Шоп-туры ва Ўкраіну
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
06.03.2015 12:28
Польшча перастала вабіць беларусаў цэнамі, цяпер найлепшы кірунак - Украіна.
Шоп-туры беларусаў ва Ўкраіну цяпер вельмі папулярныя сярод жыхароў памежных рэгіёнаў краіны. Пасьля дэвальвацыі грыўны цэны ва Ўкраіне ў два-тры разы ніжэйшыя, чым у Беларусі – чытаем у Gazeta Wyborcza.
Беларускія цягнікі, якія едуць ва Ўкраіну, бітком набітыя. Няма ня толькі сідзячых, але часам нават і стаячых месцаў.
Нягледзячы на вайну і праблемы з эканомікай, Украіна раптоўна стала вельмі прывабнай для беларусаў. Мяса і сала там можна купіць удвая таньней, яблыкі таньнейшыя на 40-50%, бытавая хімія – на 30-40%.
Раней папулярныя былі падарожжы ў Польшчу, але пасьля дэвальвацыі рубля польскія крамы сталі дарагія, а грыўна таксама абясцэнілася.
Беларусы глядзяць расейскае тэлебачаньне, якое дэманізуе Ўкраіну. Цяпер многія маюць магчымасьць самі пераканацца, як выглядае жыцьцё ў суседзяў.
Пасьля Майдану людзі, якія глядзелі расейскае тэлебачаньне, баяліся ехаць ва Ўкраіну, - нагадвае беларускі журналіст з Гомеля Анатоль Гатоўчыц. Цяпер сытуацыя зьмянілася. Беларусы едуць і бачаць, што ў памежных рэгіёнах людзі жывуць зусім нармальна. Цяпер нават сьмяюцца з тых, хто застаецца пад уплывам сродкаў масавай інфармацыі й усё яшчэ баіцца туды ехаць.
Gazeta Wyborcza/нг