Logo Polskiego Radia
Print

Пакаленьне эмігрантаў

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 12.11.2013 08:10
  • 006E1710.mp3
Дзьве траціны маладых беларусаў хацелі б паехаць працаваць за мяжу

/

Як паказвае дасьледаваньне НІСЭПД, дзьве траціны маладых беларусаў гатовыя паехаць працаваць у іншую краіну. Гэтую ідэю падтрымалі амаль 62% апытаных беларусаў ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў. Маладыя людзі лічаць, што ў замежжы ў іх будзе больш пэрспэктыў, таму яны гатовыя зьехаць, як толькі зьявіцца такая магчымасьць.

Гатоўнасьць паехаць працаваць у іншую краіну выказалі 61,7% апытаных беларусаў ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў. Такія даныя дасьледаваньня „Моладзь Беларусі на рынку працы і ў сыстэме працоўных адносін", праведзенага вясной—улетку 2013 года Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД, Летува). Дасьледаваньне праводзілася пры падтрымцы Беларускага Шуманаўскага таварыства (Польшча).

Як адзначыў заснавальнік НІСЭПД сацыёлаг Алег Манаеў, вынікі дасьледавання сьведчаць пра высокую арыентацыю беларускай моладзі на замежжа. Калі сярод прадстаўнікоў старэйшых пакаленьняў у пошуках задавальняючага месца працы гатовыя паехаць у іншую краіну 27%, а не гатовыя 68,7%, то сярод моладзі гэтыя суадносіны амаль адваротныя: 61,7% супраць 33,4%.

Алег Манаеў: Гэтая тэндэнцыя зьвязаная з адсутнасьцю пэрспэктывы: прафэсійнай, эканамічнай, чалавечай, палітычнай – усялякай. Я б нават сказаў, што гэтая пэрспэктыва звужваецца, калі ўзяць апошнія 15-20 гадоў. І ўсё гэта зьвязана са звужэньнем жыцьцёвых пэрспэктыў.

Алег Манаеў лічыць таксама, што вынікі апытаньня сьведчаць ня столькі пра блізкасьць маладым беларусам заходніх каштоўнасьцяў і ладу жыцьця, колькі пра жаданьне зьбегчы далей ад беларускай рэальнасьці.

Беларускі філёляг, перакладнік і палітык Лявон Баршчэўскі зазначае, што такія тэндэнцыі ў грамадзтве ня могуць не выклікаць заклапочанасьці.

Л. Баршчэўскі: Увогуле тэндэнцыя вялікай рухомасьці і пераліву працоўнай сілы агульнаэўрапейская і агульнасусьветная. Вельмі шмат людзей зьехала з той самай Летувы. Але калі яны зьяжджаюць у Ірляндыю, яны не перастаюць там быць летувісамі. Аднак у нашым выпадку гэта больш небясьпечна, нашыя часта трацяць сувязь з радзімай. Гэты працэс, безумоўна, трывожны.

На гатовасьць да міграцыі непасрэдны ўплыў мае вельмі распаўсюджаны сярод моладзі погляд, што за мяжою ўсё лёгка прыходзіць, кажа псыхоляг Жана Міцкевіч. Яна таксама зьвяртае ўвагу на перакананьне моладзі аб шырэйшыx пэрспэктываx у замежжы.

Ж. Міцкевіч: Гатовасьць да міграцыі, па-першае, зьвязаная з тым, што маладыя людзі бачаць, што нават з вышэйшай адукацыяй сацыяльная ніша не дазволіць ім уладакавацца па прафэсіі. З другога боку, маладыя людзі лічаць, што там больш магчымасьцяў, таму яны адразу гатовыя ехаць за мяжу. Маўляў, там у іх будзе больш пэрспэктыў – з гэтым словам у іх зьвазана ўсё. У інтэрнэце яны зьвязваюцца з равесьнікамі. Ім цікава, як яны праводзяць час, як яны працуюць і што яны будуць мець у пэрспсэктыве. І безумоўна, гэтыя міжнародныя зносіны маюць таксама вялікі ўплыў на гэтае пытаньне. Вельмі распаўсюджаны погляд: „Як я туды паеду, я лёгка атрымаю”. Той, хто там працуе ўжо некалькі гадоў, разумее, што халявы няма, што трэба цяжка працаваць. Аднак, я лічу, што пры працавістасьці і жаданьні чагосьці дасягнуць, людзі ўладкоўваюцца там добра. Разам з тым гэта ставіць пытаньне аб тым, што трэба ствараць лешыя ўмовы для моладзі, якая б на сваёй зямлі магла б дабіцца тых пэрспэктыў, аб якіx яна марыць.

Як адзначае сацыёляг Алег Манаеў, „нізкі ўзровень жыцьця ў краіне, беспэрспэктыўнасьць у працоўнай сфэры, залішняя зарэгуляванасьць працоўных адносін прыкметна сказілі прыярытэты жыцьцёвых каштоўнасьцяў насельніцтва, асабліва моладзі, накіраваўшы іх у мэркантыльны бок са стратаю для традыцыйныx агульначалавечыx”.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт