Logo Polskiego Radia
Print

Планшэтныя дзеці

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.07.2015 16:46
Электронныя гаджэты дораць ужо вельмі маленькім дзецям, нават сямімесячным.

/

Ахвяры віртуальнага сьвету – пра дзяцей, узалежненых ад электронных гаджэтаў піша выданьне Newsweek Polska. Напрыклад, Аля: смартфон зь першага году жыцьця цяпер шасьцігадовай дзяўчынцы служыць ня толькі дзеля таго, каб яе супакоіць, але таксама каб заняць яе ўвагу падчас купаньня, ежы, пераапрананьня, пакупак, а нават у касьцёле.

Калі дзеці пачынаюць карыстацца тэлефонам, бацькі спачатку цешацца, што ў іх такія сучасныя патомкі. Але планшэтныя дзеці, як называюць іх спэцыялісты, горш спраўляюцца з нармальнымі штодзённымі праблемамі: значна больш пяцігадовых дзетак лепш умее карыстацца планшэтам, чым плаваць або завязаць шнуркі. І толькі нямногія ўмеюць самі насыпаць сабе мюслі ў міску і заліць малаком.
З узростам праблемы планшэтных дзяцей становяцца ўсё больш сур’ёзныя: паяўляецца раздражненьне, плач, бяссоньніца, здараецца, што дзеці кідаюцца на бацькоў у нападзе агрэсіі, б’юць галавой аб сьценку, калі хтосьці спрабуе ім абмежаваць час карыстаньня электронікай. Гэта падобны стан, як у алькаголіка, калі ў яго адабраць алькаголь.

Электронныя гаджэты дораць ужо вельмі маленькім дзецям, нават сямімесячным. Каляровы экран уцягвае дзяцей, яны вельмі хутка вучацца карыстацца планшэтам або смартфонам. Праблемы такіх планшэтных дзяцей не абмяжоўваюцца псыхікай. У іх назіраецца зьніканьне цягліцаў, атрофія суставаў. Нармальныя дзеці бегаюць на дзіцячай пляцоўцы, падаюць, устаюць, ідуць далей. А гэтыя далікатныя як лялечкі, пастаянна ім нешта баліць. У ЗША дзеці ва ўзросьце ад васьмі да дзесяці гадоў праводзяць каля 8 гадзін у дзень перад тэлевізарам, кампутарам ці планшэтам. Падлеткі – звыш 11 гадзін. У Польшчы такіх досьледаў няма, але і так адмыслоўцы кажуць, што дзеці праводзяць за экранам занадта многа часу. Малыя дзеці, да трох гадоў, не павінны карыстацца электроннымі прыладамі больш чым паўгадзіны ў дзень, старэйшыя, да 13 гадоў – ня больш за 2 гадзіны.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт