Logo Polskiego Radia
Print

Украіна: Калі дзяржава ў коме (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 29.08.2015 15:58
Рэпартаж пра тое, як працуе ўкраінскі валанцёрскі цэнтар «Фралоўская 9/11».

Майдан, захоп Крыму, вайна на Данбасе сталі велізарнай трагедыяй ды жыцьцёвай праблемай для мноства людзей ва Ўкраіне. Паводле падлікаў, за апошнія два гады ва Ўкраіне зьявілася больш за 2 мільёны ўцекачоў. Дзяржава не ў стане дапамагчы гэтым людзям. Гэтую функцыю ўзялі на сябе валанцёры. У адным з такіх цэнтраў мы пабывалі.

Гэта валанцёрскі цэнтар «Фралоўская 9/11» ад назвы вуліцы, дзе ён месьціцца ў Кіеве. Цэнтар створаны для дапамогі людзям з усходу Ўкраіны, якія вымушаныя былі пакінуць свае дамы ў выніку правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі, а таксама з-за анэксіі Крыму. Валанцёры цэнтру пры дапамозе неабыякавых жыхароў Украіны ды іншых дзяржаў імкнуцца дапамагчы тым, хто застаўся без дома ды найпрасьцейшых неабходных рэчаў у жыцьці.

На дадзены момант у базе цэнтру знаходзіцца каля 45 тысяч чалавек. У асноўным з Кіева ды вобласьці. Часам туды зьвяртаюцца людзі зь іншых рэгіёнаў. Мы нікому не адмаўляем – кажа адна з заснавальніц цэнтра, вядомая ўкраінская рэжысэрка Леся Літвінава.

/

Леся Літвінава: У нас ёсьць крытэры прадстаўленьня дапамогі. Напрыклад, прадуктамі бытавой хіміі ды пампэрсамі мы дапамагаем толькі першыя 45 дзён з моманту ад’езду. За гэта тэрмін можна перааформіць выплаты, выйсьці на працу, атрымаць запамогу, неяк уладкавацца ў гэтым жыцьці. Часам мы даем людзям яшчэ паўмесяца, разумеючы, што людзі не адразу пасьля прыезда кінуліся рабіць паперы. Мы разумеем, што ўсяго з сабой людзі ня могуць забраць. Таму посудам, мэбляй, пасьцельным мы дапамагаем даўжэй, незалежна ад даты ад’езду.

Людзі прыяжджаюць без вялікіх запасаў, кінуўшы ўвесь свой даробак, таму цэнтар дапамагае ўвесь час рознымі прадуктамі, у залежнасьці ад пары года.

Леся Літвінава: Людзі рэдка бяруць на запас. Летам бяруць летнія рэчы, восеньню - асеньнія, зімою пытаюцца пра зімовыя. Справа ў тым, што большасьць мае чамаданны настрой. Мала хто ўладкоўваецца на стала недзе ў адным месцы. Большасьць мяняе месца жыхарства, увесь час на чамаданах. Так жыць складана.

Валанцёрскі цэнтар «Фралоўская 9/11» пачынаўся зь ініцыятывы некалькіх асобаў, а цяпер разросься ў месца, куды людзі вяртаюцца ня толькі за матэрыяльнай дапамогай, але і духоўнай.

/

Леся Літвінава: Усе нашы валанцёры адзінадумцы. Многія прыходзяць да нас не за адзежай ці ежай, а дзеля размоваў. Многія сталі нашымі сябрамі. Калі ўсё пачыналася з валанцёрскай ініцыятывы 4 кіяўлянаў, то цяпер з намі працуюць ад 50 да 60 валанцёраў. Нехта прыходзіць рэгулярна, нехта раз на тыдзень. 90% – гэта людзі з Усходу.

Як доўга можна вытрымаць і працаваць у такіх умовах. Валанцёры не задаюць сабе гэтае пытаньне, але кажуць, што гэта будзе доўжыцца пакуль украінская дзяржава ня выйдзе з комы.

Леся Літвінава: Вы думаеце, што мы не аднойдземся ў гэтым жыцьці. Я вельмі хачу, каб перасяленцы скончыліся, і не таму што я ад іх стамілася. Праблема тут не ў іх, а ў непрацуючай дзяржаве. Усё гэта стане неактуальным тады, калі запрацуе дзяржава. Я гэтага моцна чакаю.

Украінская дзяржава мяняецца, але павольна. Таму ў бліжэйшыя гады дапамога валанцёраў будзе актуальнай.

/

Леся Літвінава: Сказаць, што дзяржава не мяняецца, было б маною. Яна мяняецца. Але гэты працэс ідзе павольна. У дзяржаўнай сыстэме ёсьць адэкватныя людзі, але няма стратэгічнага бачаньня. Дапамога, якую мы аказваем, гэта хуткая дапамога. Дзяржава, у прынцыпе, не павінна ёй займацца, але дзяржава павінна заняцца доўгатэрміновай праграмай. Што будзе з гэтымі людзьмі праз 3-5 год. Яны павінны разумець, дзе гэтыя людзі будуць жыць, дзе стварыць новыя месцы ў садках, школах, як будуць арганізаваныя пахаваньні. Наша дапамога неўзабаве скончыцца, можа яшчэ год-два. Людзі будуць забясьпечаны рэчамі першай неабходнасьці. Жытлом, адукацыяй, мэдыцынай людзей павінна забясьпечыць дзяржава. Я спадзяюся, што яна гэтым зоймецца.

Юры Ліхтаровіч

/

/

/

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт