Час тэрору ў Расеі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
11.03.2015 11:53
Пытаньне толькі ў тым, наколькі масавыя будуць рэпрэсіі і хто будзе наступны пасьля Нямцова.
Прыйшоў час тэрору – пад такім злавешчым загалоўкам выданьне Wprost друкуе інтэрвію з маскоўскім палітолягам і філёзафам Андрэем Акарам. Забойства Барыса Нямцова стане такім жа рубіконам для Расеі, як забойства Джона Кэнэдзі ў ЗША. Дагэтуль да канца невядома, хто стаяў за забойцамі Кэнэдзі, паяўляюцца новыя вэрсіі, напісаныя кнігі. Але ў расейскім забойстве намнога больш фантастыкі.
Нямцоў ня граў першай скрыпкі ў палітыцы, але быў у нейкай ступені гарантам стабільнасьці. Толькі ён мог крытыкаваць улады, адкрыта лаяць Пуціна. І да гэтага часу яму гэта ўдавалася. У Крамлі яго не любілі, але і шанавалі. Гэта ж ён калісьці мог стаць пераемнікам Барыса Ельцына. Ён ствараў ілюзію дэмакратыі, плюралізму думак. Цяпер рэжым Пуціна будзе ўсё больш радыкальны. Пытаньне толькі ў тым, наколькі масавыя будуць рэпрэсіі і хто будзе наступны. Магчыма, папулярная тэлевядучая Ксенія Сабчак.
Ці ў Расеі магчымы Майдан? Не, падобны да кіеўскага пратэст тут ня здарыцца. Чаму тады ўлада так гэтага баіцца і стварае Антымайдан? Улады баяцца ўсіх праяваў грамадзянскай актыўнасьці, акрамя таго, гэта элемэнт антыўкраінскай прапаганды. Антымайдан – гэта спосаб выкарыстаць гіганцкую агрэсію і злосьць, якія паявіліся ў людзях пад уплывам прапаганды, а таксама адцягнуць увагу людзей ад сапраўдных праблем. Расея вялікімі крокамі ідзе да фашызму. Але такім чынам Крэмль можа трапіць ва ўласную пастку. У гэтай кампаніі вельмі многа “вэтэранаў” вайны на ўсходзе Ўкраіны. На іхнюю думку, Пуцін – слабак, які не дабіў кіеўскую хунту. Для іх больш адпаведны лідар – такі, як Ігар Стралкоў. Але гэта ўжо ня будзе Mайдан, гэта будзе крывавы і дзікі бунт.
Wprost/нг