Хто заплаціць расейцам?
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
27.11.2013 11:38
Няма жадаючых плаціць рахункі
за шкоды, нанесеныя падчас Маршу Незалежнасьці.
Расея падлічыла страты сваёй амбасады ў Варшаве, рахунак на суму 11 тыс. даляраў трапіў у МЗС. Міністэрства замежных спраў пераслала рахунак ў мэрыю Варшавы, а тая хоча адправіць яго назад у міністэрства. Затое на рэканструкцыю падпаленай "Вясёлкі" ўжо распачаты збор сродкаў, інфармуе штодзёнка "Rzeczpospolita".
У выніку боек падчас Маршу Незалежнасьці пацярпелі, у прыватнасьці, вядомая сталічная ўстаноўка "Вясёлка" ды каравульная будка ля расейскай амбасады. Аказваецца, каменьне, ракеты ды фарба трапілі таксама на тэрыторыю амбасады. Быў пашкоджаны, у прыватнасьці, кавалак даху, плот, выбітыя тры вокны ў аўтамабілях дыпляматаў. Расейцы ацанілі страты і патрабуюць кампэнсацыі.
Падчас боек пад пасольствам таксама пацярпела паліцэйская будка, шкоды ацэньваюцца прыкладна ў 15 тысяч злотых.
- Гэтыя страты будуць пакрытыя за кошт страхоўкі, - кажа Марыюш Мрозэк са сталічнай Камэндатуры паліцыі.
Пазоў у суд супраць арганізатараў дэманстрацыі рыхтуе сталічная мэрыя, якая ацаніла свае страты ў 120 тыс. злотых.
эб