Logo Polskiego Radia
Print

Палітыка Польшчы адносна Расеі павінна быць вострай

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.12.2015 13:27
Падтрымка незалежнасьці Ўкраіны, аслабленьне сувязей Беларусі з Расеяй, пашырэньне прысутнасьці NATO і ЗША...

Амэрыканскі аналітычны цэнтар Stratfor прагназуе, што ў будучым годзе Польшча будзе весьці вострую палітыку адносна Расеі. Вострая ці мяккая, гэта менш важна, яна павінна быць прадуманай, паколькі Расея пагружаецца ў рэцэсіі – заўважае Rzeczpospolita.

Расейскія ўлады адкажуць на крызыс так, як звычайна – яны будуць усё больш агрэсіўныя, стануць правакаваць напружаньне ў міжнародных адносінах, каб апраўдаць адсутнасьць зьменаў на кіруючых пасадах ва ўмовах эканамічнага крызысу.

Улада Пуціна заключаецца ў няпісаным кансэнсусе – адносны дабрабыт за палітычную ляяльнасьць грамадзян. Цяпер гэтая дамова паміж насельніцтвам і ўладамі Расеі можа рассыпацца. Расеец усё вытрымае, але ўзамен яму трэба даць гонар за сваю Айчыну. «Было бедна, быў бардак, але затое нас баяліся», – так часта кажуць расейцы пра часы Савецкага Саюза. Бадай, адсюль вынікае прамая залежнасьць дрэннай эканамічнай сытуацыі і палітыкі агрэсіі. Грамадзтва падтрымлівае такую палітыку, што пацьвярджае высокі рэйтынг папулярнасьці Ўладзіміра Пуціна. Але Крамлю патрэбныя чарговыя цэлі, каб працягваць сваю лінію. Украіна ўжо стаміла, Сырыя таксама стамляе, Беларусь паслухмяная. Напружаньне на ўзроўні, які на доўга прыцягне ўвагу расейскага грамадзтва, можна выклікаць дзякуючы сутычкам з дзяржавамі ўсходняга флянгу NATO.

Stratfor мае рацыю – польская палітыка адносна Расеі будзе вострай. Яна іншай ня можа быць. Гаворка ідзе пра падтрымку незалежнасьці Ўкраіны, аслабленьне сувязей Беларусі з Расеяй, пашырэньне прысутнасьці NATO і ЗША, пратэст супраць спробаў дамовіцца з Масквой узамен за саюз у Сырыі, падаўжэньне эканамічных санкцый супраць Расеі, будаваньне ўласнай абароназдольнасьці. Ці гэта вострая палітыка? Яна павінна быць яшчэ больш вострай, але Польшча ня можа сабе на гэта дазволіць.

Rzeczpospolita/пераклад нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт