Logo Polskiego Radia
Print

У сьвяточны час самота больш балючая

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 28.12.2013 16:12
  • 0071C9CC.mp3
Самоты ня трэба баяцца, яе трэба палюбіць, кажа філёзаф Валянцін Акудовіч.


У калядна-навагодні пэрыяд шмат людзей адчувае ўнутраны крызыс і шукае або павінна шукаць дапамогі псыхоляга. Калі мэдыі на кожным кроку падкрэсьліваюць сямейны характар Калядаў і тую радасьць, якую дае нам прысутнасьць блізкіх людзей у сьвяты, усе тыя, хто ня месьціцца ў гэтым шаблёне, надзвычай балюча адчуваюць сваю самоту.

Пэрыяд калядных сьвятаў і Новага году – гэта цяжкі час для людзей, якія жывуць у адзіноце, і тыx, хто адчувае сябе адзінокім. У гэты час значна больш людзей, чым у любую іншую пару года, шукае прафэсійнай дапамогі, кажа сацыяльны псыхоляг, прафэсар Крыстына Скаржыньска.

К. Скаржыньска: Так адбываецца, імаверна, таму, што пры моцным націску на радасьць сьвяткаваньня са сваімі роднымі самотныя людзі, якія не прымаюць сваёй адзіноты, або тыя, хто нядаўна страціў блізкага чалавека, а такіх людзей сярод нас вельмі шмат, - яны яшчэ больш хваравіта перажываюць сваю страту.

Псыхоляг адзначае, што калі пачуцьцё самоты становіцца прычынаю вельмі дрэннага самаадчуваньня, то варта зьвярнуцца за прафэсійнай парадай. Яе можна знайсьці, напрыклад, тэлефануючы ў службы псыхалягічнай дапамогі, тэлефоны даверу або іншыя лініі дапамогі. Праблема, аднак, у тым, што гэтыя ўстановы, у большасьці, працуюць толькі па акрэсьленых днях і гадзінах.

У Польшчы ў сьвяточны час працуе тэлефон даверу для дзяцей і падлеткаў. Каардынатар лініі Люцына Кіціньска зазначае, што ў гэты час вельмі шмат тэлефанаваньняў ад маладых людзей і дзяцей. У сем'ях з праблемамі дзеці часта спадзяюцца, што ў Каляды здарыцца цуд.

Л. Кіціньска: Пасьля сьвятаў звоняць дзеці і расказваюць аб тым, што адбывалася, апавядаюць, што яны адчувалі, дзеляцца сваімі цяжкімі эмоцыямі. Нехта можа дзівіцца: „Што тэлефон даверу робіць у сьвяты і пасьля іх? Пэўна, адказвае на званкі дзяцей, расчараваныx падарункамі.” Гэта ня так. Да нас звоняць расчараваныя дзеці, бо сьвяты не прынесьлі чаканых, пазытыўныx зьменаў. Яны звоняць да нас з сумам і расчараваньнем, што гэта зноў ня здарылася.

Кансультанты тэлефону даверу спрабуюць размаўляць з такімі дзецьмі аб тым, што можна рэальна зьмяніць у іх жыцьці, каб не чакаць цуду.

Беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч зьвяртае ўвагу на тое, што чалавек адзінокі – гэта ненатуральная для яго пазыцыя.

В. Акудовіч: Мне няцяжка здагадацца, што вельмі многім людзям пачуцьцё самоты ўцяжар, бо тады чалавек застаецца сама-насам. Напоўніцу жыць атрымліваецца нямногім людзям. Чалавека прымушаюць ня думаць, а выконваць, а пачуцьцё самоты прымушае задумацца. Згадаем Арыстоцеля, што чалавек – сацыяльная жывёліна. Толькі ў статку ён знаxодзіць сябе і сваю паўнату. Чалавек у адзінкавым ліку – гэта не яго натуральная пазыцыя.

Самоты ня трэба баяцца, зь ёй можна пагадзіцца, яе можна палюбіць.

В. Акудовіч: Пачуцьцё самоты – самае лепшае, якоя я ведаю. У мяне няма больш любімага пачуцьця. Я называю яго адлюдзтвам. Трэба атрымліваць радасьць ад адзіноты, па-першае, а па-другое, нельга яе баяцца. Паспрабуйце яе палюбіць. Гэта зусім ня страшна, гэта проста цудоўна.

І калі нам удасца палюбіць самоту, то гэты стан ня будзе нас пужаць ні ў сьвяты, ні ў любы іншы час.

eb

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт