Logo Polskiego Radia
Print

Новы музэй у Варшаве раскажа пра гісторыю габрэяў Беларусі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.10.2014 19:11
  • Новы музэй у Варшаве раскажа пра гісторыю габрэяў Беларусі.mp3
Прывілеі Вітаўта, валожынская ешыва, габрэйскі сойм – Музэй гісторыі польскіх габрэяў расказвае і пра мінулае габрэяў Беларусі.
Muzeum Historii Żydów PolskichMuzeum Historii Żydów Polskich

У аўторак у Варшаве быў урачыста адкрыты Музэй гісторыі польскіх габрэяў. Супэрсучасны музэй напэўна стане адным з самых папулярных турыстычных месцаў польскай сталіцы. А наведвальнікі зь Беларусі адкрыюць у яго залях шмат новага й цікавага пра сваю краіну. У падарожжа па шматвяковай гісторыі габрэяў на землях Вялікага Княства Літоўскага й Рэчы Паспалітай разам з супрацоўнікамі музэю запрашае Аляксандар Папко.

У музэі гісторыі польскіх габрэяў мы амаль ня ўбачым прывычных экспанатаў у вітрынах. Гэта мультымэдыйны музэй - гісторыю тут можна пачуць, убачыць, памацаць. Увайшоўшы да першай залі мы трапляем на вуліцу сярэднявечнага горада. Фрэскі на мурах паказваюць працу рамесьнікаў і гандляроў. Мы чуем галасы каралёў, які ўрачыста зачытваюць дадзеныя габрэям прывілеі.

/

У Польшчы габрэі зьявіліся ў 12 стагодзьдзі. Іх не замыкалі ў гета, як гэта рабілі ў Нямеччыне. Яны маглі свабодна займацца гандлем і рамяством, вызнаваць сваю рэлігію. Падаткі габрэі плацілі не гораду, а каралю. Праз 200 гадоў габрэйскія купцы пасяліліся і ў Вялікім Княстве Літоўскім – кажа супрацоўніца Музэя польскіх габрэяў Магдалена Даперальска.

/

М. Даперальска: Габрэі зьявіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пасьля Крэўскай уніі. Тут вы ўбачыце тры цікавыя дакумэнты. Гэта прывілей, які даў габрэям князь Вітаўт у 1388 годзе. Ён напісаны на трох мовах – лацінскай, польскай і старабеларускай. У гэтым прывілеі паўтораныя тыя самыя правы, якія некалі даў габрэям польскі кароль Баляслаў Пабожны ў 1264 годзе. Колькасьць габрэяў на землях Вялікага княства была малой, аднак праз пару стагодзьдзяў габрэйскае жыцьцё ў Літве расквітнела, пра што мы раскажам у наступнай залі – Paradisus Iudaeorum.

/

16 стагодзьдзе ў Эўропе – гэта час рэлігійных войнаў і ганеньняў на іншадумцаў. А ў Рэчы Паспалітай квітнела габрэйская культура, навука, гаспадарка. Колькасьць габрэяў тут дасягнула 700 тысячаў чалавек. Права зьбіраць падаткі ад габрэйскіх абшчынаў атрымалі ня толькі каралі, але й магнаты. Таму яснавяльможныя паны актыўна сялілі габрэйскіх купцоў і рамесьнікаў на сваіх землях.

Чым больш працавітых габрэяў жыве на землях магната, тым багацейшыя яго гарады, тым больш падаткаў ён зьбірае. Пра тое, як Рэч Паспалітая стала “габрэйскім раем”, распавядае супрацоўнік музэя Марыюш Ястшамб.

/

М. Ястшамб: Рэч Паспалітая была краінай шматрэлігійнай і шматнацыянальнай. Яе жыхары не вялі між сабой войнаў. На сьцяне гэтай залі мы бачым фрэскі з сынагогі ў Піньчаве, на поўдні Польшчы. Тут зьбіраўся габрэйскі Сойм чатырох зямель – Вялікапольшчы, Малапольшчы, Валыні й Падольля. На тэрыторыі Вялікага Княства быў свой габрэйскі сойм. Тое, што адрозьнівала габрэяў у польска-літоўскай дзяржаве ад іх братоў у іншых краінах – гэта самакіраваньне. Габрэі плацілі падаткі як цэлая этнічная група. Таму прадстаўнікі габрэйскіх супольнасьцяў павінныя былі сабрацца разам і вызначыць, хто колькі павінен плаціць.

Аднак войны другой паловы 17 стагодзьдзя з Масковіяй і Швэцыяй, а таксама крывавае паўстаньне Багдана Хмяльніцкага паклалі крэс “габрэйскаму раю”. Рэч Паспалітая ўступіла ў пэрыяд глыбокага заняпаду...

/

Прайшоўшы да наступнай залі, мы апынаемся на плошчы мястэчка 18 стагодзьдзя. Яго немагчыма ўявіць сабе без карчмы, якой кіруе габрэй. Чаму шляхта аддавала корчмы ў арэнду габрэям? Пра гэта нам распавядзе экскурсавод Катажына Якубовіч.

/

К. Якубовіч: Аддаваць корчмы ў арэнду мясцовым сялянам аказалася ня вельмі добрай ідэяй. Па-першае, яны ня ведалі рахункаводзтва й вельмі часта губіліся ва ўласных запісах. Па-другое, самі хутка сьпіваліся. А габрэі ведалі рахункаводзтва, бо хлопцы пагалоўна вучыліся ў школах. Па-другое, яны не злоўжывалі алькаголем, а па-трэцяе, за даўгі габрэйскага карчмара паручалася ўся яго абшчына.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай правы габрэяў былі моцна абмежаваныя. Царскія законы рэгулявалі кожны аспэкт іх жыцьця. Мікалай І загадаў браць у рэкруты габрэйскіх дзяцей з 12 гадоў. Колькасьць хлопчыкаў, якіх забіралі ў войска сярод габрэяў была амаль у паўтара разы большай за квоту сярод хрысьціянаў. Таму ня дзіўна, што габрэі падтрымлівалі ўсе паўстаньні супраць расейскай імпэрыі. Героем паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі быў ураджэнец Летувы Бэрэк Ёселевіч, які стаў на чале габрэйскага кавалерыйскага палка.

/

Аднак нават у царскай Расеі разьвівалася габрэйская навука й культура. Кожны з наведвальнікаў музэя можа адчуць сябе вучнем славутай Валожынскай ешывы. Гэтая школа для рабінаў была навучальнай установай сусьветнага ўзроўню – кажа Катажына Якубовіч.

К. Якубовіч: Гэтая школа зьбірала самых лепшых вучняў з усёй краіны й нават з замежжа. Сюды было вельмі цяжка патрапіць, а інтэнсіўную вучобу вытрымлівалі далёка ня ўсе. У гэтай залі мы можам убачыць фільм пра адзін дзень з жыцьця валожынскай ешывы, убачыць яе рэктара, студэнтаў. Выпускнікі валожынскай ешывы ня проста станавіліся рабінамі. Яны станавіліся вельмі ўплывовымі інтэлектуаламі, лідарамі народу. Шмат кіраўнікоў Ізраіля выйшлі ўласна адсюль.

/

Наступная заля музэю – гэта копія вуліцы міжваеннай Варшавы. У Польшчы 30-х гадоў габрэі сутыкаліся з праявамі нецярпімасьці ды абмежаваньнямі ў сыстэме адукацыі. Аднак габрэйскае жыцьцё квітнела ў Варшаве, Вільні, Наваградку, Берасьці ды іншых гарадах. Выдаваліся дзесяткі газэтаў і часопісаў, працавалі тэатры, школы, палітычныя партыі, арганізацыі сацыяльнай дапамогі.

З прасторнай варшаўскай вуліцы мы раптам трапляем у цесныя завулкі Варшаўскага гета...

/

К. Якубовіч: У гета ў розныя часы былі сагнаныя ад 300 да 460 тысячаў габрэяў. Тут, у гэтых цёмных цесных галерэях мы можам у мінімальнай ступені адчуць атмасфэру, якая панавала ў геце. Страшная цесната, голад, праца на немцаў. У такіх умовах часта выбухалі эпідэміі...

Пасьля вайны ад больш як трохмільённага габрэйскага насельніцтва Польшчы ў жывых засталіся ня больш за 300 тысячаў. Камуністычныя ўлады, як ня дзіўна, таксама пачалі ставіцца да габрэяў непрыхільна. Яны падтрымлівалі толькі “тытульную нацыю” не цярпелі ніякай асобнай нацыянальнай самасьвядомасьці. Габрэяў лічылі “пятай калёнай” Захаду й змушалі да эміграцыі.

Габрэйскае жыцьцё ў Польшчы стала адраджацца толькі пасьля дэмакратычных пераменаў 1989 года. Усё больш людзей сёньня адкрыта заяўляе пра сваё габрэйскае паходжаньне. У Варшаве, Кракаве ды іншых гарадах праводзяцца культурныя фэстывалі. Паміж Польшчай і Ізраілем наладжаныя актыўныя дыпляматычныя кантакты.

Габрэйскае жыцьцё паволі адраджаецца і ў Беларусі. Аднак музэя гісторыі беларускіх габрэяў мы дачакаемся ў Менску ня хутка. Таму ўсіх беларусаў, якія хочуць даведацца пра 700-гадовую гісторыю беларускіх габрэяў, мы запрашаем у музэй у Варшаву.

Аляксандар Папко

Вялікі
Вялікі князь Вітаўт гарантаваў габрэям недатыкальнасьць жыцьця і ўласнасьці, а таксама права вызнаваць сваю рэлігію.

Рэч
Рэч Паспалітую звалі "габрэйскім раем". У XVII стагодзьдзі колькасьць габрэйскага насельніцтва тут дасягнула 700 тысячаў.

Госьці
Госьці музэю могуць адчуць сябе вучнямі Валожынскай ешывы ці наведвальнікам вясковай карчмы...

Пярліна
Пярліна выставы - рэканструкцыя сынагогі ў заходнеўкраінскім мястэчку Гвозьдзец.

Падзел
Падзел Рэчы Паспалітай стаў вялікай драмай таксама й для габрэйскага народу.

Сьцяг,
Сьцяг, падораны "полькамі-ізраэліткамі з горада Каліша" паўстанцам генэрала Эдмунда Тачаноўскага 6 жніўня 1863 года.

У
У міжваеннай Польшчы, у тым ліку ў Вільні, Гародні, Берасьці віравала габрэйскае культурнае жыцьцё.

Амаль
Амаль усе габрэі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы былі забітыя нямецкімі нацыстамі ды іх падручнымі.

Наведвальнікі
Наведвальнікі Музэя польскіх габрэяў паўтараюць апошні шлях знакамітага пэдагога Януша Корчака й яго выхаванцаў з габрэйскага дзіцячага дому Варшавы.

У
У СССР і яго сатэлітах габрэяў пачалі лічыць "агентамі заходняга імпэрыялізму". Камуністычныя ўлады змушалі "сіяністычныя і клерыкальныя элемэнты" да эміграцыі.

Габрэйскае
Габрэйскае жыцьцё ў Польшчы пачало адраджацца толькі пасьля перамогі "Салідарнасьці".

Новы
Новы Музэй гісторыі польскіх габрэяў напэўна стане адным з самых папулярных турыстычных месцаў Варшавы.
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт