Экспэрты прагназуюць, што да канца году цяперашні кабінэт не дасядзіць, а Ўкраіну сёлета чакаюць датэрміновыя выбары.
Пасьля Эўрамайдану ды ўцёкаў Януковіча з Кіева ва Ўкраіне склалася такая сытуацыя, што ніводная палітычная сіла не магла самастойна кіраваць. Урад сфармавалі паводле квотаў некалькі парлямэнцкіх фракцыяў, сярод якіх дамінавалі: Блёк Пятра Парашэнкі, "Народны Фронт" Яцанюка, партыя “Самадапамога” ды “Бацькаўшчына” Юліі Цімашэнкі. Да пачатку 2016-га году кааліцыя ўтрымлівалася. На пераломе студзеня ды лютага ўкраінскі ўрад пачало трэсьці. У адстаўку падалі 5 міністраў, асноўнай прычынай назваўшы ціск карупцыйных сіл.
16-га лютага прэм'ер Яцанюк прадставіў справаздачу з працы ўраду. Парлямэнт ня даў яму вотуму даверу. Працу ягонага кабінэту нездавальняючай прызналі 247 дэпутатаў. Аднак за адстаўку ўраду прагаласавалі толькі 194, і рашэньне не прайшло. На знак пратэсту з кааліцыі выйшлі дзьве партыі. Больш падрабязна з Кіева перадае карэспандэнт Польскага радыё Павал Бушка.
Павал Бушка: Парлямэнцкая фракцыя "Самадапамогі" выйшла з урадавай кааліцыі. Прагучалі абвінавачаньні ў бок ураду прэм’ера Яцанюка, што ён працуе на інтарэсы алігархаў. За дзень да гэтага з кааліцыі выйшла партыя “Бацькаўшчына” Юліі Цімашэнкі. У выніку партыі, што падтрымліваюць урад - “Народны фронт” ды Блёк Парашэнкі, - ня маюць парлямэнцкай большасьці ў Вярхоўнай Радзе. Сытуацыю можа паправіць уступленьне ў кааліцыю Радыкальнай партыі папуліста Алега Ляшко. Аднак сярод дэпутатаў БПП таксама няма поўнай падтрымкі ўраду. Кіраўнік фракцыі БПП Юры Луцэнка агучыў ультыматум прэм’еру, каб той за бліжэйшыя тры тыдні цалкам перафарміраваў Кабінэт міністраў. Нягледзячы на ціск, Яцанюк заявіў, што ў адстаўку ня пойдзе. Ён абвінаваціў былых кааліцыянтаў у жаданьні пазьбегнуць адказнасьці за кіраваньне краінай пры дапамозе датэрміновых выбараў.
Што адбываецца ва Ўкраіне, як далей будзе разьвівацца палітычная сытуацыя? Пра гэта мы запыталіся ў палітоляга Вадзіма Карасёва з кіеўскага Інстытут глябальных стратэгій.
Вадзім Карасёў: Пачнём з таго, што кааліцыя распалася б, калі б пра гэта паведаміў старшыня парлямэнту. Такой заявы не было. Наадварот, намесьнік старшыні заявіў, што кааліцыя захоўваецца, паколькі з кааліцыі ня выйшла Радыкальная партыя Алега Ляшко. Таму сёньня кіроўная кааліцыя мае больш за 226 галасоў у парлямэнце. Яна складаецца з БПП, Народнага фронту ды Радыкальнай партыі.
Такім чынам, зазначае экспэрт, урад мае час да верасьня, калі адбудзецца наступнае пленарнае паседжаньне парлямэнту. Як доўга ўтрымаецца гэтая кааліцыя?
Вадзім Карасёў: Гэтая вельмі кволая кааліцыя, яна доўга ня будзе існаваць. Іх аб’яднала цяпер нежаданьне датэрміновага роспуску парлямэнту ды новых выбараў. Яны будуць цягнуць час. Тэрміны – да траўня альбо да верасьня. Я перакананы, што цяперашні крызыс ва ўладзе вырашыцца толькі праз датэрміновыя парлямэнцкія выбары ў 2016-м годзе.
Ці “вуліца” -- незадаволеныя ўкраінцы, якія выказваюць цяпер нізкую падтрымку ўраду, - не ўмяшаецца ды прысьпешыць разьвязаньне крызысу?
Вадзім Карасёў: Уплыў вуліцы будзе, але "Трэцяга Майдана" ня будзе, бо насельніцтва расчараванае новай уладай, але ня бачыць альтэрнатывы. Хто замест іх? Зноў Партыя рэгіёнаў? Праблема ў тым, што новыя праэўрапейскія палітычныя сілы яшчэ не сфармаваліся, каб пераняць эстафету ад цяперашняй пераходнай улады.
Ці датэрміновыя выбары могуць палепшыць сытуацыю? Альбо мы зноў убачым, як да ўлады вяртаецца Партыя рэгіёнаў?
Вадзім Карасёў: Пералому ня будзе, будзе карэкцыя. Частка палітычных сілаў з Рады зьнікне, зьявяцца новыя. Нам трэба будзе прайсьці некалькі этапаў перад тым, як выйдзем на эўрапейскі мэханізм улады з чаргаваньнем палітычных сіл. Што тычыцца Партыі рэгіёнаў, то яны маюць шанец адбудаваць свае пазыцыі, выйсьці з аўтсайду, дзе яны цяпер, але ўлады яны ня возьмуць.
Ва Ўкраіне - урадавы крызыс. Кабінэт прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка атрымаў ад парлямэнту вотум недаверу, але змог пазьбегнуць адстаўкі. Кіроўная кааліцыя ў парлямэнце балянсуе на мяжы распаду. Экспэрты прагназуюць, што такая сытуацыя палітычнага пату пратрымаецца найдаўжэй да верасьня, калі пачнецца наступная сэсія Вярхоўнай Рады.
Юры Ліхтаровіч