Logo Polskiego Radia
Print

Ці адмовіцца Грузія ад Эўропы?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.12.2014 18:21
  • Ці адмовіцца Грузія ад Эўропы.mp3
Запаволеньне рэформаў і перасьлед праэўрапейскіх палітыкаў выклікаюць непакой – кажа былы намесьнік міністра замежных справаў Грузіі Сэргі Капанадзэ.
Фота: tsn.uaФота: tsn.ua

Тбілісі запавольвае эканамічныя рэформы і ўжо не выказвае ранейшай рашучасьці інтэгравацца ў Эўразьвяз і NATO. У якім кірунку дрэйфуе Грузія пасьля Міхаіла Саакашвілі? Пра гэта нам распавядае дэкан Школы кіраваньня Каўкаскага ўнівэрсытэта, былы намесьнік міністра замежных справаў Грузіі Сэргі Капанадзэ.

У апошнія месяцы Эўразьвяз з непакоем назіраў, як з грузінскага ўраду былі выдаленыя ўсе празаходнія міністры. У пачатку лістапада прэм’ер Грузіі Іраклі Гарыбашвілі пазбавіў пасады міністра абароны Іраклія Аласанія. Усьлед за ім у адстаўку падалі міністар замежных справаў Мая Панджыкідзэ й міністар эўраінтэграцыі Алексі Перыяшвілі. У жніўні суд у Тбілісі выдаў ордэр на арышт былога прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі. У турме ўжо знаходзяцца некалькі яго высокапастаўленых паплечнікаў.

Урад партыі “Грузінская мара” зводзіць рахункі з палітычнымі апанэнтамі, і такое “правасудзьдзе” вельмі перашкаджае эўрапейскай інтэграцыі – кажа былы намесьнік міністра замежных справаў Грузіі Сэргі Капанадзэ.

/

С. Капанадзэ: Тбілісі цяпер праводзіць рэпрэсіі супраць апазыцыянэраў. І гэта бачна ня толькі на прыкладзе “Адзінага нацыянальнага руху” Саакашвілі, але й на прыкладзе спадара Аласанія, які раней удзельнічаў ва ўладнай кааліцыі, а цяпер таксама знаходзіцца ў апазыцыі. Адносіны да палітычнай апазыцыі – гэта самая галоўная праблема ў стасунках з Эўрапейскім зьвязам. Калі ўрад будзе працягваць гэтую палітыку – то я вельмі скептычна стаўлюся да пэрспэктываў эўраінтэграцыі Грузіі.

У кастрычніку 2012 года партыя “Грузінская мара” перамагла на выбарах “Адзіны нацыянальны рух” тагачаснага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі. Галоўнай палітычнай фігурай краіны стаў лідар “Грузінскай мары” мільярдэр Бідзіна Іванішвілі. Аднак ужо праз год ён вырашыў пакінуць урад і прэм’ерам стаў Іраклі Гарыбашвілі. Чаму лідар “Грузінскай мары” вырашыў сысьці з пасады, і хто насамрэч кіруе Грузіяй?

С. Капанадзэ: Адказ вельмі просты – Бідзіна Іванішвілі. Ён нават не хавае гэтага. Іраклі Гарыбашвілі поўнасьцю падпарадкоўваецца спадару Іванішвілі. Чаму Іванішвілі вырашыў сысьці з пасады прэм’ера? Таму, што так яму нашмат лягчэй кіраваць. Калі чалавек афіцыйна не зьяўляецца прэм’ерам, на яго вельмі цяжка ўскласьці віну за правалы ў палітыцы, у тым ліку эканамічнай.

Пасьля адыходу ад улады Міхаіла Саакашвілі грузінскі ўрад вырашыў наладзіць адносіны з Расеяй. Аднак гэтая тактыка не прывяла да добрых вынікаў – кажа Сэргі Капанадзэ.

С. Капанадзэ: Мы сталі больш залежнымі ад Масквы ў эканамічным пляне. У 2012 годзе экспарт Грузіі ў Расею не перавышаў 3%. Усяго за 2 гады ён вырас да 10%. Гэтая тэндэнцыя паказвае, што залежнасьць ад расейскага рынку надалей будзе расьці. Расея мае ўсё больш інструмэнтаў ціску на нас. Эмбарга альбо гандлёвыя санкцыі становяцца рэальнай пагрозай. Другая праблема заключаецца ў тым, што ўлады разам са зьмяненьнем рыторыкі перасталі падымаць на міжнародных форумах праблему Абхазіі й Паўднёвай Асэтыі. Нашая праблематыка зьнікла з павесткі дня Эўразьвяза й ЗША.

Ці працягвае урад Грузіі эканамічныя рэформы? Ці не пагражае краіне эканамічны застой і скатваньне ў карупцыйнае балота? Вяртаньне карупцыі Грузіі не пагражае, але эканамічныя праблемы напэўна зьявяцца – кажа грузінскі дыплямат.

С. Капанадзэ: Ня думаю, што карупцыйнае балота ў бліжэйшы час нам пагражае. За апошнія 10 гадоў мы змаглі памяняць псыхалёгію людзей. Што тычыцца эканомікі – то тут наш урад дапускае вялікія памылкі. Тая палітыка, якую ён вядзе ў стасунку да турызму й інвэстцыяў – проста разбуральная. Урад прыняў міграцыйную рэформу, у выніку якой турыстычны паток скароціцца. У лістападзе гэтага году ўпершыню за 10 гадоў колькасьць турыстаў у краіне зьнізілася на 3%. Гэты ўрад лічыць сябе сацыял-дэмакратычным. Ён траціць грошы, якіх у яго няма. Ён бярэ вельмі шмат крэдытаў. Калі скарачаюцца інвэстыцыі, калі эканоміка не расьце, вельмі цяжка падтрымліваць такія сацыяльныя выплаты. Так што наступны год у нас будзе цяжэйшым.

Ёсьць сур’ёзная небясьпека таго, што грузінскія ўлады зьменяць зьнешнепалітычны курс і адмовяцца ад эўрапейскай інтэграцыі – лічыць Сэргі Капанадзэ. Аднак незадаволенасьць насельніцтва палітыкай сёньняшняга ўраду расьце. Увосень 2016 году ў Грузіі адбудуцца парлямэнцкія выбары. Калі праэўрапейскія сілы змогуць аб’яднацца, яны маюць шанс перамагчы – падсумоўвае грузінскі экспэрт.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт