Logo Polskiego Radia
Print

Разадзьмуты бюджэт прэзыдэнта

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.06.2015 14:16
У сёлетнім бюджэце на ўтрыманьне Канцылярыі прэзыдэнта выдзелена 168 млн злотых.

Прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі, у якога завяршаецца тэрмін паўнамоцтваў, зьяўляецца чацьвёртым па ліку найдаражэйшым ва ўтрыманьні кіраўніком дзяржавы ў Эўропе. Больш за яго выдаткоўваюць толькі прэзыдэнты Італіі й Францыі ды брытанская каралева, канстатуе тыднёвік „Wprost”, які праверыў, на што Канцылярыя прэзыдэнта РП выдаткоўвае свае сродкі.

У сёлетнім бюджэце на ўтрыманьне Канцылярыі прэзыдэнта выдзелена 168 млн злотых (гэта больш за 40 млн эўра). Гэта амаль столькі ж, колькі ў мінулым годзе, прычым гэта не рэкордная сума. Цягам пяцігадовага тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Браніслава Камароўскага былі й большыя бюджэты.

Вядома, што грошы не ідуць непасрэдна ў прэзыдэнцкі партфэль. Ён сам зарабляе 14 тысяч злотых у месяц (больш за 3 тысячы эўра).

Шмат, то бок амаль 8 мільёнаў эўра, паглынаюць зарплаты для 400 супрацоўнікаў. На ўтрыманьне аб'ектаў Канцылярыі прэзыдэнта прызначаецца амаль 17,5 мільёна эўра. Апрача будынка Канцылярыі на Вейскай вуліцы гаворка ідзе таксама пра тры прэзыдэнцкія вілы: у Вісьле (на поўдні Польшчы), у Цехацінку (на поўначы краіны) і на паўвысьпе Хэль (на ўзьбярэжжы Балтыкі).

Апрача ўтрыманьня ўласных гістарычных рэзыдэнцый прэзыдэнт Польшчы таксама выдаткоўвае больш за 7 мільёнаў эўра ў год на ахову помнікаў Кракава. З 1990 году згодна закону ён мае такі абавязак.

Даволі шмат, то бок больш за 1 мільён эўра, ідзе на вытворчасьць дзяржаўных узнагарод - мэдалёў й ордэнаў за заслугі для радзімы. Амаль 3 мільёны эўра ідзе на Бюро нацыянальнай бясьпекі. 55 тысячаў эўра - на ўтрыманьне офісаў і пэнсіяў былых прэзыдэнтаў. Больш за 700 тысячаў эўра – гэта сродкі на замежныя паездкі кіраўніка Польшчы.

Тыднёвік „Wprost” дадае, што калі Браніслаў Камароўскі ўступаў на пасаду прэзыдэнта ў 2010 годзе, бюджэт Канцылярыі прэзыдэнта складаў 37,5 млн эўра. Гэта значыць, што падчас тэрміну ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў сродкі на канцылярыю расьлі ў сярэднім на 600 тысяч эўра ў год.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт