Logo Polskiego Radia
Print

Бэата Шыдла: Нам удалося

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 26.02.2016 15:19
  • Бэата Шыдла-Нам удалося.mp3
Польскі ўрад падводзіць вынікі сваіх 100 першых дзён працы.
прэм'ер-міністар Польшчы Бэата Шыдлапрэм'ер-міністар Польшчы Бэата ШыдлаFoto: PAP/Radek Pietruszka

Кіраўнік ураду заявіла, што нягледзячы на ўсё складанасьці, урад справіўся з задачай.

Новы ўрад партыі “Права й справядлівасьць” пачаў сваё кіраваньне са скандалу вакол Канстытуцыйнага суда й выбару яго судзьдзяў. Ён прыцягнуў увагу нават эўрапейскіх высокапастаўленых чыноўнікаў, якія пачалі праверку, ці ў Польшчы не парушаюцца прынцыпы дэмакратычнай прававой дзяржавы. У размове з Польскім радыё прэм'ер-міністар Бэаты Шыдла падзялілася сваім меркаваньнем, што зьмены былі неабходныя ў выніку дзейнасьці папярэдняга ўраду.

Бэата Шыдла: «Грамадзянская плятформа», якая кіравала перад намі, увяла зьмены насуперак польскай Канстытуцыі. Дарэчы, гэта пацьвердзіў сам Канстытуцыйны суд. Калі ўрадавая кааліцыі выбірала новых судзьдзяў, хаця іх тэрмін паўнамоцтваў заканчваўся ўжо пасьля выбараў, яна хацела захаваць за сабою магчымасьць мець уплывы ў Канстытуцыйным судзе.

Некаторыя польскія экспэрты зазначаюць, што 100 дзён ураду Бэаты Шыдла спакойнымі не былі. З самага пачатку новае кіраўніцтва стала аб'ектам вострай крытыкі з боку апазыцыі. Некаторыя журналісты кажуць, што ўрад сам напрошваўся на крытыку.

Бэата Шыдла: Сапраўды, лёгкім дадзены пэрыяд ня быў. 100 дзён у польскай культуры даецца ўраду на арганізацыю, на падрыхтоўку пляну кіраваньня. Сярод нашых міністраў ёсьць шмат тых, хто ўпершыню заняў такую пасаду, ім лёгка не было. Апроч таго, мы зрабілі шэраг арганізацыйных зьмен ва ўрадзе. Частку міністэрстваў ліквідавалі, стварылі шэраг новых. Гэта патрабуе часу. З першых дзён апазыцыя нас атакавала, нам давялося з гэтым справіцца. Зразумела, былі ў нас і некаторыя недасканаласьці. Некаторыя рэчы можна было б інакш зрабіць. Памылак няма толькі тады, калі нічога не робіцца. Мы імкнёмся рабіць высновы з памылак. Я лічу, што мы выстаялі перад цяжкасьцямі, а каманда спраўдзілася.

Зь іншага боку, у параўнаньні з папярэднімі кабінэтамі, аж так складана не было. Партыя мае большасьць у парлямэнце, і таму ўрад мог працаваць стабільна, нягледзячы на ўсе атакі.

Бэата Шыдла: Праўда тое, што неабходнасьць быць у кааліцыі дае меншы камфорт пры кіраваньні. Лягчэй знайсьці паразуменьне сярод сваіх. Разам з тым, нашая парлямэнцкая большасьць не такая й вялікая, каб мы маглі спакойна працаваць, а міністры ня мусілі браць удзелу ў галасаваньні. З самага пачатку мы зьвярталі ўвагу, каб цэлы ўрад браў удзел у працах парлямэнту. Партыя “Права й справядлівасьць” мае вядучую ролю ў кааліцыі правых сіл, але ў нас ёсьць хаўрусьнікі – “Салідарная Польшча” ды партыя Яраслава Говіна. Таму наш урад – гэта ўрад аб’яднаных правых сіл. Гэта патрабуе ад нас пакорлівасьці, каб мы не забывалі, што нават будучы сярод сваіх, мы мусім рабіць тое, што абяцалі, ды прыслухоўвацца да людзей.

Пасьля размовы польская прэм’ер-міністар паехала з рабочымі візытамі ў рэгіёны, каб распавесьці пра вынікі працы свайго кабінэту за першыя 100 дзён.

Бэата Шыдла: Па-першае, мы хочам паказаць людзям тыя рэчы, якія ўрад зрабіў за 100 дзён, чым мы займаліся. Яны зьвязаныя з канкрэтнымі грамадзкімі патрэбамі. Усе законы, якія мы прынялі, над якімі працуем, гэта справы, якія ўздымаліся падчас нашай выбарчай кампаніі, якія я агучыла падчас свайго пасланьня. Яны закранаюць справы людзей. Падчас выбарчай кампаніі мы казалі пра гэта на сустрэчах з людзьмі, казалі пра гэтыя вырашэньні. Цяпер мы вяртаемся да дадзенай справы, каб яе зачыніць. Па-другое, я хачу нагадаць тое, што мы казалі падчас выбараў. Для нас важнае значэньне мае дыялёг з людзьмі. Мы хочам сустракацца ды размаўляць. Апроч таго, ніхто так ніколі не рабіў, ніхто так не падводзіў вынікі 100 дзён. Для мяне сустрэча з людзьмі мае большую каштоўнасьць, чым прэс-канфэрэнцыя.

За 100 дзён працы новы польскі ўрад прыняў некалькі новых законаў. Прыярытэтам стаў закон 500+, які дае даплаты бацькам двух і больш дзяцей. Быў уведзены падатак на банкі, адмененая абавязковая адукацыя з шасьці гадоў, а ў Сэйме на разглядзе знаходзяцца іншыя законапраекты.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт