Лінкявічус: у адносінах з Польшчай мы зрабілі памылкі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
21.11.2015 14:46
„Мы павінны супрацоўнічаць нават, калі ёсьць нейкія праблемы”, - кажа кіраўнік МЗС Летувы.
Foto: flickr.com
У адносінах з Польшчай мы зрабілі памылкі, аднак праблемы меншасьцяў не павінны адварочваць увагі ад стратэгічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, канстатуе кіраўнік МЗС Летувы Лінас Лінкявічус у размове з выданьнем „Rzeczpospolita”.
„Летува й Польшча „плывуць у адной лодцы”, таму мы павінны супрацоўнічаць у галіне бясьпекі. У нас аднолькавыя чаканьні адносна саміту NATO, які ў наступным годзе адбудзецца ў Варшаве. Мы зацікаўлены яго посьпехам не таму, што сустрэча адбываецца ў Польшчы, але таму, што альянс патрабуе станоўчых рашэньняў”, - кажа Лінкявічус.
Паводле летувіскага дыплямата, іншыя стратэгічныя справы паміж абедзьвюма краінамі - гэта энэргетыка, як напрыклад, энэргетычны мост ці газавае спалучэньне паміж Польшчай і Летувой.
„Мы павінны працаваць разам. Нават калі ёсьць якія-небудзь праблемы, то яны ня могуць засланяць стратэгічнага супрацоўніцтва”, - кажа палітык.
Але праблемаў меншасьцяў нельга пакінуць без вырашэньня, канстатуе журналіст і нагадае, што да гэтай пары ня быў прыняты ні адзін закон, якога чакае польская меншасьць. Улады ў Польшчы чулі ад летувіскіх палітыкаў ужо столькі абяцаньняў, якія не былі выкананыя.
„Вы маеце рацыю. Гэта займае занадта шмат часу. І я спадзяюся, што гэтыя праблемы канчаткова будуць вырашаныя. Але я паўтараю: гэта не адзіны аспэкт, які павінен вызначаць узровень летувіска-польскіх адносін. Калі па іншых праблемах нашы пазыцыі наблізяцца, то бок мы дасягнем узаемаразуменьня, то й тыя праблемы таксама будуць вырашаныя натуральным чынам - без напружаньня. Мы хочам выпрацаваць лепшую атмасфэру. Я казаў пра гэта на сустрэчы з прадстаўнікамі новага польскага ўраду й прэзыдэнта. Дарэчы, я правёў плённую сустрэчу зь міністрам Кшыштафам Шчэрскім з Канцылярыі прэзыдэнта. Мы дамовіліся стварыць добры плян для вырашэньня праблем, беручы пад увагу, што ёсьць зьнешнія сілы, якія хочуць нас падзяліць”, - заявіў міністар замежных спраў Летувы Лінас Лінкявічус у размове з выданьнем „Rzeczpospolita”.
аз