьпяховым – лічыць Марцін Зіг.

Сёньня Эўразьвяз можа дапамагчы Беларусі праводзіць рэформы, аднак наўрад ці Брусэль будзе патрабаваць ад Менску дэмакратычных пераменаў. Эўразьвяз занадта асьцерагаецца палітычнай нестабільнасьці ў Беларусі. Ён будзе як падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць, так супрацоўнічаць зь беларускім урадам урадам. Эўразьвяз будзе вітаць эканамічныя й палітычныя рэформы ў Беларусі. Аднак прымусіць Менск рэфармавацца Эўразьвяз ня можа – падсумаваў экспэрт.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт