Logo Polskiego Radia
Print

Урад заняўся рэпатрыяцыяй

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.09.2015 13:38
  • repatriacja.mp3
Прэм'ер-міністар кажа пра 30 млн., прызначаных на вяртаньне палякаў з-за мяжы.

/

Дзякуючы хвалі бежанцаў, якія імкнуцца атрымаць у Эўропе прытулак, у Польшчы вярнулася ў павестку дня пытаньне рэпатрыяцыі – вяртаньня на Айчыну палякаў, продкі якіх былі калісьці сасланыя ў Сыбір ды Казахстан. Прыхільнікі рэпатрыяцыі пытаюцца, чаму Польшча намерана прымаць чужынцаў, а забывае пра сваіх?

У выніку сталінскіх чыстак у Казахстан трапілі сотні тысяч людзей польскага паходжаньня пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны. Ссылкі пачаліся нават раней, ужо ў 1936 годзе, пазьней было толькі горш. Бальшавікі пазначалі на мапе Казахскай ССР пункты, дзе засноўваліся цэлыя вёскі сасланымі туды палякамі.

Пасьля таго, як Польшча стала незалежнай дзяржавай, розныя ўрады прадпрымалі спробы прыняцьця праграмы вяртаньня палякаў з былога СССР. Тым ня менш, ніколі гэты працэс ня быў масавым. Уся праблема, як звычайна, у грошах. Каб асоба польскага паходжаньня магла пасяліцца ў Польшчы, яна павінна атрымаць запрашэньне ад гміны, якая дасьць ёй кватэру й утрыманьне. А гмінаў, жадаючых прыняць палякаў з-за мяжы, усё менш.

Дыскусія аб бежанцах аўтаматычна выклікала дэбаты пра вяртаньне палякаў. Чаму польская дзяржава прымае чужынцаў, а ня можа вярнуць сваіх? Справаздача Вышэй кантрольнай палаты сьведчыць аб тым, што ўрадавая адміністрацыя не ў стане падрыхтаваць эфэктыўную сыстэму юрыдычных, фінансавых і арганізацыйных працэдураў па пытаньні рэпатрыяцыі.

Перад выбарамі польскі ўрад стараецца палепшыць свой імідж. Прэм’ер-міністар Эва Копач паведаміла ўчора пра рашэньне Рады міністраў выдзеліць 30 млн. злотых з агульнага рэзэрву на праграму рэпатрыяцыі. Гэтыя сродкі павінны быць унесеныя ў дзяржбюджэт на будучы год. Эва Копач спадзяецца, што праграма будзе працягнутая ў будучых гадах.

Э. Копач: Я б хацела, каб яна стала цыклічнай праграмай, якая будзе ажыцьцяўляцца цягам наступных гадоў. Трэба, каб мы ня толькі казалі, што прыхільна ставімся да палякаў з усходу, якія хацелі б вярнуцца на Айчыну, але рэальна гэта рабілі. Яшчэ перад завяршэньнем тэрміну паўнамоцтваў мы прадставім вялікую праграму рэпатрыяцыі палякаў з-за мяжы. І гэтая праграма будзе ўзятая пад увагу ў бюджэце, які мы прымем заўтра.

Гаворка ідзе як правіла пра асобаў польскага паходжаньня, якія пражываюць у Казахстане, паколькі ім цяжэй за ўсё жывецца ў вялікай адлегласьці ад Польшчы, – адзначае міністар адміністрацыі і аблічбоўкі Анджэй Галіцкі.

А. Галіцкі: Перш за ўсё з Казахстану, паколькі гэтая група нашых суайчыньнікаў найбольш пакутуе ад вялікай адлегласьці, якая аддзяляе іх ад Польшчы. Палякі за нашай усходняй мяжой – ва Ўкраіне, у Беларусі – могуць атрымаць Карту паляка, ім на многа прасьцей утрымліваць сувязь з Айчынай. Але трэба сказаць, што мы ўжо цяпер не выкарыстоўваем сродкі, прызначаныя на рэпатрыяцыю. Сума, пра якую казала прэм’ер-міністар, прызначана на супрацоўніцтва з органамі самакіраваньня, якія павінны знайсьці такім палякам з-за мяжы працу, жыльлё, дапамагчы ім асымілявацца ў грамадзтве.

За апошнія 15 гадоў Польшча прыняла толькі каля 5 тыс. рэпатрыянтаў. Тым часам многія асобы польскага паходжаньня, якія пражывалі раней у Казахстане, выяжджаюць на пастаяннае месца жыхарства ў Расею. Як мінімум 20 тыс. палякаў выехала жыць у Расею ў рамках праграмы «Суайчыньнік». Там яны атрымліваюць жыльлё і працу, а цягам двух месяцаў таксама расейскае грамадзянства. За некалькі гадоў існаваньня праграмы ў Расею прыехала каля 300 тыс. асобаў. Скарыстацца магчымасьцю пераезду могуць ня толькі расейцы, якія калісьці выехалі за мяжу, але таксама ўсе тыя, хто нарадзіўся на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, ведае расейскую мову і адчувае сувязь з расейскім народам і яго культурай.

У рамках праграмы расейская дзяржава прапануе ня толькі дах над галавой, мэдычную страхоўку, працаўладкаваньне і бясплатную адукацыю. Такі чалавек атрымлівае таксама аднаразовую дапамогу і цягам паўгода сацыяльную дапамогу. Шматлікія польскія сем’і выехалі ў Расею, паколькі там яны бачаць сваю будучыню. Многія маладыя палякі ў Казахстане ўжо ня ведаюць польскай мовы або слаба ёй валодаюць. І таму аказваецца, што для іх новай Айчынай становіцца Расея, а не Польшча, якая часта адварочваецца да іх сьпіной.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт