Гэта будзе адна з самых важных сустрэчаў лідараў краін-сябраў Паўночнаатлянтычнага пакту за апошнія гады. Праз два тыдні падчас саміту ў Ньюпорт ва Уэльсе можа быць прынятае рашэньне аб пашырэньні ваеннай прысутнасьці сілаў альянсу ва Ўсходняй Эўропе.
Паводле ваеннага публіцыста Анджэя Валентка, галоўнымі тэмамі саміту будуць новыя пляны пакту, датычныя абароны й павелічэньня прысутнасьці саюзных войскаў у Польшчы й краінах Балтыі.
Анджэй Валентэк: Сытуацыя ва Ўкраіне павінна паспрыяць некаторым рашэньням. Эскпэрты NATO многія гады наракалі, што альянс ня мае аднаго, канкрэтнага праціўніка. Некаторыя казалі, што такім праціўнікам зьяўляецца сусьветны тэрарызм, але яго цяжка было ахарактарызаваць. Зараз гэткі праціўнік паявіўся, таму гэта дасканалая нагода вярнуцца да асноваў, на падставе якіх быў створаны альянс.
У сваю чаргу, публіцыст часопіса „Узброеная Польшча” („Polska zbrojna”) Тадэвуш Врубэль лічыць, што рашэньне аб новых плянах абароны павінна суправаджаць неадкладнае павелічэньне ваеннай прысутнасьці ў саюзных краінах, якія зьяўляюцца памежнымі краінамі NATO.
„Гэтае пытаньне можа быць самым цяжкім для абмеркаваньня на маючым адбыцца саміце”, - дадае публіцыст.
Тадэвуш Врубэль: Гэта складаная справа, паколькі большасьць краінаў-сябраў Паўночнаатлянтычнага пакту маюць праблемы зь дзяржаўнымі бюджэтамі. Цяжка хутка знайсьці сродкі, выдзяліць зь дзяржаўнай казны дадатковыя мільярды. Трэба памятаць пра тое, што дыслякацыя войскаў або лягістычных базаў - гэта велізарныя кошты.
Польшча спадзяецца, што на верасьнёўскім саміце будуць прынятыя рашэньні, якія паспрыяюць больш актыўнай прысутнасьці саюзных войскаў у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
Міністар абароны Томаш Сямоняк лічыць, што гэта павінна праяўляцца, у прыватнасьці, у пастаянных вучэньнях саюзных войскаў у Польшчы ці разбудове лягістычных базаў - плацдарму войскаў NATO.
Саміт NATO ва Ўэльсе - гэта выпрабаваньне для альянсу, лічыць міністар нацыянальнай абароны Польшчы. Томаш Сямоняк падкрэсьлівае, што канфлікт ва Ўкраіне павінен прывесьці да істотных зьменаў у арганізацыі.
Перш за ўсё гаворка ідзе пра павелічэньне прысутнасьці саюзных войскаў у Польшчы.
Польшча будзе задаволена, калі саюзьнікі вырашаць, што ў Польшчы будуць праходзіць рэгулярныя манэўры, кажа Томаш Сямоняк.
Томаш Сямоняк: Спадзяюся, што па гэтай справе адбудзецца пералом ды мы пачнем будаваць прысутнасьць сілаў NATO ў Польшчы. Гаворка ідзе пра жаўнераў і пра інфраструктуру. Польшча гатовая фінансаваць зьвязаныя з гэтым праекты, як новыя лётнішчы, казармы, палігоны, склады ваеннай тэхнікі. Гаворка ідзе пра тое, каб у сытуацыі неабходнасьці дыслякацыі войскаў у Польшчы ці ва Ўсходняй Эўропе ваенная тэхніка прысутнічала ўжо на месцы.
Міністар Томаш Сямоняк лічыць таксама, што падчас саміту NATO ўдасца атрымаць згоду на ўмацаваньне корпусу „Поўнач-Усход”, які на працягу многіх гадоў дыслякуецца на тэрыторыі польскай дзяржавы.
Томаш Сямоняк: Гаворка ідзе пра тое, каб узровень баявой гатоўнасці гэтага корпусу быў такі, як і іншых корпусаў NATO – каб ён ня быў корпусам другой катэгорыі. На практыцы гэта будзе азначаць, што ён зможа ўдзельнічаць у розных апэрацыях альянсу. Мы хочам, каб пад кіраўніцтвам корпусу праходзілі розныя манэўры й апэрацыі ў Польшчы ды Цэнтральнай і Ўсходняй частцы Эўропы. Мы хочам таксама, каб яшчэ некалькі буйных краінаў увайшлі ў склад камандаваньня гэтага корпусу.
Ідэю супольных вучэньняў падтрымлівае таксама былы камандуючы сухапутнымі войскамі, былы намесьнік міністра абароны, генэрал Вальдэмар Скшыпчак:
Вальдэмар Скшыпчак: Заявы амэрыканскага боку, а таксама прэм’ера Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмэрана, які падтрымлівае ідэю дыслякацыі лягістычных базаў ва Ўсходняй Эўропе, сьведчаць пра тое, што прынамсі гэтыя дзьве краіны зробяць шмат для павышэньня верагоднасьці NATO й узроўню бясьпекі Польшчы. Маім меркаваньнем, рашэньні па гэтай справе будуць прынятыя ў Ньюпорце. Я глыбока веру ў гэта, што ў першую чаргу будуць прынятыя рашэньні па дыслякацыі ў Польшчы лягістычных базаў для войскаў NATO, якія ў выпадку неабходнасьці маглі б разьмяшчацца ў Польшчы. У наступнай чарговасьці гаворка пойдзе пра вайсковыя базы.
Польшча з самага пачатку абвастрэньня канфлікту ва Ўкраіне пераконвае, што трэба павялічыць узровень бясьпекі ўсходняга флангу Паўночнаатлянтычнага альянсу.
На польскія звароты найхутчэй адказалі амэрыканцы, якія ўжо цягам некалькіх тыдняў вучаць на польскіх палігонах дэсантныя войскі.
На вучэньні сваіх жаўнераў накіравалі таксама канадцы й французы.
Увосень у Польшчу на буйныя манэўры прыедуць тысячы жаўнераў зь краін-сябраў Паўночнаатлянтычнага пакту.
У канцы верасьня на некалькіх палігонах на тэрыторыі Польшчы пачнуцца самыя вялікія ў гэтым годзе вайсковыя вучэньні пад назвай „Anaconda 2014”. У іх прымуць удзел 12,5 тысяч жаўнераў, у тым ліку 750 ваенных з саюзных армій.
Манэўры пройдуць з 23 верасьня па 4 кастрычніка. Вайскоўцы будуць практыкавацца, між іншым, на палігонах у Ожышу, Драўску Паморскім, Новай Дэмбне, Устцы, а таксама на марскіх палігонах.
У вучэньнях, апрача польскіх жаўнераў, прымаюць удзел ваенныя з ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Летувы, Нідэрляндаў, Чэхіі, Вугоршчыны й Эстоніі. Зь Вялікабрытаніі й ЗША ў Польшчу прыбудуць дэсантныя адзінкі.
Апрача таго, над Польшчай паявяцца галяндзкія баявыя самалёты.
Мэтай сёлетніх манэўраў „Anaconda 2014” будзе праверка супрацы сілаў у рамках апэратыўнага камандаваньня.
аз