Logo Polskiego Radia
Print

Стратэгія для польскай анкалёгіі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.01.2014 20:00
Даход на жыхара складае 64% ад сярэдняга па ЭЗ, а на анкалёгію прызначаецца каля 30% ад сярэдняга паказчыку па Эўразьвязе.

Да канца гэтага году ў Польшчы плянуецца распрацаваць “Стратэгію для польскай анкалёгіі”. Над падрыхтоўкай дакумэнту працуе група звыш ста экспэртаў ў галіне анкалёгіі, грамадзкага здароўя, эканомікі, арганізацый адмыслоўцаў ды пацыентаў.

Падобную стратэгію для анкалёгіі прынялі каля 30 гадоў таму ў Злучаных Штатах Амэрыкі і 13 гадоў таму – у Францыі. Вынікам было хуткае й рашучае паляпшэньне рэзультатаў лячэньня анкалягічных захворваньняў.

Паказчыкі лячэньня рака ў Польшчы належаць да адных з найгоршых у Эўропе. І яны пагаршаюцца, нават у параўнаньні з новымі краінамі Эўрапейскага Зьвязу, ня кажучы ўжо пра старых сябраў, як Нямеччына ці Францыя. Сытуацыя часта парадаксальная – ёсьць высокай клясы тэхніка, якая стаіць без працы, паколькі закончыліся грошы зь лімітаў на выкарыстаньне абсталяваньня. Вось як ацэньваюць стан рэчаў пацыенты аднаго з гданьскіх шпіталей.

Пацыенты: Мне сказалі, што няма грошай. Два разы прынялі, а трэці – ужо не. Гэта проста кашмар.

Трагедыя для нас, пацыентаў. Адна жанчына з ракам казала мне, што ёй прыйшлося чакаць паўгоду. Ашчаджаюць на здароўі і жыцьці пацыентаў.

Мы езьдзім заўсёды з багажом, паколькі ніколі невядома, ці прыймуць у шпіталь, ці не. Трэба заняць чаргу й чакаць. Грошы выдзяляе той, хто пры ўладзе. Але навошта купляць дарагую тэхніку, калі яна стаіць і пыліцца, не працуе.

Сюды прыходзяць пацыенты, жыцьцё якіх знаходзіцца пад пагрозай. Што было б, калі б гэтых хворых не лячыць? У іх няма шанцаў выжыць. Клініка поўная пацыентаў увесь час. Пацыенты прыходзяць на хіміятэрапію, выходзяць.

Польскае Таварыства анкалёгіі напісала ліст па гэтым пытаньні ды прэзыдэнта Браніслава Камароўскага, прэм’ер-міністра Дональда Туска ды міністра здароўя Барташа Арлуковіча. У лісьце лекары прапануюць адмяніць ліміты на паслугі ў галіне лячэньня ракавых пухлінаў, - адзначае старшыня таварыства праф. Яцэк Ясэм.

Я. Ясэм: У польскай анкалёгіі шмат праблем, але ліміты – гэта рэч, з якой мы ня можам пагадзіцца. Калі ў нас абмежаваныя сродкі, бо ёсьць ліміты, мы адкладваем працэс лячэньня да таго часу, калі паявяцца грошы. Але ў анкалёгіі час – гэта самы важны фактар. У адрозьненьні ад іншых захворваньняў, рак не чакае. Мы ня можам сказаць пацыенту, каб прыйшоў праз паўгоду, калі атрымаем грошы. Але мы не патрабуем толькі сродкаў, мы хочам прапанаваць таксама розныя меры, якія дазволяць палепшыць вынікі лячэньня рака. Ніхто сур’ёзна не размаўляе, калі яму не прапануюць вырашэньня праблемы.

Служба аховы здароўя – гэта практычна бочка без дна. Яна прыйме кожныя сумы грошай. Асабліва калі гаворка ідзе пра сучасныя мэтады лячэньня, а такіх у галіне анкалёгіі нямала. Фармацэўтычныя кампаніі ўкладваюць агромныя сродкі ў распрацоўваньне новых лякарстваў для анкахворых, тэрапія такімі лекамі вельмі дарагая. Тым ня менш, у Польшчы на анкалёгію прызначаюць меншыя сродкі, чым, скажам, у Чэхіі і на Славаччыне.

Я. Ясэм: Польшча належыць да сямі краін ЭЗ, дзе выдаткі на анкалёгію самыя нізкія. Сярэдні даход на аднаго жыхара Польшчы складае 64% ад сярэдняга па Эўразьвязе, а на анкалёгію мы прызначаем каля 30% ад сярэдняга паказчыку па Эўразьвязе. Некаторыя зьдзіўляюцца, як увогуле можна нешта рабіць за такія сродкі. Але мы намераны зьвярнуць яшчэ ўвагу на тое, што нават гэтыя невялікія сумы можна было б выдаткоўваць больш рацыянальна.

Кожны чалавек, нават ня зьвязаны са службай аховы здароўя, разумее, што лячэньне ракавых захворваньняў найлепш пачынаць на раньняй стадыі разьвіцьця хваробы. Тады тэрапія намнога больш эфэктыўная і танная – на гэта таксама зьвяртаюць увагу анколягі ў сваім лісьце.

Я. Ясэм: Лячэньне хворага на пачатку хваробы намнога таньнейшае, часам нават у некалькі дзясяткаў разоў. Простая апэрацыя каштуе некалькі тысяч злотых, а калі хвароба разьвілася, то трэба яшчэ правесьці тэрапію вельмі дарагімі хімічнымі прэпаратамі. Акрамя гэтага, неабходна палічыць іншыя кошты – бюлетней на працы, магчымай інваліднасьці, кошты апекі над хворым для сям’і і г.д. Калі мы палічым толькі тое, што зэканомім 300 злотых на абсьледваньні, а не палічым іншых коштаў, то страляем сабе ў калена. Горшыя вынікі лячэньня рака ў Польшчы – гэта наступства горшай арганізацыі й горшага фінансаваньня.

Кожны год у Польшчы дыягназуецца каля 130 тыс. выпадкаў ракавых захворваньняў. Прыкладна 90 тыс. хаворых памірае. Пра стратэгію для польскай анкалёгіі распавёў Яцэк Ясэм, старшыня Польскага таварыства анкалёгіі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт