Logo Polskiego Radia
Print

Фотарадар не такі й страшны

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 14.07.2015 14:27
Кіроўцы аўтамабіляў зь Беларусі, Украіны й Расеі могуць не баяцца польскіх фотарадараў.

Кіроўцы аўтамабіляў зь Беларусі, Украіны й Расеі могуць не баяцца польскіх фотарадараў, паведамляе газэта «Rzeczpospolita».
У Польшчы ў сярэднім вадзіцель штодзясятага аўтамабіля, якому фотарадар зрабіў здымак падчас перавышэньня дазволенай хуткасьці альбо праезду скрыжаваньня на чырвоным сьвятлафоры, не заплаціць штраф. А таму, што гэта машыны на замежных нумарах, перш за ўсё зарэгістраваныя ва Ўсходняй Эўропе, паведамляе Галоўная інспэкцыя дарожнага транспарту Польшчы. У мінулым годзе амаль 150 тыс. фотаздымкаў, зробленых радарамі, трэба было выкінуць у сьметніцу, бо парушальнікамі аказаліся іншаземцы. Калі палічыць, што ў сярэднім памер аднаго штрафу гэта 250 злотых, то атрымаецца, што міма дзяржаўнага бюджэту штогод праходзіць 37,5 млн злотых (у пераліку гэта каля 9 млн эўра).
Парушэньні ПДР, зьдзейсьненыя іншаземцамі й зарэгістраваныя фотарадарамі, складаюць прыкладна 9% ад агулу парушэньняў. У мінулым годзе радары зрабілі 1,5 млн здымкаў.
На тэрыторыі Эўразьвязу ўладальніка аўтамабіля без праблем можна вылічыць паводле нумару. І калі, напрыклад, хуткасьць перавысіў грамадзянін Летувы, то штраф па пошце будзе накіраваны яму, для прыкладу, у Вільню. Беларусь, Расея, Украіна й іншыя дзяржавы, якія не ўваходзяць у склад Эўразьвязу, не ахопленыя базай дадзеных. Злосных парушальнікаў можна было б штрафаваць на мяжы падчас чарговага ўезду на тэрыторыю ЭЗ, аднак каб гэта рабіць патрэбны адпаведныя юрыдычныя нормы, якія адсутнічаюць.
У Польшчы ўстаноўлена 400 стацыянарных і 29 мабільных фотарадараў. На 20 скрыжаваньнях таксама ўстаноўленыя радары, якія робяць здымак у выпадку праезда аўтамабіля на чырвоным сьвятлафоры, паведамляе «Rzeczpospolita».

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт