Logo Polskiego Radia
Print

У ПіС гатовыя ўжо законапраекты зьменаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.10.2015 14:22
Галоўныя крытэры падбору міністраў ва ўрад: сумленнасьць, працавітасьць і кампэтэнтнасьць.

Учора сталі вядомыя афіцыйныя вынікі выбараў у Польшчы. Яны пацьвердзілі, што Права і справядлівасьць зможа самастойна сфармаваць новы ўрад. Друкаваныя выданьні шмат пішуць пра пляны новай кіруючай эліты краіны. Dziennik Gazeta Prawna прыводзіць словы кіраўніка парлямэнцкай фракцыі ПіС Марыюша Блашчака наконт крытэраў падбору міністраў ва ўрад: сумленнасьць, працавітасьць і кампэтэнтнасьць.

У партыі няма яшчэ гатовага складу рады міністраў, але ёсьць гатовыя законапраекты. Самы важны – фінансавая дапамога па 500 злотых на другое і кожнае наступнае дзіця, а таксама на першае ў бедных сем’ях. Партыя хацела б таксама ўвесьці бясплатныя лякарствы для пажылых людзей і панізіць падатак для малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

У партыі ёсьць большасьць у парлямэнце, але невялікая. Таму, каб мець большую перавагу ў Сэйме, групоўка магла б увайсьці ў кааліцыю з іншай партыяй. Такі варыянт ПіС стараецца не браць пад увагу, каб пазьней выбарцы не казалі, што яна чагосьці не зрабіла, паколькі кааліцыянт быў супраць.

Рэалізацыя перадвыбарчых абяцаньняў будзе каштоўнай. Адкуль узяць грошы? Праекты законаў, якія павышаюць даходы дзяржавы, напрыклад, дзякуючы падатку на дададзеную вартасьць, ужо гатовыя, – гаворыць Марыюш Блашчак.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт