Палякі падлічылі ўзровень мінімальных даходаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
24.09.2015 12:51
Для сям'і з трох чалавек ён складае каля 700 даляраў.
Нават 40% сем’яў у Польшчы жыве ніжэй за мінімальны сацыяльны ўзровень. Інстытут працы і сацыяльнай палітыкі падлічыў, колькі складае ў краіне сацыяльны мінімум даходаў – піша Rzeczpospolita. Каб жыць больш-менш нармальна, трэба мець на сям’ю з двух дарослых і малога дзіцяці каля 700 даляраў (2661 злотых), на сям’ю з чатырох чалавек – 915 даляраў (3437 зл.), а на пяць чалавек – 1140 даляраў ЗША (4216 зл.). Гэта паказчык, колькі сям’я павінна атрымліваць кожны месяц, каб яна магла ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці – паехаць на танны адпачынак, мець тэлефон, самы танны абанэмэнт на тэлебачаньне, каб дзіця магло часам пайсьці ў кіно ці кавярню зь сябрамі, а дарослы мог сабе купіць праязны, каб езьдзіць на працу. Сацыяльны мінімум вышэйшы, чым пражытачны, які акрэсьлівае сапраўды самыя малыя сродкі, неабходныя для фізычнага выжываньня.
Паводле падлікаў адмыслоўцаў, у Польшчы каля 40% сем’яў жыве ніжэй за сацыяльны мінімум. Цяжэй за ўсе такім асобам жывецца ў малых населеных пунктах і вёсках. У вялікіх гарадах, напрыклад, у Варшаве, ёсьць больш магчымасьцяў атрымаць дапамогу. Акрамя таго, у вялікіх гарадах бедныя дзеці часьцей могуць скарыстацца магчымасьцю бясплатнага ўваходу на розныя культурныя мерапрыемствы.
Беднасьць як правіла перадаецца ў спадчыну. Бедныя дзеці ня езьдзяць на экскурсіі, не выяжджаюць на летні адпачынак. Сядзяць у дамах. Часта беднасьць зьвязана зь беспрацоўем. А дзецям з такіх сем’яў цяжка вырвацца з гэтага праклятага кола, яны самі ў дарослым жыцьці становяцца беспрацоўнымі. Таму важная праца асыстэнтаў сем’яў, якія вучаць дзяцей іншым паводзінам, каб яны ведалі, што беспрацоўе – гэта не адзіны спосаб пражыць жыцьцё.
Rzeczpospolita/нг