Ці робат адбярэ ў нас працу?
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
02.12.2014 09:16
Аўтаматызацыя працы найбольш шырока распаўсюдзіцца ў краінах Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы.
Ці робаты забяруць у людзей працу? Такім пытаньнем задаецца выданьне Newsweek Polska. Вугоршчына, Польшча ды Славаччына найбольш павінны баяцца наступленьня робатаў цягам бліжэйшых двух дзясяткаў гадоў.
Дасьледчыкі з Варшаўскага інстытуту эканамічных дасьледаваньняў падрыхтавалі аналіз тых галін эканомікі ў Эўропе, дзе назіраецца найбольшая пагроза аўтаматызацыі. На іхнюю думку, спакойна могуць спаць толькі тыя, чыя праца патрабуе арыгінальнасьці, крэатыўнага мысьленьня, а таксама дакладных рухаў пальцаў. У гэтую групу аўтары заносяць асоб на кіраўнічых пасадах, спэцыялістаў (па маркетынгу, праву, фінансах), аналітыкаў ды праграмістаў, настаўнікаў, лекараў, а таксама касмэтолягаў ды цырульнікаў.
Найбольш зьменаў адбудзецца ў жыцьці людзей, якія працуюць у адміністрацыі, харчовай галіне, а таксама касіраў, шахцёраў, манцёраў, кавалёў, а нават повараў. Працы можа ня быць таксама для кіроўцаў. Машыны, якія самі езьдзяць, ужо дапушчаны да руху ў некалькіх штатах ЗША. Мэрсэдэс працуе над грузвіком, у якім не патрэбны кіроўца. Праўда, у машыне будзе кабіна кіроўцы, але толькі дзеля таго, каб кіроўца мог умяшацца ў непрадбачанай сытуацыі.
Аўтаматызацыя працы найбольш шырока распаўсюдзіцца ў краінах Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы, а таксама ў Партугаліі, Гішпаніі ды Італіі. Дзе бясьпечней за ўсё? Тым, дзе сьпелыя эканомікі і рынкі працы – у багатых краінах Паўночнай Эўропы.
паводле Newsweek Polska/нг