На пачатку году прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі падпісаў закон аб карце вялікай сям’і. Такія карты даюць розныя льготы бацькам і дзецям зь сем’яў, у якіх трое і больш дзяцей. Карты існавалі і раней, але нядаўна ўрад увёў Нацыянальную карту, а цяпер яна замацаваная законам. Польскі прэзыдэнт, які сам бацька пецярых дзяцей, выступае таксама з іншымі ініцыятывамі, якія павінны павысіць нараджальнасьць у Польшчы.
У шматдзетных сем’ях жыве амаль 3,5 млн чалавек у Польшчы. Але колькасьць такіх сем’яў зьмяншаецца. Калі некалькі дзясяткаў гадоў таму ніхто б не назваў шматдзетнай сям’ю, у якой трое дзяцей (бо гэта была норма), то цяпер, калі ў сям’і нараджаецца трэці патомак, яна афіцыйна становіцца шматдзетнай. Карта вялікай сям’і стала нацыянальнай пасьля таго, як такія дакумэнты пачало ўводзіць усё больш муніцыпальных ворганаў ва ўсёй краіне – падкрэсьлівае Ірэна Вуйціцка з Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы.
І. Вуйціцка: Гэта ініцыятыва, якая ідзе зь нізоў. І добры прыклад, як на дзяржаўным узроўні можна падтрымаць супрацоўніцтва розных груп інтарэсаў – самаўрадаў, сем’яў і бізнэсу. У Польшчы дзейнічае ўжо каля трохсот муніцыпальных картаў вялікай сям’і, якія выдаюцца на мясцовым узроўні. Нацыянальная карта дае сем’ям таксама льготы на праезд на цягніках, што можа павысіць зацікаўленьне картай.
Чарговая прапанова прэзыдэнта, якая яшчэ не ўвайшла ў сілу – гэтак званы сямейны закон. Так гаворыцца пра зьмены ў Працоўным кодэксе. Пакуль што ідуць грамадзкія кансультацыі, а неўзабаве законапраект будзе ўнесены на разгляд дэпутатаў польскага Сэйм.
І. Вуйціцка: Пра гэтую ініцыятыву прэзыдэнта гаворыцца ўжо даўно. Закон, які павінен увесьці зьмены ў Працоўны кодэкс, дапаможа маладым бацькам спалучаць бацькоўства з прафэйсійнай дзейнасьцю, а гэта самае важнае ў палітыцы падтрымкі нараджальнасьці. У Польшчы цяжка, у параўнаньні з іншымі краінамі, спалучаць гэтыя ролі. А нельга забываць, што абсалютная большасьць дзяцей гадуецца ў дамах, дзе абодва бацькі працуюць. Тут важныя розныя аспэкты, у тым ліку разьвіцьцё апекі ў дашкольных установах, але мы зьвяртаем увагу перш за ўсё на зьмены ў Працоўным кодэксе, каб бацькам было прасьцей знайсьці час і на працу, і на выхаваньне дзяцей.
Гэта асабліва важна для жанчын, якія пасьля нараджэньня дзіцяці часта ня могуць вярнуцца на рынак працы, паколькі ім няма з кім пакінуць дзіця – бабуля яшчэ працуе, не жадае або ня можа па стане здароўя заняцца ўнукам, няма месца ў ясьлях. І мама застаецца дома, у выніку ёй цяжэй пазьней знайсьці працу, у яе будзе нізкая пэнсія.
І. Вуйціцка: У нас адносна невысокі паказчык працаўладкаванасьці жанчын, асабліва тых, якія нарадзілі нядаўна дзіця. Ім вельмі цяжка вярнуцца на рынак працы з увагі на арганізацыю часу працоўнага дня, недахоп месцаў у ясьлях, садках. Калі мы гаворым, што прасямейная палітыка павінна ліквідаваць тыя бар’еры, з-за якіх маладыя людзі не рашаюцца нараджаць дзяцей, то гэта вельмі істотная перашкода. Навуковыя дасьледаваньні паказваюць, што цяжкасьці ў спалучэньні бацькоўства з працай – гэта вельмі важны фактар падчас прыняцьця рашэньня аб дзіцяці, асабліва другім і наступным. Карацей кажучы, для бацькоў лічыцца тое, ці яны змогуць працаваць і забіраць дзіця з садзіка.
Перад тым, як законапраект быў прадстаўлены на афіцыйныя грамадзкія слуханьні, былі наладжаны перамовы з усімі зацікаўленымі бакамі – ня толькі супрацоўнікамі, прафсаюзамі, але таксама працадаўцамі і прадстаўнікамі ўраду, - падкрэсьлівае Ірэна Вуйціцка.
І. Вуйціцка: Мы размаўлялі з трымя бакамі – працадаўцамі, прафсаюзамі і прадстаўнікамі арганізацый бацькоў. Мы стараліся знайсьці такія рашэньні, якія адпавядалі б усім бакам. З аднаго боку гэты закон уводзіць больш элястычны час працы, але з другога боку, патрабуе ад бацькоў, каб яны лепш плянавалі свой час працы, каб працадаўцы ведалі, што будзе ў фірме празь нейкі час. Каб ведалі, скажам, калі бацька або маці пойдуць у водпуск па апецы над дзіцём, што яны ня вернуцца нечакана з гэтага адпачынку. Мы пастараліся ўзяць пад увагу аргумэнты ўсіх бакоў. Перамовы былі вельмі канструктыўныя.
Законапраект уводзіць паняцьце “сямейны абавязак” – гэта кожны абавязак працаўніка, зьвязаны з апекай над дзецьмі або старэйшымі асобамі. Калі новы Працоўны кодэкс будзе прыняты Сэймам, то працаўнікі атрымаюць большыя магчымасьці спалучаць прафэсійную дзейнасьць са сваімі сямейнымі абавязкамі.
нг